11 траўня 2024, Субота, 1:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За колькі прадаюць свае маёнткі новыя беларускія «феадалы»

9
За колькі прадаюць свае маёнткі новыя беларускія «феадалы»
ФОТА: REALT.BY

Як выглядаюць «родавыя гнёзды», якія выставілі на продаж.

Цесныя гарадскія кватэры – гэта месца, дзе людзі прывыклі вячэраць і начаваць перад працоўнымі буднямі. Уласны кут у ячэістай бетоннай скрынцы і градка на пяці сотках зямлі не задавальняюць тэрытарыяльную патрэбу чалавека. І хоць часы родавых гнёздаў даўно сышлі ў мінулае, мець такое гняздо, а не гняздзечка – мара многіх з нас. Realt.by высветліў, колькі каштуе ажыццявіць гэтую мару.

За $ 350 тыс. на продаж выстаўленая старажытная рэканструяваная сядзіба ў Прылуках (10 км ад Менска). У распараджэнні ўласніка – 64,4 соткі зямлі проста на беразе ракі Пціч. 37 з іх аформленыя ў пажыццёва-спадчыннае валоданне для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, а 25 сотак замацаваныя за юрыдычнай асобай. Будынак сядзібы таксама запісаны як вытворчы, яго гатоўнасць складае 80%. Калі дом будзе здадзены ў эксплуатацыю, яго можна будзе перааформіць у жылы, а надзел – ва ўласнасць.

Уласнік Аляксандр Мікалаевіч апавёў, як стаў уладальнікам старадаўняй сядзібы, колькі выдаткаваў на яе рэканструкцыю і чаму пастанавіў прадаць.

«Я набыў гэтую сядзібу ў 1991 годзе. З 1988 яна была ў мяне ў арэндзе. Да 2015 года я трымаў у ёй майстэрню для вытворчасці металаканструкцыяў. Спачатку справы ішлі добра, потым горш, у сотні разоў павялічыўся падатак на зямлю, мне стала невыгодна ўтрымліваць гэтае прадпрыемства, я зачыніў яго і перарабіў пад жылы дом.

ФОТА: REALT.BY

Мяркуючы з пашпарта, будынак узведзены ў 1870 годзе, але статус гістарычна-культурнай каштоўнасці яму не прысвоены. Кажуць, што ён належаў графу Чапскаму. З 1924 да 1971 год у ім знаходзілася Прылуцкая сярэдняя школа.

Калі я атрымаў будынак у арэнду, ён знаходзіўся ў аварыйным стане. Драўляныя перакрыцці згнілі, сцены, часткова цагляныя, часткова драўляныя, таксама давялося разбіраць. Захаваўся толькі склеп і сцены першага паверха. Усё астатняе – новае, надбудаванае.

ФОТА: REALT.BY

За сядзібу я заплаціў за ўсё 7 тысячаў савецкіх рублёў, зарабляючы за месяц блізу 5 тыс. А вось рэканструкцыя стала вельмі дарагой, доўгай і карпатлівай. Паводле маіх ацэнак з улікам транспарту і працы яна абышлася пад $ 300 тыс.

Я вывез адтуль больш за сто МАЗаў бітай цэглы. Пабудаваць новы будынак з нуля абышлося б значна танней. Але мне хацелася захаваць гэтыя элементы даўніны, прыгожы падвал арачнага тыпу. Тым больш месца такое ўнікальнае: блізка да Менска, вялікі надзел проста на беразе Пцічы, прыгожы лес.

ФОТА: REALT.BY

Чаму цяпер, калі справа амаль даведзеная да канца, вы прынялі пастанову прадаць сядзібу?

Я будаваў яе з разлікам на тое, што мы будзем там жыць вялікай сям'ёй, разам з дзвюма дочкамі і іхнімі сем'ямі. Хацелася пабудаваць родавае гняздо. Але жыццё пайшло паводле іншага сцэнара: малодшая дачка з'ехала за мяжу, у яе там свой дом і свая сям'я. Старэйшая жыве ў Менску, у яе таксама ўсё ёсць. Абедзве яны – «дзеці асфальту», нават шашлык не ўмеюць смажыць, і прыязджаюць у Прылукі як на лецішча, пагуляць. Цяпер дачка, якая жыве за мяжой, кліча мяне да сябе, і я не супраць да яе прыехаць. А родавае гняздо ў нашай сям'і апынулася нікому не патрэбным.

ФОТА: REALT.BY

У склад сядзібы ўваходзяць 2 будынкі. Закансерваваны жылы дом – цяпер у ім гатовыя тры ўзроўні на 748 «квадратаў». Паводле праекту ёсць яшчэ чацвёрты, мансардны паверх, разам з якім агульная плошча жылога дома складзе 1060 кв.м. Другі будынак – складскі, ягоная плошча – 256 кв.м. Некалькі пакояў у доме гатовыя для жыцця.

ФОТА: REALT.BY

За тыя самыя $ 350 тысячаў на продаж выстаўленая сядзіба ля Астрашыцкага Гарадка (25 км ад Менска). На надзеле 62 соткі размешчаныя катэдж, лазня, гараж, альтанка і гаспадарчыя пабудовы. Усё гэта было збудаванае ў 2014 годзе і цалкам гатовае да эксплуатацыі. Дамы са зруба аздобленыя высакародным дрэвам, інтэр'ер выкананы ў вясковым стылі. Агульная плошча – 147 кв.м. Газ, каналізацыя і цэнтральны вадаправод уведзеныя ў дом, але ёсць і руская печка, дапаўняе інтэр'ер сельскім каларытам. Надзел мяжуе з лесам.

ФОТА: REALT.BY

За $ 1,15 млн на продаж выстаўлены вялікі дом у ангельскім стылі, размешчаны ў а/г Ждановічы (3,5 км ад Менска). Агульная плошча дома – 502 кв.м, на зямельным надзеле 11 сотак высаджаны англійскі газон. Вышыня столяў – 4–6 метраў. Катэдж гатовы толькі звонку, выдаткі на інтэр'ер лягуць на плечы новага ўласніка.

ФОТА: REALT.BY

За тыя ж $ 1,15 млн на продаж выстаўлены шыкоўны маёнтак (інакш не назавеш) у вёсцы Сула, за 54 км ад Менска. На надзеле агульнай плошчай амаль цэлы гектар размешчаны дом з зруба на 280 кв.м з вялікай верандай (130 кв.м), аўтаномным ацяпленнем, каналізацыяй і свідравінай. Унутры – інтэр'ер у вясковым стылі. Кафляную печку і мэблю распісвалі вядомыя беларускія мастачкі. Акрамя дома, на надзеле ёсць футбольнае поле, дзве лазні, гасцявы дом, гараж, пчальнік, птушнік, казлятнік, вальер для сабак, а таксама сажалка з рыбай, не кажучы пра альтанкі і іншыя элементы ландшафтнага дызайну, да якіх адчуваюць слабасць ахвотнікі набыць катэдж у Менскай вобласці. Надзел акружаны лесам.

ФОТА: REALT.BY

Нарэшце, за $ 1,2 млн на продаж выстаўленая сядзіба «Новае гарадзішча», размешчаная побач з Лагойскам. У адрозненне ад астатніх аб'ектаў нашага агляду, будавалася яна не для вялікай сям'і, а для бізнэсу. У распараджэнні ўласніка – 3 га зямлі, два гасцявыя дамы (агульная плошча – 250 кв.м), лазня з басейнам і мансардай, дзве летнія кухні, барбекю, сажалка з рыбай, фантан і рэстаран. У сядзібе могуць з камфортам размясціцца 25 чалавек.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках