8 студзеня 2025, Серада, 20:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамяльчанкі адстойваюць права на пратэст на міжнародным узроўні

Гамяльчанкі адстойваюць права на пратэст на міжнародным узроўні
Фота: «Радыё Свабода»

Актывісткі абвяшчаюць пра фактычнае табу на свабоду мірных сходаў у рэгіёне.

25 снежня валанцёркі Гомельскага цэнтра стратэгічнай цяжбы Ала Раманчык і Наталля Шчукіна накіравалі скаргу ў Камітэт ААН у правах чалавека. На міжнародным узроўні жанчыны абвесцілі, што іхняе права на свабоду мірных сходаў і выказванне меркавання, прадугледжанае артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы, сістэматычна парушаецца беларускімі ўладамі, паведамляе gomelspring.org.

Цягам года валанцёркі звярталіся ў райвыканкамы з пытаннем наконт правядзення ў Брагіне, Лоеве, Жлобіне і Мазыры пікетаў з мэтай актуалізацыі сярод людзей каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, выказвання пратэсту супраць крымінальнага пераследу лідараў незалежнага прафзвязу РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча. Раённыя ўлады паўсюдна масавыя мерапрыемствы забаранілі. Усе суды – раённыя і абласны, дзе былі абскарджаныя забароны чыноўнікаў, сталі на бок уладаў.

У скарзе ў Камітэт у правах чалавека валанцёркі звяртаюць увагу, што ў райцэнтрах улады паўсюдна вызначылі толькі адно месца для правядзення пікетаў, а за іх правядзенне грамадзяне, згодна з пастановамі райвыканкамаў, павінны яшчэ і заплаціць – міліцыі, хуткай дапамозе і камунальным службам. Таксама актывісткі выявілі, што, напрыклад, у Брагіне і Лоеве масавыя мерапрыемствы дазволена праводзіць бясплатна, а ў Жлобіне і Мазыры за іх правядзенне трэба плаціць.

Актывісткі-валанцёркі мяркуюць, што ўрад Беларусі не выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы, паколькі нацыянальны закон «Аб масавых мерапрыемствах» утрымлівае двухсэнсоўныя і расплывістыя нормы, якія могуць трактавацца і тлумачыцца па-рознаму. Яны просіць Камітэт ААН вызначыць факт сістэматычнага парушэння іхніх правоў з боку дзяржавы і рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці закон «Аб масавых мерапрыемствах» і пастановы мясцовых уладаў у адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі.

Нагадаем, цягам года Гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы праводзіў у рэгіёне маніторынг наконт захавання права кожнаму на мірныя сходы і выказванне меркавання. З 18 пададзеных у розных райцэнтрах Гомельскай вобласці заявак на правядзенне пікетаў не была задаволеная ніводная. Валанцёрка цэнтра Алена Луцковіч ужо падала скаргу ў КПЧ ААН наконт забароны пікетаў у Акцябрскім, Лельчыцах, Калінкавічах, Петрыкаве, Ельску і Жыткавічах, іншы валанцёр Сяргей Касабуцкі паскардзіўся ў ААН на забарону пікетаў у Карме, Буда-Кашалёве, Хойніках і Чачэрску.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках