5 траўня 2024, Нядзеля, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дамаганні па-беларуску

Дамаганні па-беларуску

У апошні час у свеце актыўна абмяркоўваюць скандал вакол амерыканскага прадусара Харві Вайнштэйна.

Але ў Беларусі такія справы для жанчын парой заканчваюцца значна больш вусцішна.

Першым пра справу медыка з Навагрудка Таццяны Вайтовіч, якая зазнала сэксуальныя дамаганні свайго начальніка, а за адмову саступіць была змешчаная ў псіхіятрычную лякарню, расказала «Радыё Рацыя».

Рэдакцыя Charter97.org надумала таксама разабрацца ў гэтай гісторыі і папрасіла грамадскую актывісту і валанцёра форуму «Свабоду палітвязням!» Вольгу Нікалайчык, якая дапамагала Таццяне Вайтовіч, распавесці падрабязнасці гэтага скандальнай справы.

- Раскажыце падрабязней, што адбылося з медыкам Таццянай Вайтовіч?

- З Таццянай Вайтовіч я пазнаёмілася восенню 2016 года. Яна прыйшла да мяне з Кацярынай Садоўскай, з якой пазнаёмілася ў міністэрстве аховы здароўя, куды прыйшла на прыём. Жанчыны разгаварыліся і пасля надумаліся прыйсці да мяне дадому. Пачуўшы гісторыю Таццяны, я адразу ж стала пісаць пра яе ў «Фэйсбуку». Мы з Кацярынай Садоўскай стараліся дапамагчы ёй.

З Таццянай адбылася абсалютна жахлівая гісторыя, якая з'яўляецца квінтэсенцыяй сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яна працавала ў Навагрудскім шпіталі ў лабараторыі фельчарам 20 гадоў. Усё было добра, пакуль туды не прыйшоў працаваць у якасці аднаго з яе начальнікаў лекар П.C. (Ініцыялы зменены - заўв. Charter97.org). Ён пачаў заляцацца да Таццяны, якая з'яўляецца яркай прыгожай жанчынай, добра спявае, выступае на многіх мерапрыемствах. П.C. стаў прыставаць да яе, выступаць з непрыстойнымі прапановамі, і калі яна не пагадзілася на стасункі, пачалося цкаванне.

Да таго ж, Таццяне сталі вядомыя некаторыя карупцыйныя схемы ў шпіталі, і яна стала публічна пра гэта гаварыць.

У адказ П.C. надумаў адправіць яе ў «псіхушку», выкарыстоўваючы свае сувязі ў псіхіятрычным шпіталі Навагрудка. Гэта значыць, каб пасадзіць Таццяну ў машыну хуткай дапамогі, ды адвезці ў «псіхушку» на абследаванне, не мела для П.C. ніякіх праблем.

Нягледзячы на непацверджаны дыягназ, жанчыну некалькі разоў накіроўвалі ў псіхіятрычны шпіталь на прымусовае лячэнне.

Дарэчы, Таццяна хадзіла скардзіцца да Васіля Жарко, калі ён быў міністрам аховы здароўя. Дык вось, Жарко высылаў лісты ў Наваградскі шпіталь, каб Таццяну Вайтовіч аднавілі на працы, бо звольнілі яе на падставе таго, што нібыта жанчына хворая эпілепсіяй, хоць гэтай хваробы ў Таццяны не было і няма.

Патрабаванне міністра Жарко ігнаравалася. Ведаеце, у мяне такое пачуццё, што Навагрудскі шпіталь - гэта прыватная ўстанова П.C. і ніхто яму не ўказ. Ён працягваў пераследваць Таццяну. На мерапрыемствах, дзе яна хацела выступіць, бегаў за ёй і крычаў: «Ты тут спяваць не будзеш!». Забіраў апаратуру, выцягваў шнуры з разетак. Дык хто тут хворы, пытанне? П.C. дазваляў сабе лаянку на адрас Таццяны, ён нават ўжываў да яе фізічную сілу. Вось так здзекаваліся з жанчыны, якая адная выхоўвае сына.

Але Таццяна малайчына, яна не падпарадкавалася, не здалася і пайшла па інстанцыях. Выйшла на нас, праваабаронцаў. Мы ходзім увесь час па міністэрствах, бо выпадак Таццяны не адзіны, у нас у кожным абласным цэнтры ёсць жанчыны, якія не здаліся і абвясцілі вайну беззаконню ўладаў. І пакаранне для іх бывае вельмі жорсткім - карная псіхіятрыя, якая з'яўляецца ўлюбёным савецкім, НКВДысцкім спосабам здушэння іншадумцаў. Мы памятаем, што многія дысідэнты ў СССР прайшлі праз гэта здзек. І, на жаль, у нашай краіне гэта прадаўжаецца. У выніку, у дыягназе пішуць, што ў чалавека шызафрэнія другой ступені. Вынік - яго больш нікуды не возьмуць на працу.

Дарэчы, Таццяна была ў першага намесніка міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча некалькі дзён таму. Яна яго папярэдзіла, што падае ў суд, бо яны цалкам ігнаруюць яе пісьмовыя звароты. Адказваюць адпіскамі, а потым пішуць: «Перапіска спыненая». Гэта абуральна, чыноўнікі абавязаны адказваць! Яны - слугі народа. Вось Таццяна пайшла ў міністэрства і сказала: «Вы - слугі, а я - народ».

- Як вы развязалі ейную сітуацыю?

- Пра развязанне праблемы можна будзе казаць тады, калі Вайтовіч адновяць на працы і пакараюць тых, хто з яе здзекаваўся цягам доўгага часу.

Таццяна перыядычна хадзіла на прыёмы да Жарко, але менавіта пасля знаёмства са мной і Садоўскай, міністр пачаў рэагаваць на звароты жанчыны, ад яго пачалі прыходзіць лісты. Думаю, тут адыгралі ролю сацсеткі і незалежныя СМІ.

Таццяну Вайтовіч шмат гадоў пераследавалі за тое, што яна не змірылася з сэксуальнымі дамаганнямі, незаконным звальненнем, пазбаўленнем свабоды і стала змагацца. Ведаеце, тое, што Таццяна пайшла супраць сістэмы і не баіцца, гэта настолькі важна, што пра гэта трэба крычаць! Гэта прыклад для людзей, які паказвае, што трэба не баяцца бараніць свае правы, змагацца, звяртацца ў незалежныя СМІ. Таму што ўлада ашалела.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках