7 траўня 2024, aўторак, 16:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея хоча правяраць замежнікаў, якія прыбываюць у Беларусь без віз

24
Расея хоча правяраць замежнікаў, якія прыбываюць у Беларусь без віз

У РФ заклапочаныя наступствамі ўвядзення Беларуссю бязвізавага рэжыму на пяцідзённы тэрмін для грамадзян 80 краін.

Ва ўмовах бязвізавага рэжыму варта ўвесці дадатковы кантроль з боку расейскіх спецслужбаў у Нацыянальным аэрапорце Менск, уважаюць расейскія экспэрты.

У Расеі заклапочаныя наступствамі ўвядзення Беларуссю бязвізавага рэжыму на пяцідзённы тэрмін для грамадзян 80 краін, бо гэтая пастанова закранае і інтарэсы Расеі з прычыны адсутнасці на мяжы дзвюх краін памежнага кантролю, піша ej.by.

Так, дырэктар Міжнароднага інстытута найноўшых дзяржаў палітолаг Аляксей Мартынаў (Расея) назваў прынятую пастанову аб бязвізавым уездзе «дэмаршам з боку Беларусі».

«Як у Менску змогуць кантраляваць кожнага прыезджага іншаземца ўсе пяць дзён? – адзначыў ён падчас тэлемосту, прысвечанага абмеркаванню ўвядзення Беларуссю бязвізавага ўезду для 80 краін. – Вось прылятае чалавек на пяць дзён, садзіцца на любы від транспарту і праз некалькі гадзін ён у Маскве і робіць там, што заўгодна. І нас гэта непакоіць». Таксама ён адзначыў, што Беларусь, якая ўваходзіць у Саюзную дзяржаву з Расеяй, чамусьці сёння ў аднабаковым парадку прымае пастанову аб бязвізавым уездзе.

І хоць намеснік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МДУ ім. М. В. Ламаносава, сябра Савета ў міжнацыянальных стасунках пры прэзідэнце РФ Багдан Бязпалька ўважае, што сам па сабе крок па ўвядзенні Беларуссю бязвізавага рэжыму пакуль яшчэ не ўяўляе істотнай небяспекі для Расеі, ён упэўнены, што ў гэтых умовах варта ўвесці дадатковы кантроль з боку расейскіх спецслужбаў у Нацыянальным аэрапорце Менск. Таму як, на яго погляд, беларускі аэрапорт можа стаць акном магчымасцяў для варожага пранікнення.

«У гэтай сітуацыі тэарэтычна існуе магчымасць таго, што асобы, якія падтрымліваюць радыкальныя погляды, могуць трапіць на тэрыторыю Беларусі, а затым пракрасціся на тэрыторыю Расеі і ажыццявіць тут розныя недружалюбныя акты, у тым ліку і тэрарыстычныя», – сказаў ён.

«У тым жа выпадку, калі Беларусь увядзе пасля бязвізавы рэжым з краінамі ЕЗ, на ўзаемнай аснове альбо ў аднабаковым парадку, а ў Расеі такога рэжыму не будзе, паўстане пытанне пра неабходнасць ажыццяўлення кантролю на мяжы Расеі і Беларусі», – дадаў экспэрт.

У сваю чаргу беларускія эксперты прапануюць «не шукаць праблемы там, дзе іх няма».

Са слоў эксперта ў галіне нацыянальнай бяспекі Аляксандра Цішчанкі (Беларусь), увядзенне пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў ніякіх рызык для Расеі не ўяўляе.

З ягоных слоў, аэрапорт – найбольш кантраляванае месца перасячэння мяжы і сістэма кантролю ў Нацыянальным аэрапорце Менск яшчэ больш сур'ёзная, чым пры візавым уездзе. «Чалавек праходзіць фільтраванне з пункту гледжання працы з базамі. Усе праблемныя асобы, якія знаходзяцца ў беларускіх і расейскіх базах, праходзяць праз фільтр гэтых баз», – сказаў ён. Таму, з ягоных слоў, казаць аб тым, што хтосьці «праблемны» можа пракрасціся на тэрыторыю Расеі – рэч надуманая.

Таксама ён дадаў, што меры бяспекі, якія прымаюцца на тэрыторыі Беларусі і на мяжы дзвюх краін, адэкватныя той абстаноўцы, якая складваецца.

Трэба таксама адзначыць, што расейскія экспэрты ў цэлым канстатавалі, што беларуска-расейскія стасункі апошнім часам сапсаваліся і адчуваюць крызіс, і гаворка тут не толькі ў тым, што Беларусь прыняла пастанову аб бязвізавым рэжыме для замежнікаў.

На погляд Багдана Бязпалькі, цалкам магчыма спатрэбіцца карэнны перагляд стасункаў паміж дзвюма краінамі на больш прагматычнай аснове.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках