3 траўня 2024, Пятніца, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць ВНУ ў Беларусі могуць скараціць удвая

40
Колькасць ВНУ ў Беларусі могуць скараціць удвая
ФОТА: BILLA.BY

Экспэрты пракаментавалі чуткі аб магчымым скарачэнні колькасці ВНУ ў Беларусі ўдвая.

Паводле звестак Белстата, у колькасці студэнтаў у разліку на 10 тысяч чалавек насельніцтва Беларусь мае самы высокі паказчык сярод краін СНД - 330 чалавек.

У той жа час ва ўніверсітэтах кажуць аб магчымым скарачэнні колькасці ВНУ ўдвая, што дазволіць зэканоміць бюджэтныя выдаткі на адукацыю. Да якіх наступстваў можа прывесці такая рэформа піша «Завтра твоей страны».

«ВНУ рыхтуюць не зусім тых, хто патрэбны на рынку»

Экспэрт Беларускага эканамічнага цэнтра BEROC Кацярына Барнукова мяркуе: калі больш за 95% выпускнікоў школ прадаўжаюць адукацыю, - гэта пазітыўны фактар, бо забяспечвае добрую якасць чалавечага капіталу.

- У той жа час у нас ёсць праблема - неадпаведнасць паміж патрэбамі рынку і той адукацыяй, якую людзі атрымліваюць. Калі паглядзець на адсотак выпускнікоў ВНУ, якія працуюць паводле спецыяльнасці, ён будзе невысокім. У бізнэсе скардзяцца на недахоп кваліфікаваных кадраў. І гэта ўскосна паказвае на тое, што сістэма вышэйшай адукацыя рыхтуе не зусім тых, хто патрэбны на рынку, - кажа Кацярына Барнукова.

На думку экспэрта, трэба шукаць спосаб, як наблізіць універсітэты да патрэбаў сучаснага рынку, які хутка мяняецца.

- Практычна ўсе ІТ-кампаніі адкрываюць свае адукацыйныя цэнтры, нягледзячы на тое, што факультэты, на якіх рыхтуюць ІТ-каў, самыя прагрэсіўныя, гнуткія і развіваюцца, - падкрэслівае экспэрт.

Паколькі ў нас асноўная праблема ў недахопе рэагавання на патрэбы рынку працы, узбуйняць універсітэты - не самая добрая ідэя, мяркуе Кацярына Барнукова.

- Чым больш невялікіх універсітэтаў, тым вышэйшая імавернасць таго, што хоць бы хто-небудзь з іх адрэагуе на патрэбы і такім чынам задасць усім астатнім высокую планку, - падкрэслівае экспэрт.

У той жа час вялікія непаваротлівыя інстытуты, якія ў нас у краіне вельмі любяць, не дэманструюць гібкасці і канкурэнтаздольнасці, якія так патрэбныя ў вышэйшай адукацыі, мяркуе Кацярына Барнукова.

«Знайсці кампетэнтных спецыялістаў у Беларусі цяжэй, чым у Казахстане, Кыргызстане, Украіне і Расеі»

Паводле звестак Белстата, у 2016-2017 навучальным годзе ў 51 установе вышэйшай адукацыі Беларусі навучаецца 313 тысяч студэнтаў.

Агулам у свеце прынята ўважаць за дастатковую наяўнасць адной ВНУ на 700 тысяч - 1 мільён насельніцтва. Зыходзячы з гэтага паказчыка, у нашай краіне іх павінна быць не больш за трынаццаць.

Прадстаўнік Грамадскага Балонскага камітэта прафесар Уладзімір Дунаеў адзначае, што апошнім часам колькасць студэнтаў у Беларусі скарачаецца.

- Агульная колькасць студэнтаў за апошнія некалькі гадоў скарацілася больш, чым на 100 тысяч, - прыводзіць статыстыку экспэрт. - Сітуацыя ў асноўным звязаная з дэмаграфічнымі праблемамі.

Уладзімір Дунаеў звяртае ўвагу на тое, што колькасць студэнтаў - гэта паказчык даступнасці вышэйшай адукацыі, але не паказчык яе якасці.

- Часта даступнасць вышэйшай адукацыі дасягаецца цаной якасці. У Беларусі вышэйшая адукацыю дрэнна фінансуецца. Спробы фінансаваць яе за кошт платных студэнтаў таксама досыць абмежаваныя. Хоць колькасць замежных студэнтаў расце, але 5%, у параўнанні з СССР, дзе, прынамсі, было 15%, гэта не вельмі шмат, - кажа экспэрт.

Суразмоўца «Завтра твоей страны» прыводзіць звесткі рэгіянальнага апытання, на які спасылаецца Сусветны банк.

- У ім гаворыцца пра тое, што Беларусь з'яўляецца чэмпіёнам рэгіёну ў дэфіцыце кампетэнцыі вучняў вышэйшай школы. Гэта значыць, пры наяўнасці вялікай колькасці людзей з дыпломамі знайсці кампетэнтных спецыялістаў у Беларусі цяжэй, чым у Казахстане, Кыргызстане, Украіне, Расеі і г.д. Гэта адваротны бок даступнасці вышэйшай адукацыі, - падкрэслівае прадстаўнік Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.

Для павышэння якасці трэба рабіць больш эфектыўным фінансаванне вышэйшай адукацыі, павялічыць бюджэтнае фінансаванне, давёўшы яго да больш-менш агульнапрызнаных доляй ВУП, мяркуе Уладзімір Дунаеў.

- Скарачэнне колькасці ВНУ даўно абмяркоўваецца ў Беларусі. Напэўна, сапраўды ёсць слабыя ВНУ, якія можна было б далучыць да мацнейшых. Але каб з гэтага не атрымалася ўзбуйненне калгасаў, - падкрэслівае экспэрт.

На ягоную думку, аптымізацыю нельга праводзіць як механічнае злучэнне розных ВНУ.

- Важна, каб гэты працэс суправаджаўся глыбіннай мадэрнізацыяй адукацыі, але не толькі дзеля таго, каб зэканоміць на адміністрацыйных выдатках. Тым больш, што вельмі часта як раз гэты артыкул выдаткаў не скарачаецца пры такім зліцці, - мяркуе Уладзімір Дунаеў.

Важна, каб рэформа сапраўды мела на мэце павышэння якасці адукацыі, мяркуе Уладзімір Дунаеў і нагадвае, што варта арыентавацца на задачы больш фундаментальныя:

- Напрыклад, на тое, што змяшчаецца ў дарожнай мапе рэфармавання вышэйшай адукацыі, якую Беларусь прыняла ў 2015 годзе, калі ўвайшла ўу Балонскі працэс. Без універсітэцкай аўтаноміі, без акадэмічнай свабоды, без пэўных стандартаў якасці і інструментаў кантролю якасці, без нацыянальнай рамкі кваліфікацыі і сувязі з рынкам працы і многіх іншых рэчаў гэта ўсё будзе неэфектыўным.

Суразмоўца адзначае, што ў шэрагу краін выкарыстоўваюцца такія стратэгіі - скарачаюць колькасць ВНУ, аб'ядноўваюць іх у мэтах большай эканамічнай эфектыўнасці і павышэння якасці.

- У некаторых краінах такая стратэгія пазітыўная, дае добрыя вынікі, у іншых яны не такія добрыя, таму ніякіх такіх гарантый таго, што за кошт аптымізацыі структуры можна дамагчыся павышэння якасці адукацыі, - падводзіць вынік Уладзімір Дунаеў.

У 1990-х гадах у Беларусі працавала ўсяго 33 ВНУ, пры гэтым у іх вучыліся 188,6 тысячы студэнтаў. Да 2000 году колькасць значна вырасла да 57, а колькасць студэнтаў павялічылася да 281,7 тысячы чалавек. Больш за ўсё студэнтаў ВНУ у нас было ў 2011 годзе - 445 600 чалавек. Тады ў колькасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў на 10 000 насельніцтва ў параўнанні з краінамі Еўразвязу Беларусь з паказчыкам 471 (звесткі Міністэрства адукацыі) заняла 9-е месца.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках