11 траўня 2024, Субота, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі баксёр перамог тэхнічным накаўтам у баі за тытул чэмпіёна свету

Украінскі баксёр перамог тэхнічным накаўтам у баі за тытул чэмпіёна свету

Васіль Ламачэнка разграміў кубінца Рыгонда ў гістарычным баі.

Украінскі баксёр Васіль Ламачэнка перамог кубінца Гільерма Рыгонда ў паядынку за тытул чэмпіёна свету ў першай лёгкай вазе паводле версіі WBO. Бой, які адбыўся ў Нью-Ёрку, скончыўся тэхнічным накаўтам. Пасля шостага раунда Рыгонда адмовіўся ад прадаўжэння спаборніцтва праз траўму рукі, паведамляе liga.net.

Ламачэнка чацвёртым разам абараніў тытул чэмпіёна свету, здабыты ў чэрвені 2016 года пасля перамогі накаўтам над Раманам Марцінасам з Пуэрта-Рыка. У 11 баях на прафесійным рынгу ён атрымаў 10 перамог (з іх 8 - накаўтамі) і пацярпеў адну паразу. Кубінец саступіў упершыню ў кар'еры пасля 17 перамог у 17 паядынках.

Бой Ламачэнкі і Рыгонда быў першым у гісторыі прафесійнага бокса, у якім сустрэліся два двухразовыя алімпійскія чэмпіёны. Ламачэнка перамагаў на Гульнях-2008 у Пекіне і Гульнях-2012 у Лондане. Рыгонда здабыў золата ў Сіднэі-2000 і Афінах-2004.

«Рыгонда - добры баксёр. Баксёр топ-узроўню. Але цяпер ён біўся не ў сваёй вагавой катэгорыі, таму перамагчы выявілася проста. Што далей? Я гатовы да ўсякіх выпрабаванняў, а імёны спаборнікаў звычайна называе мой прамоўтэр Боб Арумэ», - заявіў Ламачэнка пасля бою.

Таксама ўкраінскі баксёр пажартаваў, што задумаецца аб змене прозвішча на НаМасЧэнка. У боксе фраза «no mas» («досыць» у пераводзе з гішпанскай) выкарыстоўваецца ў той момант, калі адзін са спартоўцаў адмаўляецца ад прадаўжэння бою ў перапынку паміж раундамі. Паядынак супраць Рыгонда стаў для Ламачэнкі чацвёртым запар, у якім ягоныя спаборнікі здымаліся праз траўмы. Раней такім чынам скончыліся баі ўкраінца супраць Нікаласа Уолтэрса з Ямайкі, амерыканца Джэйсана Сосы і калумбійца Мігеля Марыагі.

У верасні 2017 года ESPN паставіў Ломачэнку на другое месца ў сваім спісе pound for pound (рэйтынг баксёраў па-за залежнасцю ад вагавых катэгорый). Таксама ён уваходзіць у тройку найлепшых баксёраў незалежна ад вагавай катэгорыі паводле версіі часопіса The Ring. 25 снежня 2016 года Ламачэнка быў названы найлепшым баксёрам 2016 году паводле версіі тэлеканала HBO і аўтарытэтнага партала World Boxing News.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках