4 траўня 2024, Субота, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы з Вугоршчыны прыехалі ў Горадню дзеля таямніц Стэфана Баторыя

1
Навукоўцы з Вугоршчыны прыехалі ў Горадню дзеля таямніц Стэфана Баторыя
ФОТА: HRODNA.LIFE

Легендарны кароль і вялікі князь аб'ядноўвае гісторыю дзвюх краін.

Вугорскія навукоўцы з Печскага ўніверсітэта гісторык і прафесар Тамас Молнар, гісторык і медык, дацэнт Золт Молнар, а таксама Першы сакратар Пасольства Вугоршчыны ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Чомар прыехалі ў Горадню, каб абмеркаваць жыццё і дзейнасць кіраўніка Рэчы Паспалітай - караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя ў нашым горадзе, піша hrodna.life.

Браты Тамас і Золт Молнар займаюцца вывучэннем прычын смерці Стэфана Баторыя, які паходзіў з шляхетнага вугорскага роду, і завяршаюць падрыхтоўку кнігі з выкладаннем вынікаў сваіх даследаванняў. Вугорскія даследчыкі спецыяльна прыехалі ў Горадню, каб убачыць наш горад, дзе манарх правёў свае апошнія дні, дзе яго цела было анатаміраванае (дарэчы, упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай) і пахаванае.

- Стэфан Баторый любіў Горадню, лічыў яе цудоўным горадам «і для часовага пражывання, і для вечнага спачынку», завяшчаў сябе тут пахаваць, што і было зроблена ў Фары Вітаўта, што стаяла на цяперашняй Савецкай плошчы. Пазней труну з целам караля перавезлі ў Кракаў і пахавалі ў Кафедральным касцёле на Вавелі, дзе пахаваныя амаль усе польскія каралі, - адзначыла падчас сустрэчы з гасцямі гісторык купалаўскага ўніверсітэта, прафесарка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Святлана Марозава. У яе даследчым актыве ёсць сюжэт пра абставіны хваробы, версіі прычыны смерці Стэфана Баторыя і навуковых спроб раскрыць гэтую таямніцу гісторыі.

Існуе некалькі версій смерці караля. Асноўныя: натуральная смерць і атручэнне. З аднаго боку, вядома, што Стэфан Баторый меў хваробы, пра якія ведалі толькі яго лекары, хоць на ўсіх ён рабіў уражанне моцнага і здаровага мужчыны. Тым не менш навукоўцы не выключаюць і таго факту, што ўплывовы князь мог быць атручаны адным з набліжаных.

Пасля гутаркі госці наведалі так званую Баторыеўку, цяпер - адзін з карпусоў Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе знаходзіцца анатамічная экспазіцыя «Гарадзенская кунсткамера». У сценах гэтага будынка 15 снежня 1585 года было выраблена анатаміраванне цела Баторыя для высвятлення прычыны яго смерці.

- Хочам сказаць, што ў апошнія гады ў Еўропе ўзрастае цікавасць да Беларусі, прычым не толькі турыстычная, але і навуковая. Бо на беларускіх землях адбываліся вельмі важныя падзеі, якія паўплывалі на геапалітычны стан Еўропы. Да таго ж у нас агульная гісторыя, якая аб'ядноўвае Вугоршчыну і Беларусь, Вугоршчыну і Горадню. І Горадня сапраўды цікавы горад, зразумела, чаму Стэфан Баторый так яго любіў, - падзяліліся браты Тамас і Золт Молнар.

Гістарычная атмасфера нашага горада, новыя цікавыя факты і ўдакладненыя дэталі загадкі смерці караля знойдуць адлюстраванне ў кнізе вугорскіх навукоўцаў, якая выйдзе на расейскай і ангельскай мовах і стане грунтоўным даследаваннем гэтай праблемы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках