24 красавiка 2024, Серада, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыяна Мікульская: Трэба верыць і трэба рабіць

1
Дыяна Мікульская: Трэба верыць і трэба рабіць
Дыяна Мікульская

Што аб'ядноўвала «Хартыю'97», Народны ўніверсітэт і газету «Рабочы»?

Пра гэта сайту Charter97.org распавяла Дыяна Мікульская - дэмакратычная актывістка, былая выканаўчая дырэктарка газеты «Рабочы» і паплечніца аднаго з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97» Віктара Івашкевіча.

- Дыяна, давайце ўспомнім, як пачыналася 20 гадоў таму грамадзянская ініцыятыва «Хартыя'97». Першыя месяцы «Хартыя» ж працавала з офіса Свабоднага прафзвязу, дзе таксама размяшчалася рэдакцыя легендарнай газеты «Рабочы»?

- Так, пачыналася ўсё ў нашым офісе! Да нас у рэдакцыю «Рабочага» прыходзілі заснавальнікі «Хартыі», памятаю, як яны сядзелі разам з галоўным рэдактарам газеты Віктарам Івашкевічам, абмяркоўваліся планы, была прынятая пастанова стварыць такую ініцыятыву. Усе мы падпісалі тады дакумент «Хартыі», і першы час уся праца вялася ў нас. Вядома, гэта была падзея для нас вельмі важная.

Мы параўноўвалі нашу «Хартыю» з той «Хартыяй», што была падпісаная ў 1977 годзе ў Чэхаславаччыне, і ў нас былі вялікія надзеі. Мы хацелі зрабіць нешта вельмі вялікае, вельмі добрае, што потым, уласна, і атрымалася.

Было адчуванне, што пачнуцца перамены. Нам наогул здавалася тады, што яшчэ ледзь-ледзь і мы пераможам. Я часта думаю пра гэта цяпер, успамінаю, як мы спадзяваліся, што яшчэ трохі пастараемся і ўсё...

У РЭДАКЦЫІ ГАЗЕТЫ «РАБОЧЫ»

- «Хартыя» заснавала таксама Народны ўніверсітэт. Вы ж бралі актыўны ўдзел у гэтым праекце?

- Так. Народны ўніверсітэт - гэта была добрая праграма. Яна дзейнічала ў нас гадоў дзевяць. Кіраўнікамі гэтага ўніверсітэта былі Андрэй Саннікаў і Юрый Хадыка. Універсітэт працаваў ва ўсёй Беларусі і быў вельмі паспяховым. Збіраліся вялікія залы на лекцыі, што чыталіся нашымі людзьмі. Мы прыцягвалі вельмі добрыя кадры і ездзілі кожныя выхадныя па ўсёй краіне.

Я сама была там сакратаркай Народнага ўніверсітэта, мы супрацоўнічалі са структурамі БНФ, якія арганізоўвалі на месцах памяшканні і лекцыі нашых выкладчыкаў. Хадзіла вельмі шмат людзей, вельмі шмат моладзі. Яны потым дзяліліся ўражаннямі, што вельмі падабаўся ўзровень выкладання, і яны шмат чаго даведваліся. Таму гэта была вельмі добрая асветніцкая праграма, якая падабалася ўсім.

Я сама памятаю, як ездзіла ў Маладзечна. Нам там удалося сабраць залу ў гарсавеце, чалавек 200 прыйшло, і яны ў суботу з раніцы да вечара слухалі лекцыі, ніхто не сыходзіў. Вельмі шкада, што цяпер няма такога Народнага ўніверсітэта.

- А памятаеце, як Віктар Івашкевіч успрыняў стварэнне «Хартыі»?

- Віктар быў на ўздыме! Ён наогул быў вялікім аптымістам. Ён ніколі не думаў, што «ўсё прапала». У яго такога не было.

Віктар з вялікім задавальненнем і вялікай радасцю ўдзельнічаў у працы «Хартыі», верыў, што гэта ўсё зменіць.

Вялікая ўдзячнасць сайту Charter97.org за тое, што Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека носіць імя Віктара Івашкевіча. Гэта вельмі добрая памяць пра яго. Я думаю, што Віктар варты таго, каб такая прэмія была. Ён шмат зрабіў, быў адным з першых падпісантаў «Хартыі».

- Вы ўзгадваеце, што ў 1997 годзе верылі, што сітуацыя ў Беларусі неўзабаве зменіцца да лепшага. А цяпер верыце?

- Калі не верыць - дык не жыць. Сітуацыя змянілася, вядома. Але я ўдзельнічаю ва ўсім, выходжу на акцыі. Вядома, ужо не ў першых шэрагах, як калісьці з Віктарам, але калі мы не будзем выходзіць, не будзем рабіць - то што ж будзе? Трэба верыць і трэба рабіць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках