5 траўня 2024, Нядзеля, 3:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У каталікоў пачаўся Вялікі пост

1
У каталікоў пачаўся Вялікі пост
ФОТА: SVABODA.ORG

У перыяд Вялікага посту вернікі імкнуцца устрымлівацца ад удзелу ў забавах.

У Рымска-каталіцкім Касцёле 1 сакавіка адзначаецца Папяльцовая серада (Папялец) — першы дзень Вялікага посту. Вялікі пост з’яўляецца перыядам супольнага пакаяння.

Гэты час павінен настроіць вернікаў на святкаванне Пасхальнай таямніцы, піша catholic.by.

Пакаянне выражаецца ў шматлікіх формах, найперш — праз пост, малітву, міласціну. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах.

Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў (пар. Апостальская Канстытуцыя Paenitemini, III. — § 1).

У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай або ўвечары (пар. Paenitemini, III. — § 2). Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.

Не з’яўляецца грахом незахаванне посту і ўстрымання ад мяса, калі няма магчымасці ўчыніць гэта па аб’ектыўных прычынах. У некаторых мясцовасцях, па звычаі, прынята захоўваць таксама пост у Вялікую суботу.

Пробашч парафіі, па справядлівай прычыне і згодна з прадпісаннямі дыяцэзіяльнага біскупа, у паасобных выпадках можа ўдзяліць дыспенсу (вызваліць ад абавязку) адносна захавання пакаяннага дня або замяніць гэты абавязак на іншыя пабожныя ўчынкі (пар. кан. 1245 Кодэкса Кананічнага Права).

Вернікі могуць дабравольна накласці на сябе іншыя абмежаванні ў ежы або выбраць іншыя дадатковыя формы пакаяння.

Вялікі пост заканчваецца перад Імшой Вячэры Пана ў Вялікі Чацвер.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках