4 траўня 2024, Субота, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Днём Волі, беларусы!

43
З Днём Волі, беларусы!

99 гадоў таму была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сёння ў Менску пройдзе акцыя, прысвечаная гадавіне абвяшчэння незалежнасці. Пачатак мерапрыемства — а 14-00 ля Акадэміі Навук.

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч звярнуўся да беларусаў напярэдадні Дня Волі:

«Мы выходзім на Плошчу не за міску поліўкі. Нас выводзіць туды нашая чалавечае годнасць. Мы хочам нармальна жыць у нармальнай краіне. Нам трэба абараніць будучыню сваіх дзяцей.

Заклікаю вас, беларусы, узяць актыўны ўдзел у Маршы абураных беларусаў 25 сакавіка а 14.00 каля Акадэміі Навук у Менску.

Разам адсвяткуем наш Дзень Незалежнасці.

Скажам наша «Баста!» азвярэлым хапугам.

Уладу – народу!

Жыве Беларусь!»

Гістарычная падзея адбылося 25 сакавіка 1918 года. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла ў Менску Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася поўная незалежнасць краіны. Упершыню ў гісторыі ў нашага народа з'явілася магчымасць стварыць уласную дзяржаву.

Ля вытокаў БНР стаялі маладыя беларусы - Язэп Варонка, Кастусь Езавітаў, Іван Серада - прадстаўнікі пакалення, выхаванага на ідэях нацыянальнага адраджэння, якое пачалося ў Беларусі ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Усе яны звязвалі надзею на здабыццё волі з Першай сусветнай вайной і Лютаўскай рэвалюцыяй у Расеі.

Магчымасць яе рэалізацыі з'явілася пасля зрыву перамоў паміж бальшавікамі і Нямеччынай у Берасце ў самым пачатку 1918 года. Тады савецкія органы ўлады, якія ўсімі сіламі перашкаджалі дзейнасці беларускіх патрыётаў, былі вымушаныя пакінуць Менск і іншыя буйныя гарады краіны і ўцякаць у Смаленск.

У гэтай сітуацыі 21 лютага выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны. Найбліжэйшым часам пастанавілі склікаць устаноўчы сход, які меўся стаць першай спробай беларусаў на дэмакратычнай аснове вызначаць свой далейшы лёс. Да гэтага функцыі новай улады былі перададзеныя часоваму ўраду - Народнаму сакратарыяту, кіраўніком якога стаў адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады Язэп Варонка.

Праз некалькі тыдняў Беларусь была абвешчаная народнай рэспублікай. Урад пераўтварылі ў Раду БНР, якую ўзначаліў прадстаўнік БСГ Іван Серада.

25 сакавіка Рада абвясціла поўную незалежнасць БНР. Сімваламі новай дзяржавы сталі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.

Урад БНР прыкладаў нямала намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца для адкрыцця ў Менску нацыянальнага ўніверсітэта.

Незалежнасць нашай краіны прызналі шэраг еўрапейскіх дзяржаў.

Рада БНР абапіралася на беларускія рады, якія працавалі ў Магілёве, Гародні, Ваўкавыску, Слуцку і дзясятках іншых гарадоў. Яны адразу ж прыступілі да наладжвання работы органаў новай улады на месцах.

Нямецкая і Савецкая Расея не прызналі БНР, як не прызнавалі і права на самавызначэнне іншых народаў, якія жылі на іх тэрыторыі. Аднак, бальшавікі ўважалі яе за сапраўдную дзяржаву. У пастанове свайго цэнтральнага камітэта яны пісалі, што «трэба дамагчыся, каб паўнамоцтвы ўрада БНР былі перададзеныя ўраду БССР».

Праз складанае вайскова-палітычнага становішча Рада БНР не здолела рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны. За кароткі тэрмін не атрымалася паспець сфармаваць войска і супрацьстаяць наступу бальшавікоў з усходу і палякаў з захаду. Але савецкія ўлады бачылі, якой папулярнасцю карысталася ідэя дзяржаўнасці ў беларусаў. Таму 1 студзеня 1919 года ў Смаленску была абвешчаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь практычна ў тых жа межах, якія былі акрэсленыя ў статутных граматах БНР. Неўзабаве частка Чырвонай Арміі заняла Менск і туды пераехаў урад савецкай Беларусі. Рада БНР была вымушаная эміграваць.

Абвяшчэнне БНР мела і іншыя наступствы, акрамя вымушанага абвяшчэння бальшавікамі ССРБ. Мясцовыя беларускія ўлады паспелі стварыць структуры, якія цягам дзесяцігоддзя вялі партызанскую барацьбу з камуністамі. Часта яна прымала пагрозлівыя для савецкіх уладаў формы - прыкладам гэтаму быў і «Слуцкі збройны чын» і шырокая падтрымка беларусамі паходу генерала Булак-Балаховіча на Палессе. І самае галоўнае, упершыню за дзясяткі гадоў яна стала прыкладам таго, што беларусы маглі дамагчыся пастаўленых мэтаў, бо яшчэ за год да падзей 25 сакавіка 1918 года вельмі мала хто мог уявіць, што ў беларусаў, хай нават на кароткі час, з'явіцца свой урад і свая дзяржава.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках