11 траўня 2024, Субота, 6:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: Сітуацыя з беларускай мовай радыкальна змянілася

6
Вінцук Вячорка: Сітуацыя з беларускай мовай радыкальна змянілася
ВІНЦУК ВЯЧОРКА

Сітуацыя з беларускай мовай змянілася не дзякуючы дзяржаўнай моўнай палітыцы, а насуперак ёй.

Дзве траціны насельніцтва Беларусі заявілі аб свабодным валоданні беларускай мовай, крыху менш за чвэрць сцвярджаюць, што гавораць па-беларуску дома. Але на вулічных шыльдах, па тэлевізіі, радыё, у размовах на рынках ці тралейбусах – расейская мова ў пераважнай большасці, «забіваючы» беларускую мову. Чаму?

Прыведзеныя вышэй звесткі былі атрыманыя ў выніку перапісу 2009 года (перапіс насельніцтва праводзіцца раз у 10 гадоў), і ў наступныя гады розныя даследчыкі пра ўжыванне беларускай мовы гаварылі то больш аптымістычна, то куды больш змрочна. Відавочным засталося адно: расейская мова пануе ў Беларусі, піша ВВС.

«Калі пры афіцыйных перапісах пытаюцца, на якой мове вы размаўляеце, наш чалавек у першую чаргу ліхаманкава думае: а што цяпер дзяржаве трэба? У беларускай традыцыі адказаць так, як дзяржаве трэба», - заўважае Вінцук Вячорка, лінгвіст, які доўгі час узначальваў Беларускі Народны Фронт.

«Палітыка сучасных беларускіх уладаў вярнулася да савецкай практыкі пасля кароткага перапынку ў пачатку 90-х, калі беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай, - сцвярджае лінгвіст Вінцук Вячорка. - Калі звернемся да афіцыйнай статыстыкі, у 2010 годзе ў сярэдніх школах 19% вучылася па-беларуску, а ў гэтым навучальным годзе 13%. З кожным годам па адсотку змяншаецца. Ва ўсіх вышэйшых навучальных установах 300 чалавек толькі рэальна вучацца па-беларуску - большую частку свайго навучальнага часу. Гэта нават не адзін адсотак, гэта сотыя долі ад агульнай колькасці студэнтаў. Гэтым дзяржава нам паказвае - вось месца вашай мовы!».

Праблема двухмоўя - у палітычнай і лінгвістычнай сферы, мяркуючы з усяго, вырашыцца не заўтра. Але лінгвіст Вінцук Вячорка канстатуе: за апошнія гады сітуацыя з мовамі ў Беларусі ўсё ж такі змянілася.

«Мне было 20 гадоў у савецкую пару, і мы тады ведалі адзін аднаго, хто размаўляе на літаратурнай беларускай мове ў больш чым мільённым Менску, - распавядае ён. - Абсалютна непараўнальная сённяшняя сітуацыя! Вырасла і ўвайшло ў свядомы ўзрост пакаленне, што з'явілася ў перыяд дынамічнага нацыянальнага адраджэння. І падрасло ўжо пакаленне, якое рэалізуецца ў стварэнні альтэрнатыўнай культуры. Калі беларускую мову прыніжалі ярлыкамі «вясковы», «калгасны», то сёння гэтага няма. Радыкальна змянілася сітуацыя - не дзякуючы дзяржаўнай моўнай палітыцы, а насуперак ёй. Гэта паказвае жыццёвую сілу беларускай мовы».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках