11 траўня 2024, Субота, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы тып цэменту дазволіць ствараць хмарачосы вышынёй у мілю

17
Новы тып цэменту дазволіць ствараць хмарачосы вышынёй у мілю
Фота: Getty Images

Ён дазволіць будаваць хмарачосы ў 10 разоў вышэйшыя, чым сённяшнія.

Навукоўцы з Канстанцкага ўніверсітэта ў Нямеччыне заяўляюць, што стварылі цэмент, устойлівы да разбурэнняў. Ён дазволіць будаваць хмарачосы ў 10 разоў вышэйшыя, чым сённяшнія самыя высокія. Усё праз тое, што навукоўцы змянілі структуру асноўнага злучальнага элемента цэменту, піша hightech.fm.

Навукоўцы займаліся распрацоўкай новага цэменту, пазбаўленага недахопаў, уласцівых таму, што сёння выкарыстоўваецца ў будаўніцтве. У першую чаргу яны хацелі справіцца з расколінамі, якія ўтвараюцца ў матэрыяле пры вельмі высокім ціску. Такі цэмент можна было б выкарыстоўваць не толькі для будаўніцтва раней нябачаных хмарачосаў, але і для розных сейсмаўстойлівых збудаванняў высокай трываласці. Развязанне знайшлося пасля вывучэння асаблівых істот, якія жывуць пад вадой.

«Мы змянілі нанаструктуру цэменту, зрабіўшы яе больш спарадкаванай. Новая структура была запазычаная ў марскіх вожыкаў. Мы вывучылі іх шыпы, чыя структура нагадвае спарадкаваную сцяну з асобных цаглін. Гэтую мадэль мы перанеслі на наша даследаванне. Галоўным нашым дасягненнем стала тое, што мы навучыліся прадухіляць разбурэнне крышталяў гідрасілікату кальцыю - асноўнага злучальнага элемента ў цэменце. Нам удалося стварыць першы спарадкаваны гідрасілікат кальцыю, - распавядае прафесар Гельмут Кельфен.

Навукоўцы тлумачаць, што іх адкрыццё надае цэменту эластычнасць. Звычайны матэрыял паказвае вялікую трываласць на сціск, але пры расцяжэнні і выгібах ён руйнуецца. Іх спарадкаваная структура дазволіла ўзмацніць трываласць на расцяжэнне за кошт сваёй спарадкаванасці. Тэсты паказалі, што цэмент, створаны паводле новай тэхналогіі, можа быць у 40-100 разоў мацнейшы за той матэрыял, што выкарыстоўваюць сёння. Адзіная праблема - кошт. Навукоўцы кажуць, што сёння тэхналогія будзе дорага абыходзіцца, калі яе выкарыстоўваць маштабна. Таму яны мяркуюць, што развіць яе можна ў выглядзе прымешак да цэменту, якія падвышаюць трываласць.

Раней навукоўцы з Універсітэта Брытанскай Калумбіі таксама заявілі, што развязалі праблему расцяжэння і стварылі бетон, які здольны справіцца з землятрусамі магнітудай 9 балаў, нават без умацавання арматурай. Да іх прафесар Ратгерскага ўніверсітэта прадэманстраваў тэхналогію экалагічна чыстай вытворчасці бетону, якая на 70% скарачае выкіды парніковых газаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках