2 траўня 2024, Чацвер, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандальна вядомы забаўляльны комплекс у Курапатах адкрыецца ўжо праз месяц

24
Скандальна вядомы забаўляльны комплекс у Курапатах адкрыецца ўжо праз месяц
ФОТА: TUT.BY

На тэрыторыі комплексу вядуцца актыўныя працы.

Комплекс адпачынку каля ўрочышча Курапаты, вядомы пад назвай «Бульбаш-хол», рыхтуюць да адкрыцця. Як паведаміла крыніца belsat.eu, «здача аб'екта» адбудзецца ў студзені 2018 года.

Здымаючы сюжэт у месцы сталінскіх расстрэлаў у Курапатах, журналісты заўважылі, што на тэрыторыі калісці закінутага комплексу вядуцца актыўныя працы: працоўныя абкладваюць цэглай трубы печаў на дамках для гасцей, наводзяць парадак на пляцоўцы. Ахоўнік, які адразу ж падышоў да здымачнай групы, распавёў: аб'ект будзе канчаткова здадзены ўжо ў студзені.

ТАК ЗВАНЫ «БУЛЬБАШ-ХОЛ» СЁННЯ. ФОТА – ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ
РАБОЧЫЯ АБКЛАДВАЮЦЬ ЦЭГЛАЙ ТРУБЫ ПЕЧАЎ ТАК ЗВАНАГА «БУЛЬБАШ-ХОЛА». ФОТА – ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ

Каб даведацца, ці сапраўды комплекс адкрыецца ў наступным месяцы, журналісты паспрабавалі звязацца з яго ўладальнікам.

Восенню 2012 года ў пашпарце аб'екта ў якасці заказчыка будоўлі фігуравала кампанія «Белрэстінвест», а інтэрнэт-старонка будучыні «Бульбаш-хола» з'явілася на сайце холдынгу «Наша рэстаранная група» (ТАА «Белнаватэкс груп»).

«Наша рэстаранная група» валодае побач фешэнэбельнымі рэстарацыямі ў Менску – «Гранд Кушавель», The View, барам AnyTime. Аднак аб уладальніках гэтага бізнэсу амаль нічога не вядома. Адзіная згадка пра дырэктара «Белнаватэкс груп» Алега Вераб'ёва ў адкрытых крыніцах – гэта ягоны кароткі каментар спецыялізаванаму сайту a1development.by наконт асаблівасцяў рэстаратарскай справы.

ТАК ЗВАНЫ «БУЛЬБАШ-ХОЛ» СЁННЯ. ФОТА – ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ

Журналісты патэлефанавалі ў «Белнаватэкс груп», але атрымалі там супярэчлівыя адказы на свае пытанні. Спачатку прадстаўнік кампаніі пацвердзіў, што комплекс на 51-м кіламетры МКАД каля Курапатаў належыць «Белнаватэкс груп».

«Але назва там іншая. «Бульбаш-хол» – гэта СМІ прыдумалі», – адзначыла жанчына і папрасіла патэлефанаваць пазней, калі прыйдзе мэнэджар у маркетынгу.

Калі ж журналісты патэлефанавалі ў наступны раз, то ўжо іншая прадстаўніца адназначна заявіла, што «Белнаватэкс груп» не мае ніякага дачынення да так званага «Бульбаш-холу». Яна таксама адмовілася злучыць журналістаў з кіраўніцтвам кампаніі.

Цікава, што «Белрэстінвест» і «Белнаватэкс груп» зарэгістраваныя пад адным і тым жа юрыдычным адрасам – Менск, завулак Казлова 5А (адрозніваюцца толькі кабінеты). Абедзве кампаніі таксама фігуруюць у адным з дакументаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў якасці арганізатараў рэкламнай гульні. Можна дапусціць, што гэтыя кампаніі цесна звязаныя паміж сабой, аднак дакладны фармат іх сувязяў застаецца незразумелым.

ТАК ЗВАНЫ «БУЛЬБАШ-ХОЛ» СЁННЯ. ФОТА – ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ

Журналісты патэлефанавалі ў «Белрэстінвест», каб удакладніць, ці дакладная інфармацыя аб адкрыцці комплексу ў студзені. Набраўшы прыватны нумар генеральнага дырэктара кампаніі Андрэя Ярмоленкава, журналісты спыталі ў яго пра абставіны. Адзначым, што Ярмоленкаў – фігура непублічная, як і дырэктар «Белнаватэкса».

«Так, я ўласнік гэтага аб'екта на 51-м кіламетры. Але я здаю яго ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Я цяпер наогул займаюся толькі тым, што свае аб'екты здаю ў арэнду. А ці плануюць яны адкрыцца ў студзені – не ведаю, гэта ўжо не мая справа», – заявіў Ярмоленкаў.

Ён дадаў, што «прадстаўляе замежнага інвестара», які ўклаў грошы ў «Бульбаш-хол», але краіну паходжання інвестыцый не назваў. Са слоў Ярмоленкава, пасля скандалу вакол будаўніцтва комплексу, замежныя бізнэсоўцы «больш свае грошы ў гэта месца ўкладваць не хочуць».

«Выдаткавалі марна 5 гадоў... Гарантам у перамовах выступала дзяржава, я прадстаўляў інтарэсы замежнікаў. Ну, калі яны прыехалі і ўклалі грошы ў бізнэс, то не будуць жа яны калупацца ў гэтай зямлі! Ведаеце, там нічога не было ўвогуле да вайны, звычайнае балота! Ёсць гістарычныя дакументы», – расхваляваўся гендырэктар.

ТАК ЗВАНЫ «БУЛЬБАШ-ХОЛ» СЁННЯ. ФОТА – ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ

Каментуючы нядаўнюю абарону Курапатаў – лагер актывістаў, якія ў лютым супрацьстаялі будаўніцтву іншага комплексу праз дарогу – Ярмоленкаў сказаў:

«Крыжы побач з комплексам стаяць? Дык іх жа незаконна там паставілі».

Кіраўніца ТАА «Анісбел» заявіла журналістам, што нічога не чула аб якім-небудзь аб'екце на 51-м км МКАД, і яны наогул нічога не арандуюць. «Анісбел» валодае маленькім барам на станцыі метро «Усход» у Менску і крамай садавіны непадалёк – маштабы, непараўнальныя з «Бульбаш-холам».

Нагадаем, скандал вакол будаўніцтва «Бульбаш-хола» пачаўся восенню 2012 года, калі грамадскія актывісты даведаліся аб тым, што комплекс рэстарацый з'явіцца проста побач з курапацкімі крыжамі. Прадстаўнікі грамадскасці сцвярджалі, што забудоўшчык парушыў заканадаўства – будынкі былі ўзведзеныя на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. З гэтым пагадзілася Генеральная пракуратура Беларусі: у канцы 2012 года ў Мінаблвыканкам было накіравана прадстаўленне аб «ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» – гаворка ішла аб зносе будынкаў. Але будынкі так і не знеслі – будоўлю проста закансервавалі.

А ў 2013-2014 гг камісія Міністэрства культуры прыняла шэраг пастаноў аб скарачэнні межаў ахоўнай зоны Курапатаў – фактычна межы былі адкарэктаваныя як раз пад «Бульбаш-хол» (забудова была выведзеная з ахоўнай зоны). У СМІ некалькі разоў з'яўлялася інфармацыя, што «Бульбаш-хол» (хай і пад іншай назвай) неўзабаве пачне сваю працу, але ні ў 2015-м, ні ў 2016-м гэтага не адбылося.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках