7 траўня 2024, aўторак, 23:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Пастухоў: Лукашэнку трэба скасаваць

47
Міхаіл Пастухоў: Лукашэнку трэба скасаваць
Міхаіл Пастухоў

Падзеі 25-26 сакавіка ў Менску ўскалыхнулі Беларусь.

«Мы сталі сведкамі ўвядзення ці то надзвычайнага ці то вайсковага становішча. Цэнтр горада быў наводнены людзьмі ў чорнай камуфляжнай форме. У велізарнай колькасці на вуліцы была выведзена міліцэйская тэхніка. Людзі «ў чорным» без усялякіх падстаў накідваліся на мірных грамадзян і зацягвалі іх у свае пякельныя машыны. Арганізатар акцыі – Мікалай Статкевічнапярэдадні быў выкрадзены», - піша на сайце belaruspartisan.org экс-кіраўнік Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

«Усім стала зразумела, што ўвядзенне асаблівага становішча ў сталіцы зыходзіла ад кіраўніка дзяржавы, напалоханага народнай незадаволенасцю. Негатыўныя наступствы, якія наступілі ад названай сітуацыі, абурэнне грамадзян, рэзкае пагаршэнне іміджу краіны прымушаюць абмеркаваць пытанне аб скасаванні пасады прэзідэнта.

Пяць аргументаў «за»

Асабіста я перакананы, што пасаду прэзідэнта варта скасаваць.

Па-першае, найноўшая гісторыя Беларусі паказала, што пасада прэзідэнта сябе не апраўдала. У сілу шэрагу прычын яна вырадзілася ў аднаасобную ўладу з прыгнётам і падначаленнем іншых галін улады. Фактычна, у краіне адбылася ўзурпацыя ўлады.

Па-другое, за 20 з лішнім гадоў прэзідэнцкая ўлада «абрасла» мноствам органаў і ўсялякіх структур, што ператварыла гэтую ўладу ў монстра, параўнальнага па памерах, сілах і фінансах з усёй дзяржавай.

Па-трэцяе, ідэя аб уключэнні пасады прэзідэнта ў праект Канстытуцыі была прынятая неадназначна ў экспэртнай супольнасці і сярод дэпутатаў. Яна не ўпісвалася ў прынцып падзелу ўладаў, падрывала асновы прынцыпу вяршэнства права, супярэчыла традыцыям беларускай дзяржаўнасці.

Па-чацвёртае, прэзідэнцкія паўнамоцтвы ў руках непадрыхтаванага да такой пасады чалавека прывялі да злоўжывання ўладай, захопу ўласнасці, умацаванню ўласнага апарата. Цалкам заканамерна прэзідэнцкая ўлада ператварылася ў аўтарытарную ўладу, а затым - і неабмежаваную.

Як паказала гісторыя, супраціўленне гэтай уладзе выклікала жорсткую рэакцыю. Прыкладам можа быць акцыя галадоўкі дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання ў красавіку 1995 г.

Па-пятае, імкненне да адзінаасобнай улады прывяло да таго, што Лукашэнка прапанаваў шматлікія папраўкі ў Канстытуцыю 1994 года. Калі Вярхоўны Савет 13-га склікання адмовіўся разглядаць такія папраўкі, то ён вынес свой праект Канстытуцыі на рэферэндум. Аднак у сілу грубых парушэнняў заканадаўства рэферэндум не быў прызнаны законным і легітымным. Нягледзячы на гэта, тэкст новай рэдакцыі Канстытуцыі быў уведзены ў дзеянне з 26 лістапада 1996 г. Вярхоўны Савет 13-га склікання краіны быў распушчаны, Канстытуцыйны суд вымушаны быў самараспусціцца.

На думку незалежных юрыстаў, такога роду дзеянні падпадаюць пад прыкметы арт. 61-1 Крымінальнага кодэксу, які дзейнічаў тады, «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Наступныя выбары-перавыбары прэзідэнта не стварылі законную аснову для пераемнасці ўлады. Фактычна, больш за 20 гадоў мы маем вярхоўнага кіраўніка і групу асоб, якія яму служаць, абапіраючыся на сілавыя структуры.

Тры крокі да мары

Новая рэдакцыя Канстытуцыі, прынятая на рэферэндуме 1996 года, з'яўляецца незаконнай з моманту яе прыняцця, а ўсе органы, сфармаваныя на яе аснове, не могуць лічыцца легітымнымі. Атрымліваецца, што дзейная ўлада аказалася па-за рамкамі закона. Прынятыя гэтымі органамі ўлады прававыя акты варта прызнаць юрыдычна нікчэмнымі. Ва ўсякім выпадку, яны маюць патрэбу ў пераглядзе, у тым ліку ўсе рашэнні «прэзідэнцкіх» судоў.

Першым крокам да легітымацыі органаў дзяржаўнай улады павінна стаць аднаўленне Канстытуцыі 1994 года. На аснове яе палажэнняў варта сфармаваць легітымныя органы ўлады, галоўным з якіх з'яўляецца парламент (паводле Канстытуцыі 1994 года – гэта Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь).

Адзінай сілай, здольнай адрадзіць Канстытуцыю 1994 года, быў і застаецца беларускі народ. На пераломным этапе гісторыі ён можа запатрабаваць сабраць усенароднае веча – Усебеларускі з'езд або сход і накіраваць на яго сваіх прадстаўнікоў. Гэты народны орган мае права вырашаць любыя пытанні дзяржаўнай важнасці, у тым ліку аб Канстытуцыі, аб пасадзе прэзідэнта. Ён можа сфармаваць часовыя органы ўлады, а таксама новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Другім крокам на шляху аднаўлення законнасці і дэмакратыі могуць стаць свабодныя выбары (у парламент і мясцовыя органы самакіравання). Калі народ выкажацца супраць пасады прэзідэнта, то яго выбары не варта праводзіць.

Трэцім крокам можа стаць унясенне паправак у Канстытуцыю 1994 года. Новы склад парламента мае права выказацца за скасаванне пасады прэзідэнта, а можа ўвесці пасаду «ручнога прэзідэнта», якога дэпутаты самі будуць абіраць.

Мне падаецца, што варта адмовіцца ад пасады прэзідэнта. Вышэй мною былі прыведзены 5 аргументаў за такое рашэнне, але можна прывесці яшчэ 50. Для Беларусі як невялікай і небагатай дзяржавы такая пасада з'яўляецца вельмі цяжкай. Як паказала практыка, яна яшчэ і небяспечная для правоў і свабод грамадзян, стварае перашкоды для паступальнага развіцця эканомікі і іншых сфер жыцця. Мабыць, не варта больш спадзявацца на «добрага прэзідэнта». Лепш ускласці функцыі кіраўніка дзяржавы на старшыню парламента. Пры неабходнасці, ён будзе даваць даручэнні сваім намеснікам, вырашаць пытанні калегіяльна, прыцягваць дэпутатаў. Мы ўсе станем кіраваць краінай, і ніхто не будзе над намі галоўным.

Такая форма праўлення была ў Беларусі да ўвядзення пасады прэзідэнта. Так, функцыі кіраўніка дзяржавы выконвалі на грамадскіх пачатках. С. С. Шушкевіч, М. І. Грыб. Чаму б не выкарыстоўваць практыку, што сябе апраўдала?

Беларусь павінна стаць парламенцкай рэспублікай, і гэта павінна быць прама запісана ў Канстытуцыі на доўгія часы».

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках