2 траўня 2024, Чацвер, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікі абураныя паборамі на падпіску

97
Настаўнікі абураныя паборамі на падпіску
ФОТА: TUT.BY

Са школы патрабуюць блізу трох тысяч рублёў.

У рэдакцыю tut.by звярнулася педагог адной з менскіх школ. Настаўніца кажа, што ў першых дні снежня дырэктар сказала здаць кожнаму з іх па 50 рублёў на падпіску. «Летась мы здавалі 45 рублёў, летам — 50 і цяпер столькі ж, — абураецца суразмоўца. — З калектыву выходзіць блізу 3000 рублёў. І гэта толькі з нас, а ўсяго ў Менску больш за 240 школ. Чаму мы павінны плаціць такія грошы?»

Валерыя (на просьбу настаўніцы імя змененае) распавядае, што ў канцы лістапада яе і калегаў папярэдзілі: будзем афармляць індывідуальную і ведамасную падпіску.

— У калектыве ў нас блізу 60 педагогаў. У снежні кожнаму сказалі здаць па 50 рублёў. З усіх атрымліваецца дзесьці 3000 рублёў. Гэта велізарныя грошы, — кажа Валерыя. — У спісе для падпіскі з індывідуальнай толькі «Настаўніцкая газета» і блізу 10 ведамаснай — «СБ», «Звязда», «Беларуская думка» і іншыя. Але чаму педагогі павінны аплачваць выданні, калі яны ідуць арганізацыі?

Настаўніца не ўтойвае, кожны месяц ёй да заробку налічваюць 4 рублі 95 капеек на метадычную літаратуру.

— Але калі скласці гэтыя грошы за 12 месяцаў, атрымаецца 59,4 рублёў, — прадаўжае суразмоўніца. — А за год на падпіску я ўжо аддала 100 рублёў. Я не супраць выпісваць «Настаўніцкую газету», але навошта мне іншыя выданні? Важней выдаткаваць іх на дапаможнікі, патрэбныя для заняткаў.

Са слоў настаўніцы, у пачатку снежня яна была на курсах і абмяркоўвала падпіску з калегамі з іншых сталічных школ. Два педагогі з навучальных установаў яе раёна сказалі, што здаюць па 40 і 50 рублёў. У калектывах у іх прыкладна 50 педагогаў. Выходзіць, прыкладна 2000 і 2500 рублёў. Калега з іншага раёна назвала суму 20 рублёў з чалавека.

— У мінулым снежні ў камітэце адукацыі Менгарвыканкама сказалі: падпіска павінна быць добраахвотнай, — незадаволеная Валерыя. — Мы паказалі гэта дырэктару, яна адказала: тое, што кажуць — гэта адно, а рабіць — іншае.

З настаўнікамі грошы на выданні здаюць і вучні. У школе Валерыі кожны клас выпісвае пару асобнікаў «Юнага выратавальніка», агулам кожнае дзіця просяць прынесці па 2 рублі.

— У снежні дзіцяці сказалі здаць 3,5 рубля на газету, — кажа мянчанка Марына, мама вучня адной са школ Маскоўскага раёна. — Казалі ў фармаце просьбы, а не прымусу. Але бацькі дысцыплінавана здаюць, не хочацца падводзіць ні школу, ні настаўнікаў, якія самі скідваюцца на падпіску.

Са слоў Марыны, у школе, дзе вучыцца яе сын, блізу тысячы дзяцей.

— Калі кожны здасць, толькі з вучняў атрымаецца прыкладна 3500 рублёў, — прадаўжае маці.

Наталля (на просьбу настаўніцы імя змененае), настаўніца адной са школ Менскага раёна, кажа, што яны афармляюць падпіску раз на тры месяцы. У гэтым верасні грошы на газеты і часопісы яны ўжо здавалі. У снежні збіраюць зноў.

— Кожную падпіску ў калектыве вызначаюць некалькі чалавек, якія адказваюць за тое ці іншае выданне, — распавядае суразмоўца. — Адной настаўніцы я ўжо здала 7 рублёў на часопіс, другой — 5 на «Настаўніцкую газету». Засталося падпісацца на «Прысталічча», «Мінскую праўду» і «Образование Минщины». Палічыла, калі скласці ўсе грошы, якія нам трэба аддаць, атрымаецца блізу 24 рублёў.

Педагогаў, са слоў Наталлі, у іх блізу 40, таму са школы выходзіць дзесьці 960 рублёў.

— Наважыла, што гэтым разам буду падпісвацца не на ўсе газеты, — дзеліцца планамі субяседніца. — Не ведаю, як на гэта адрэагуе адміністрацыя школы. Наогул, часта я здавала грошы на выданні, толькі каб не падводзіць іншых людзей. Бо калі я не заплачу, калегам давядзецца скідвацца больш.

Наталля адзначае, што з таго, на што ёй трэба падпісацца, карысны і патрэбны толькі прадметны часопіс.

— Ён якасны, але дарагі, — апісвае яна выданне. — Сама б я яго не пацягнула. У складчыну атрымліваецца прасцей, таму на яго мы здаём без праблем. Але іншыя выданні мне не патрэбныя. Былі выпадкі, калі я падпісвалася і проста прасіла паштальёна газету не прыносіць.

— Чаму?

— Таму што ўсе навінкі адукацыі і неабходныя артыкулы я магу паглядзець на сайце выданняў.

«Мы не раз казалі, што збор гатоўкі ў школах забаронены»

У Міністэрстве адукацыі чарговым разам паўтараюць: падпіска - справа добраахвотная.

— Мы не раз казалі, што збор гатоўкі ў школах забаронены, — кажа Людміла Высоцкая, прэс-сакратарка структуры. — У той жа час усе перыядычныя выдання — грамадска-палітычныя і метадычныя — школа павінна выпісваць для бібліятэкі, каб настаўнікі маглі імі карыстацца. Бо сучасны настаўнік павінен быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў краіне і за мяжой, цікавіцца і выкарыстоўваць на практыцы метадычныя навінкі, якія забяспечваюць ягоны прафесійны рост.

Кожны настаўнік, прадаўжае суразмоўца, падпісваецца на тыя выданні, якія, як ён мяркуе, неабходныя яму для педагагічнай дзейнасці. Напрыклад, на «Настаўніцкую газету».

— Не плануе Міністэрства адукацыі неяк караць тыя навучальныя ўстановы, дзе, нягледзячы на папярэджанні, прадаўжаюць збіраць грошы на падпіску?

— Калі нам сігналы паступаюць, мы і цяпер рэагуем на такія парушэнні. Таму калі такія выпадкі ёсць, хай настаўнікі паведамляюць аб гэтым у міністэрства — тэлефануюць або пішуць.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках