7 траўня 2024, aўторак, 23:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт: рэканструктары пад Менскам аднавілі паляванне беларускай шляхты

2
Фотафакт: рэканструктары пад Менскам аднавілі паляванне беларускай шляхты

Рэканструкцыю правялі паводле правілаў змяшанага палявання часоў ВКЛ.

Аматары рэканструкцыі псовага палявання з хартамі выехалі на міханавіцкія палі Меншчыны. Гэтым разам акрамя хартоў, якіх у свой час завезлі разам з псовым паляваннем да арыстакратаў ВКЛ татары, з аматарамі рэканструкцыі былі і беларускія ганчакі, піша «Белсат».

Рэканструкцыю зладзілі паводле правілаў змяшанага палявання часоў ВКЛ. Беларускія ганчакі маюць сваю ролю: дзякуючы свайму дасканаламу нюху, гэтыя сабакі знаходзяць звера і выганяюць яго з лесу ці кустоўя на поле.

І тады ў паляванне ўступаюць харты, якія дзякуючы сваёй хуткасці здольны даганяць любую здабычу.

Частка людзей таксама ідзе ў загон на малой адлегласці адзін ад аднаго з крыкамі і шумам каб спалохаць, напрыклад, зайца.

У падобным паляванні традыцыйна выкарыстоўвалі шмат сабакаў ды коней, таму абыходзілася яна арыстакратыі зусім нятанна.

Харты ў той час каштавалі нямала – іх завозілі на тэрыторыю сучаснай Беларусі з Малой Азіі (цяпер гэта частка Турцыі). Яны былі непрыстасаваныя да суворай беларускай зімы. Таму на паляванні вершнікі вазілі іх з сабою на конях, адкуль хорт таксама мог заўважыць здабычу. Тады харта спускалі на звера.

З часам вывялі больш прыстасаваную да ўмоваў мясцовага палявання пароду хартоў, але таннай яна ад гэтага не стала. Пасля адмены прыгоннага права гэткі від палявання паступова стаў знікаць як на тэрыторыі сучаснай Беларусі, гэтак і ў Расеі.

Адметнаю асаблівасцю гэтай рэканструкцыі палявання быў удзел сабак адроджанай нацыянальнай пароды – беларускага ганчака. Сабакі гэтай пароды з’яўляюцца яшчэ на гравюрах ВКЛ. Да сярэдзіны XX стагоддзя беларускія паляўнічыя актыўна выкарыстоўвалі гэтую «народную» пароду, якая добра арыентавалася па мясцовасці, была прыдатная ў паляванні на розных звяроў, у тым ліку на капытных. Але ў адрозненні ад іншых паляўнічых сабак, даволі хутка вярталася на гук горна гаспадара.

Што ж да трафеяў, то заячых ды іншых слядоў на палях пад Міханавічамі было зусім няшмат, таму паляванне насіла збольшага характар паказальнай гістарычнай рэканструкцыі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках