2 траўня 2024, Чацвер, 15:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці 4-х дзяцей з Магілёва: Каб не было сорамна перад сабой, трэба ісці на Марш

8
Маці 4-х дзяцей з Магілёва: Каб не было сорамна перад сабой, трэба ісці на Марш

Усе беларусы, незалежна ад сацыяльнага становішча і даходаў, павінны быць салідарныя ў барацьбе з незаконнай уладай.

Бацькі 4-х дзяцей Алена і Юрый Крэні прыйшлі 15 сакавіка на магілёўскі «Марш недармаедаў».

Аб перажытым на Дзень Канстытуцыі сям'я распавяла «Радыё Свабода».

У сям'і Крэняў чацвёра дзяцей. Малодшаму Іллі няма і года. Пакуль бацькі былі занятыя размовай, за хлопчыкам даглядала ягоная старэйшая сястра Ксюша. Яшчэ адзін сын Раман быў заняты чытаннем. А дачка Ганна цяпер вучыцца ў Менску.

Алена і Юрый адзначылі, што іх сям'я не адчувае патрэбы. Абодва яны - прадпрымальнікі. Займаюцца афармленнем сядзібнага ландшафту.

«Наш занятак сезонны, але мы прывыклі так жыць», - патлумачылі журналістам жыццёвыя абставіны гаспадары.

«Дэкрэт №3 наогул нас не закрануў, але да нас нарэшце дайшло, што трэба быць разам з людзьмі, - сказалі яны. - Трэба быць салідарнымі з іншымі, бо надыдзе час, і цябе нешта іншае закране».

«Мы палічылі, што нам будзе сорамна перад сабой, калі на «Марш недармаедаў» не пойдзем, - адзначыла Алена. - Мы бачым, што адбываецца ў нашай краіне і з нашымі людзьмі. Наша сям'я жыве нядрэнна, але вакол столькі гора, і хацелася падтрымаць маральна тых, каму нялёгка жывецца».

«Я паважаю гомельскага блогера Максіма Філіповіча, які цяпер трымае галадоўку ў зняволенні. І, мабыць, ён мяне і падахвоціў падняцца з канапы, каб выйсці на вуліцу і звярнуцца да людзей. Думкі Філіповіча супадаюць з маімі, можа, таму я адразу адчула павагу да яго. Я, думаю, што кожны сумленны чалавек у нашай краіне - гэта Максім Філіповіч», - распавяла Алена.

На мітынгу ў сваёй прамове Алена заклікала пратэстоўцаў быць салідарнымі з блогерам.

«Ён дзеліцца сваімі думкамі, як кожны з нас, і тлумачыць іх у інтэрнэце. Давайце падтрымаем яго словамі «Я Максім Філіповіч», - звярталася Алена да натоўпу. У адказ мітынг выгукнуў: «Я Максім Філіповіч!».

«У гэты момант я ледзь не заплакала, - прызналася Алена журналісту. - Я ўпэўненая, што пра Філіповіча мала хто ведае, аднак, дружнае скандаваннем было настолькі кранальным, што ад слёз устрымацца было вельмі цяжка».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках