2 траўня 2024, Чацвер, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выхад Грэцыі з еўразоны зноў стаў тэмай у Еўразвязе

1
Выхад Грэцыі з еўразоны зноў стаў тэмай у Еўразвязе

Прызабытае слова Grexit вяртаецца.

Слова Brexit цяпер ва ўсіх на вуснах, а вось прыдуманы істотна раней выраз Grexit многія ўжо паспелі прызабыцца. Бо тэма выхаду Грэцыі з еўразоны адышла на задні план пасля надання Афінам летам 2015 года 3-га пакета фінансавай дапамогі аб'ёмам 86 мільярдаў еўраў тэрмінам на тры гады: паўстала адчуванне, што самая праблемная краіна еўрапейскага валютнага звяза сяк-так усё ж выходзіць з крызісу, піша Нямецкая хваля.

Вольфганг Шойбле раптам загаварыў пра Grexit

І вось з сярэдзіны лютага слова Grexit раптам зноў замігацела ў еўрапейскіх СМІ. Непасрэднай падставай можна меркаваць выказванне міністра фінансаў Нямеччыны Вольфганга Шойбле (Wolfgang Schäuble) 8 лютага ў адным з нямецкіх ток-шоу. Даўні змагар за палітыку жорсткай эканоміі, ён адзначыў, што неабходна прадаўжаць уіснуць на ўрад у Афінах, прымушаючы грэкаў праводзіць рэформы і павышаць канкурэнтаздольнасць сваёй эканомікі. "Інакш яны не змогуць застацца ў валютным звязе", – падкрэсліў міністр, патлумачыўшы пры гэтым, што сам ён не чакае Grexit.

Рэч у тым, што еўрапейскі стабфонд ESM вось ужо некалькі месяцаў затрымлівае выплату Афінам чарговага траншу з дзейнага пакета дапамогі. Прычына: незадаволенасць крэдытораў занадта павольным, на іхнюю думку, ходам рэформаў. Калі грошы не паступяць да лета, Грэцыя ізноў апынецца на мяжы банкруцтва, паколькі ў сярэдзіне ліпеня ёй трэба будзе абслужыць пазыковыя абавязальніцтвы памерам 4,2 млрд еўраў.

У гэтай сітуацыі некаторыя прадстаўнікі кіроўнага ў Афінах руху "Сірыза" зноў пачалі заклікаць не ісці на саступкі крэдыторам і падумаць пра вяртанне краіны да ранейшай грашовай адзінкі драхмаў. "Тым, хто распавядае глупства, быццам нічога страшнага не адбудзецца, калі мы адмовімся ад еўраў, варта было б з'ездзіць у Паўночную Карэю. Там яны ўбачаць, што адбудзецца", – заявіў у адказ кіраўнік Цэнтрабанка Грэцыі Яніс Стурнарас, выступаючы 14 лютага ў фінансавым камітэце грэцкага парламента.

Выбары ў Нямеччыне прымушаюць Берлін быць патрабавальным

Але адна справа – левыя радыкалы з "Сірызы" з іхнімі папулісцкімі заклікамі да Grexit, зусім іншая – кансерватар Вольфганг Шойбле. Чаму такі шматвопытны, аўтарытэтны і адказны палітык раптам загаварыў пра выхад Грэцыі з еўразоны? Найбольш відавочны адказ: каб узмацніць ціск на грэцкі ўрад з мэтай дамагчыся паскарэння рэформаў.

Аднак ёсць і ўнутрыпалітычнае тлумачэнне: у верасні ў Нямеччыне маюць быць парламенцкія выбары, за галасы выбарнікаў актыўна змагаецца партыя еўраскептыкаў "Альтэрнатыва для Нямеччыны" (АДН), якая даўно прапануе выключыць Грэцыю з еўразоны. Зразумела, што АДН будзе выкарыстоўваць на сваю карысць любыя саступкі Афінам з боку ўрада Нямеччыны.

Вось Шойбле і дэманструе прыхільнікам і патэнцыйным выбарнікам ХДС: партыя Ангелы Меркель (Angela Merkel) не мае намеру раскідвацца грашыма падаткаплацельнікаў і будзе цвёрда дамагацца ад грэцкага ўрада выканання тых абавязальніцтваў, якiя ён на сябе ўзяў. Тым больш, што гэтага ўсё больш настойліва патрабуюць розныя колы нямецкага грамадства. Так, 20 лютага Эканамічная рада ХДС (Wirtschaftsrat der CDU) – блізкая да партыі і вельмі ўплывовая арганізацыя справавых колаў – публічна заклікала ні ў якім разе не дапусціць спісання пазыкаў Грэцыі і пры неабходнасці разглядаць Grexit як адзін з магчымых варыянтаў.

МВФ і пытанне пра спісанне пазыкаў

І тут мы падышлі да яшчэ аднаго аспекту праблемы. У гэты момант фінансавую дапамогу Грэцыі ажыццяўляе ў адзіночку стабфонд ESM, хоць першапачаткова меркавалася, што ў 3-м пакеце будзе ўдзельнічаць і Міжнародны валютны фонд. Менавіта з гэтай умовай пакет у свой час быў падтрыманы германскім бундэстагам. Аднак МВФ выказаў сумнеў у мэтазгоднасці і рэалістычнасці некаторых канкрэтных патрабаванняў, што прад'яўляюцца Грэцыі еўрапейцамі. Але галоўнае разыходжанне – у іншым. МВФ прыйшоў да высновы, што Грэцыя не ў стане абслугоўваць сваю гіганцкую пазыку, якая складае блізу 315 мільярдаў еўраў або больш за 180 адсоткаў ВУП, і запатрабаваў яе часткова спісаць.

Еўрапейцы з дзвюх прычынаў катэгарычна супраць. Па-першае, такі крок азначаў бы прызнанне таго, што вылучаныя Афінам грошы падаткаплацельнікаў незваротна страчаныя, а гэта відавочна не спадабаецца выбарнікам. Па-другое, спісанне пазыкаў грэкам стала б абуральнай несправядлівасцю ў адносінах да народаў Ірландыі, Партугаліі, Кіпра і Гішпаніі, якія не атрымалі ніякіх патуранняў пры правядзенні балючых рэформаў і цяпер крок за крокам вяртаюць атрыманыя крэдыты. Але вось да рэструктурызацыі грэцкай пазыкі еўрапейцы ў прынцыпе гатовыя. Напрыклад, да падаўжэння тэрмінаў пагашэння крэдытаў або зніжэння адсоткавых ставак.

На сустрэчы ў Берліне Ангелы Меркель з дырэктаркай-распарадніцай МВФ Крысцін Лагард 22 лютага пытанне пра спісанне пазыкаў было знятае з парадку дня. Ніякіх асаблівых варункаў для Грэцыі не будзе, падкрэсліла Лагард, краіне патрабуюцца "дысцыпліна і структурныя рэформы". Яна заклікала Афіны тэрмінова рэфармаваць пенсійную сістэму і прыбытковае падаткаабкладанне, а таксама рынак працы і банкаўскі сектар.

З сярэдзіны 2018 года Грэцыя зможа абысціся без фінансавай дапамогі

У той самы час яна запатрабавала ад еўрапейцаў у 2018 годзе пасля заканчэння тэрміну дзеяння цяперашняга 3-га пакета дапамогі (да якога МВФ цяпер, падобна, усё ж далучыцца) рэструктураваць пазыкі Грэцыі, пры гэтым маштабы саступак павінны залежаць ад ходу рэформаў і поспехаў грэцкай эканомікі.

У Берліне Крысцін Лагард зрабіла яшчэ адну прынцыпова важную заяву. Яна выказала здагадку, што пасля таго, як у наступным годзе скончыцца цяперашні 3-і пакет, Афінам ужо больш не спатрэбіцца фінансавая дапамога. З аналагічным прагнозам раніцай таго ж 22 лютага на старонках газеты Süddeutsche Zeitung выступіў і кіраўнік стабфонду ESM Клаўс Реглінг (Klaus Regling). "Калі найбліжэйшыя 18 месяцаў будуць добра выкарыстаныя, – сказаў ён, – Грэцыя з сярэдзіны 2018 года зможа самастойна забяспечваць сябе грашыма на рынку капіталу".

Такім чынам, Грэцыя пасля шасці гадоў знясільвальнага крызісу зноў апынулася на раздарожжы. Альбо ў яе цяпер хопіць сілаў і палітычнай волі для яшчэ аднаго буйнога рэфарматарскага рыўка, і тады яна праз год канчаткова пазбавіцца ад фінансавай кропельніцы і жорсткіх патрабаванняў крэдытораў, альбо сілы яе пакінуць – і тады справа можа дайсці да Grexit. Менавіта такую дылему прадказала ў пачатку студзеня грэцкае аб'яднанне прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Яно падало даклад, галоўная думка якога зводзіцца да навеянай антычнымі тэкстамі паэтычнай формулы: 2017 год будзе для Грэцыі "альбо выдатным, альбо жахлівым".

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках