5 траўня 2024, Нядзеля, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cлуцкіх аферыстаў з фільтрамі вывелі на чыстую ваду

14
Cлуцкіх аферыстаў з фільтрамі вывелі на чыстую ваду
АРХІЎНЫЯ ФОТА ONLINER.BY

Двое мужчын і адная жанчына прадстаўляліся супрацоўнікамі ЖКГ і махалі нейкай «скарыначкай».

Два слуцкія юрысты аб'ядналіся, каб дапамагчы сваім паджылым сваячкам ануляваць дамовы з кампаніяй, якая ўстанавіла ім фільтры для ачысткі вады. Навязаны сэрвіс каштаваў бы кожнай пенсіянерцы 280 рублёў, піша kurjer.info.

Вольга вучыцца на юрыста, а Наталля ўжо мае юрыдычную адукацыю. Дзяўчаты знайшлі адна адную праз аб'яву, калі шукалі людзей, якія пацярпелі ад дакучлівага сэрвісу кампаніі «БелРусВод».

Пераконвалі, што фільтр патрэбны

У студзені 2017 года прадстаўнікі кампаніі актыўна праводзілі сходы ў слуцкіх шматпавярховіках, пераконвалі жыхароў, што фільтры ім жыццёва патрэбныя. Папаліся на вуду маці Наталлі і бабуля Вольгі.

“Двое мужчын і адная жанчына прадстаўляліся супрацоўнікамі ЖКГ, махалі нейкай "скарыначкай". Казалі, што ў доме старыя трубы, дрэнная вада, таму трэба ўсталяваць фільтры. Пакуль што яны робяць гэта бясплатна, а праз тры месяцы ўсіх абавяжуць ўсталяваць фільтры. І гэта ўжо будзе за грошы”, - так запомніла бабулі Вольга размова з візіцёрамі.

Наталля дадала, што прадстаўнікі кампаніі падчас сходу ў доме ейнай маці так заблыталі жыхароў, што тыя ў выніку не зразумелі, колькі ж трэба плаціць за ўстаноўку фільтра.

“Ці то 280 тысяч старымі, ці то 280 новымі. Заблыталі так, што мы ўсе падумалі, што 28 рублёў новымі”, - распавяла мама Наталлі.

За ўстаноўку -280 рублёў, за дэмантаж - 100 рублёў

Калі фільтры ўсталявалі і падпісалі дамовы, прадстаўнікі «БелРусВод» запатрабавалі па 280 рублёў з кожнага.

Жанчыны былі ў разгубленасці: «Якія 280 рублёў? Вы ж казалі, што гэта бясплатна». Яны прасілі забраць фільтры назад, на што ім сказалі: «Плаціце за дэмантаж 100 рублёў». У той момант у случанак не было ні 280 рублёў, ні 100 рублёў, і яны не заплацілі. Праз некалькі дзён кампанія даслала ім лісты з патрабаваннем аплаціць паслугі.

Маці Наталлі і бабуля Вольгі звярнуліся ў міліцыю. Пасля праверкі прыйшоў адказ, што складу злачынства ў дзеяннях кампаніі «БелРусВод» няма.

Пасля гэтага Наталля і Вольга сталі шукаць праз аб'явы людзей, якія пацярпелі ад кампаніі, што ўстанаўлівае фільтры для ачысткі вады.

Абедзве дзяўчыны перамаглі дзякуючы суду

Улетку дзяўчыны падалі заяву ў суд. Яны прасілі прызнаць угоды несапраўднымі і выплаціць маральную шкоду на 300 рублёў. У кастрычніку суд вынес пастанову - прызнаць угоды несапраўднымі. Са слоў дзяўчат, адказнікі ў судзе паводзілі сябе напорыста.

У выпадку з бабуляй Вольгі стораны пайшлі на замірэнне. Пенсіянерка заплаціла 50 рублёў за дэмантаж абсталявання.

Мама Наталлі ад замірэння адмовілася, і кампанія бясплатна дэмантавала фільтр для ачысткіі вады. У пазове аб кампенсацыі маральнай шкоды сем'ям адмовілі.

Пяць парад

“Гэтыя ягамосці "бяруць "людзей эфектам нечаканасці і карыстаюцца неінфармаванасцю”, - кажуць дзяўчаты і раяць, як не стаць ахвярай дакучлівага сэрвісу.

• Не ўпускайце ў кватэру людзей, якія выдаюць сябе за супрацоўнікаў ЖКГ, калі на пад'ездзе не вісіць аб'ява.

• Калі ўпусцілі, патрабуйце дакументы, якія сведчаць асобу. Іх трэба ўважліва вывучыць, каб вы мелі разуменне, з кім маеце стасункі.

• Калі вы пагадзіліся на прапанаваны сэрвіс, а потым адумаліся, то не плаціце грошы. Вярнуць іх будзе складаней, чым прымусіць забраць сваё абсталяванне.

• Не бойцеся падаваць заяву ў суд. Згодна з Законам РБ "Аб абароне правоў спажыўцоў”спажыўцы паводле пазоваў аб абароне іх правоў вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай мыты.

• Звяртайцеся па кансультацыю ў аддзел гандлю і паслуг Слуцкага райвыканкама. Вас пракансультуюць бясплатна.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках