1 траўня 2024, Серада, 17:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША адзначаюць Дзень падзякі

У ЗША адзначаюць Дзень падзякі

Парад на Манхэтэне плануюць паглядзець амаль 200 тысяч чалавек.

У ЗША адзначаюць Дзень падзякі. У гэты дзень, як звычайна, амерыканцы збяруцца з роднымі і сябрамі за сталамі, што поўняцца прысмакамі, будуць глядзець парады і футбольныя матчы.

Шмат хто ў гэты дзень адправіцца на святочныя закупы.

Але ў гэтым годзе святочныя ўрачыстасці, уключаючы традыцыйны парад, які ладзіў універмагам Macy's на Манхэтэне, будуць праходзіць ва ўмовах узмоцненых захадаў бяспекі, паведамляе «Голас Амерыкі».

Парад, які прываблівае амаль 200 тысяч гледачоў, пройдзе праз некалькі тыдняў пасля таго, як арандаваны грузавік наехаў на людзей на ажыўленай веласіпеднай дарожцы ў Нью-Ёрку, забіўшы восем чалавек. У наездзе абвінавачваюць імігранта з Узбекістана.

Улады Нью-Ёрка паведамілі, што да гарантавання бяспекі будуць прыцягнутыя паліцэйскія снайперы, а таксама сабакі, натрэніраваныя на пошук выбухоўкі. Акрамя таго будуць выкарыстоўвацца нагружаныя пяском грузавікі.

Нягледзячы на адсутнасць дакладных пагроз, дэпартамент паліцыі Нью-Ёрка паведаміў, што размесціць некалькі тысяч паліцэйскіх уздоўж 4-кіламетровага маршруту параду на Манхэтэне. Парад пачнецца а 9 раніцы паводле мясцовага часу.

Традыцыі Дня падзякі

Існуе шмат традыцый, звязаных з Днём падзякі.

Адная з іх - гэта паездкі, каб сустрэцца з роднымі і сябрамі. Чакаецца, што амаль 49 мільёнаў чалавек сядуць у аўтамабілі, самалёты або цягнікі.

Гэта на адзін мільён больш, чым у мінулым годзе, што зробіць сёлетні Дзень падзякі самым ажыўленым у плане падарожжаў святам за амаль дзесяць гадоў.

Прэзідэнт Дональд Трамп у аўторак скарыстаўся сваімі паўнамоцтвамі і памілаваў дзвюх індычак, якія маглі б стаць святочнай стравай. Трамп прабавіць святы ў сваім маёнтку Мар-а-Лага ў Палм-Біч, штат Фларыда.

Калі Трамп вернецца ў Белы дом, ён ужо будзе падрыхтаваны як мае быць да свята Нараджэння Хрыстовага цэлым войскам валанцёраў, дэкаратараў і фларыстаў, якія правядуць выходныя, упрыгожваючы сцены прэзідэнцкай рэзідэнцыі.

Першая лэдзі Мелані Трамп і сын прэзідэнта Бэран у панядзелак прынялі калядную ялінку, якая будзе ўсталяваная ў Белым доме. Яна выстаўленая ў Блакітнай зале Белага дома.

Белы дом плануе паказаць святочны інтэр'ер у панядзелак. Першая лэдзі таксама возьме дзяцей і студэнтаў з Аб'яднанай вайсковай базы Эндрус, якія прымуць удзел у святочнай выставе прадметаў дэкаратыўнай творчасці.

Чакаецца, што прэзідэнт запаліць Нацыянальную калядную ялінку 30 лістапада.

А цяпер па крамах!

Дзень Падзякі адзначаецца ў чацвёрты чацвер лістапада. Ён азначае пачатак перадкаляднага сезону ў ЗША.

Пятніца пасля Дня падзякі, так званая «чорная пятніца», вядомая буйнымі распродажамі адзення, цацак і бытавых прыбораў, у той час як людзі пачынаюць займацца перадкаляднымі закупамі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках