2 траўня 2024, Чацвер, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Расею насоўваецца «цунамі» спажывецкіх пазык

17
На Расею насоўваецца «цунамі» спажывецкіх пазык

Расейцы прадаўжаюць набіраць спажывецкія крэдыты з хуткасцю, якой рынак даўно не бачыў.

За студзень-кастрычнік банкі выдалі насельніцтву 26 мільёнаў 870 тысяч новых крэдытаў на агульную суму 4,29 трыльёна расейскіх рублёў, паведамляе сайт finanz.ru са спасылкай на Аб'яднанае крэдытнае бюро.

Аб'ёмы спажывецкага крэдытавання стабільна растуць увесь год, а ў кастрычніку паставілі новы рэкорд: грамадзянам выдалі 2 мільёны 790 тысяч новых пазык на 519 мільярдаў расейскіх рублёў. Колькасць крэдытаў вырасла на 4%, а іх сумарны аб'ём - амаль у 1,5 разы (183,9 млрд расейскіх рублёў).

Колькасць іпатэчных крэдытаў узрасла на 60%, а іх сума - на 70%. Новых крэдытных картак было выдадзена на 29% больш, чым год таму, пры гэтым аб'ёмы адобраных лімітаў выраслі на 73% (59,39 млрд расейскіх рублёў).

У сегменце аўтакрэдытавання колькасць новых крэдытаў вырасла на 24%, аб'ёмы выдачы павялічыліся на 30% (да 31,07 млрд расейскіх рублёў).

Адзінай нішай на рынку, дзе колькасць новых пазык скарацілася, сталі крэдыты гатоўкай: іх было выдадзена на 7% менш. Але сярэдняя сума крэдыту пры гэтым значна вырасла - са 103 да 137 тысяч расейскіх рублёў). У выніку ў грашовым вылічэнні пазыковая нагрузка вырасла і тут - на 24%.

За апошнія 9 гадоў доля сем'яў, якія маюць хаця б адзін не выплачаны банкаўскі крэдыт, вырасла больш чым удвая: у 2008-м годзе такіх было 26%, а ў 2017-м - ужо 57%, паказала праведзенае ў лістападзе апытанне УЦВГМ.

Сярод патрапілых у «крэдытную кабалу» амаль чвэрць пенсіянеры або людзі, якія жывуць на дапамогі: 24% паведамілі, што аплачваюць банкаўскі крэдыт за кошт пенсій па старасці, інваліднасці або сацыяльных выплат (напрыклад, для шматдзетных сем'яў).

Паводле звестак Нацыянальнага бюро крэдытных гісторый, састарэлыя пазычальнікі (65 гадоў і старэй) у 2017 годзе сталі групай, у якой хутчэй за ўсіх расце сярэдняя сума атрыманай пазыкі. У трэцім квартале яны бралі ў банках прыкладна 67773 рублі - на 11,4% больш, чым год таму. Згодна з хуткасцю, з якой расла сярэдняя пазыка пенсіянераў, яны ў 1,5 разы абагналі тых, каму ад 25 да 50, і амаль у 10 разоў - моладзь (да 25 гадоў).

Гэтая тэндэнцыя бачная ва ўсёй краіне: для самых бедных катэгорый насельніцтва банкаўскія крэдыты становяцца адзіным спосабам звесці канцы з канцамі, калі эканоміць ужо далей немагчыма, кажа Алена Грышына, загадчыца лабараторыі расейскага Інстытута сацыяльнага аналізу і прагназавання РАНГіДС.

Чым бяднейшы рэгіён - тым хутчэй яго жыхары апускаюцца ў пазыковую яму: так, напрыклад, у рэспубліцы Тыва, дзе ВУП на душу насельніцтва на 66% ніжэйшы, чым у сярэднім у Расеі, і знаходзіцца на ўзроўні Папуа Новай Гвінеі ці Гандураса, аб'ёмы выдачы крэдытаў у 1,5 разы перавышаюць сярэднерасейскі ўзровень.

«Згодна са статыстыкай, найбліжэйшымі некалькімі гадамі Расею чакае спажывецкая катастрофа», - заявіў на пасяджэнні Эканамічнага клуба ФБК дырэктар праграмы эканамічная палітыка Маскоўскага Цэнтра Карнегі Андрэй Моўчан: людзі набіраюць крэдыты, расплаціцца за якія ім будзе вельмі цяжка.

Рэальныя наяўныя даходы ў краіне прадаўжаюць падаць чацвёрты год запар: за студзень-кастрычнік насельніцтва збяднела яшчэ на 1,3% - настолькі скарацілася сума, якая застаецца на руках, калі ўлічыць усе абавязковыя аплаты і інфляцыю. Летась спад даходаў склаў 5,9%, за 2015-ы - 3,2%, за 2014-ы - 0,3%.

Грошай у насельніцтва становіцца менш, а расходы для выплаты крэдытаў растуць, тлумачыць Моўчан.

Штогод толькі на аплату адсоткаў перад банкамі расейцы аддаюць 2 трыльёны расейскіх рублёў, або 35 млрд даляраў, адзначае галоўная эканамістка «Альфа-банка» Наталля Арлова. Менавіта гэтым тлумачыцца феномен расейскай статыстыкі, калі рэальныя заробкі ў плюсе, а прыбыткі прадаўжаюць падаць, кажа яна.

За першую палову года кожны пяты рубель быў выдаткаваны насельніцтвам у пазыку: банкаўскія крэдыты дасягнулі 21% выдаткаў на канчатковае спажыванне хатніх гаспадарак, падлічылі ў РАНГіДС.

Пры гэта ў 4% расейцаў, якія ўзялі ў банку крэдыт, сума даходаў ужо меншая за штомесячныя аплаты па абавязку. Прыкладна 10% вымушаныя аддаваць банку ад 50% да 75% усяго заробку. Кожнаму чацвёртаму банкаўскі крэдыт каштуе ад 25% да 50% усіх паступленняў.

У адносна пасьпяховай зоне, калі банку трэба аддаваць менш за 25% заробку, знаходзяцца толькі траціна пазычальнікаў.

Цяпер 7 мільёнаў чалавек не плацяць па крэдыце 90 дзён ці больш, паведаміў у кастрычніку старшыня праўлення Міжнароднай канфедэрацыі таварыстваў спажыўцоў Дзмітрый Янін.

Сярэдняя запазычанасць такіх пазычальнікаў - блізу 300 тысяч рублёў пры штомесячным даходзе менш за 20 тысяч. Са слоў Яніна, узровень крэдытнай нагрузкі «палохае» ў бюджэтным сектары - сярод выхавальнікаў дзіцячых садкоў, настаўнікаў і медсясцёр.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках