7 траўня 2024, aўторак, 20:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Баранавічах рабочых трымаюць на заробку 160 рублёў

10
У Баранавічах рабочых трымаюць на заробку 160 рублёў

Праз маразы ў цэхах даводзіцца працаваць у целагрэйках.

Заробак 160 рублёў, змерзлыя станкі і няпоўныя працоўныя тыдні: работнікі трох баранавіцкіх прадпрыемстваў распавялі intex-press.by пра тое, колькі яны зарабляюць і што цяпер адбываецца на іх заводах.

Аляксей, ААТ «Баранавіцкі камбінат жалезабетонных канструкцый»

Арматурны цэх працуе пяць дзён па 7 гадзін, фармовачны цэх праз дзень нібыта па 11 гадзін, але фактычна, зрабіў норму – ідзі дадому. Пакуль на працы не затрымліваюць, як гэта было раней: рабілі працу за 7 гадзін, а астатнія гадзіны прымушалі даседжваць.

Часам бывае, прыходзім і паўдня сядзім, чакаем працоўны матэрыял, бо няма чым працаваць. План летась паднялі, а заробак застаўся такім жа – прыкладна 350-500 рублёў у сярэднім па заводзе. Яго часта затрымліваюць.

У параўнанні з 2016 усё засталося на тым жа ўзроўні. Заказаў мала, брыгады закрываюць, працоўных раскідваюць у іншыя брыгады, дзе ёсць яшчэ хоць нейкая праца. Начальства з рабочымі на гэтую тэму стараецца не гаварыць, спасылаючыся на тое, што цяпер усюды не соладка, так што цярпіце.

Рабочыя, натуральна, настроены песімістычна, ніхто не верыць, што найбліжэйшымі гадамі штосьці зменіцца да лепшага. Хто змог дзесьці па блаце ўладкавацца на іншую працу або знайсці добрае месца ў Расеі, тыя сышлі. Сам ужо тры гады спрабую знайсці новую працу, але безвынікова, прапануюць «памяняць шыла на мыла». Калі б не дапамога бацькоў, то, напэўна, ужо даўно ва Украіне ваяваў, каб сям'ю пракарміць.

АФІЦЫЙНА. Уладзімір Шклянік, галоўны інжынер ЖБК: «Рэжым працы на прадпрыемстве не мяняўся з мінулага года і адпавядае часу года. На прадпрыемстве працуе больш за 400 чалавек».

Ксенія, ААТ «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод»

Заробак ва ўсіх розны: хто працуе на ЛПК (Лічбавае праграмнае кіраванне на новых станках. – Аўт.) атрымліваюць па 400-500 рублёў. А хто на старых станках, дзе ўручную даводзіцца ўсё рабіць, дзе льецца халодная эмульсія і мерзнуць рукі, тыя атрымліваюць капейкі.

Вы не ўяўляеце, як холадна ў цэхах! Даводзіцца працаваць у целагрэйках. У мяне пасля некалькіх гадоў працы захварэлі суставы. Не важна, холадна, ці горача ў цэху: калі ёсць праца, то ты выходзіш і працуеш. Кіраўніцтва ходзіць па цэху з градуснікам, вымярае тэмпературу, робіць выгляд, што ўсё нармальна.

Людзі настроены агрэсіўна і негатыўна, але сыходзіць няма куды. Трымаюцца хоць за гэта месца. Бо ў горадзе працы няма наагул. Каму патрэбна на працу жанчына з дзецьмі?

Мая калега за мінулы месяц атрымала 160 рублёў – як маці-адзіночцы з двума дзецьмі жыць на такі заробак?

Начальства корміць абяцаннямі, што ўсё зменіцца, будуць лепшыя часы, будуць замовы. Самае крыўднае, што мужчынам заробак паднялі, а жанчынам – не. З мінулага года нічога не змянілася.

Работнікі сыходзяць у дэкрэт, хтосьці звальняецца паводле стана здароўя, у кагосьці заканчваецца кантракт, на пенсію многія пасыходзілі. Так вось і скарачаюць людзей.

АФІЦЫЙНА. Атрымаць аператыўны каментар у кіраўніцтва прадпрыемства не ўдалося.

Валерыя, ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне»

З мінулага года нічога не змянілася, крызіс, цэх завалены таварам.

«Бруднымі» атрымліваем 230-250 рублёў. Але калі адымаем падаходны падатак, аплачваем інтэрнат – застаецца 170-180 рублёў. Але, шчыра кажучы, інтэрнат ратуе, таму што на арэнду кватэры сыходзіў бы ўвесь заробак.

Вядома, на жыццё не стае – на заробак можна адзін раз у краму схадзіць і закупіцца на месяц. Добра, што ёсць муж і пакуль няма дзяцей. Хоць дзіцячая дапамога і то большая, чым мой заробак.

Умовы працы на БВБА мяне задавальняюць, заробак да 25-га імкнуцца выдаць, хаця б частку дакладна.

Я, можа, і памяняла б працу, але знайсці штосьці добрае ў мяне не атрымліваецца. Прапануюць толькі працу ў сферы абслугоўвання, але гэта складана, і ў мяне няма жадання працаваць у гэтай сферы.

АФІЦЫЙНА. Сяргей Аніскевіч, намеснік дырэктара БВБА ў ідэалогіі: «Цяпер прадпрыемства працуе ў поўным рэжыме: задзейнічаны ўсе змены, больш за 2 тысячы чалавек. Наша прадукцыя стала лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных промыслаў» за баваўняныя тканіны і змешаныя тканіны для пасцельнай бялізны».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках