7 траўня 2024, aўторак, 21:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Рэжым зрабіў вялікую палітычную памылку

14
Уладзімір Някляеў: Рэжым зрабіў вялікую палітычную памылку
Уладзімір Някляеў

Еўразвяз павінен перагледзець свае падыходы да беларускай дыктатуры.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса (БНК) Уладзімір Някляеў распавёў «Нямецкай хвалі» пра сваё затрыманне АМАПам на вакзале ў Берасці ў ноч з 24 на 25 сакавіка, калі палітык накіроўваўся ў Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў берасцейскай лякарні хуткай дапамогі пасля перанесенага гіпертанічнага крызу.

Разам з іншым апазіцыянерам Мікалаем Статкевічам Някляеў быў у ліку арганізатараў самай першай акцыі пратэсту супраць прэзідэнцкага «дэкрэта аб дармаедстве», якая прайшла ў Менску 17 лютага ў Менску і паклала пачатак пратэстных выступленняў у розных гарадах рэспублікі. 25 сакавіка ў Дзень Волі абодва лідары БНК павінны былі ўзначаліць шэсце па праспекце Незалежнасці беларускай сталіцы. Але Статкевіч з 23 сакавіка не выходзіў на сувязь, а сам Някляеў вымушаны праходзіць курс лячэння для нармалізацыі крывянога ціску.

Што адбылося з вамі ў Берасці і як вы сябе адчуваеце?

- Цяпер ужо ўсё ў парадку, вось толькі sim-карту на маім тэлефоне па-варварску разламалі пры затрыманні. Я вяртаўся ў Беларусь цягніком з Польшчы, прайшоў мытны і пашпартны кантроль у Берасці і ўздыхнуў з палёгкай. Калі мяне адпускаюць, значыць улады ў Менску дазволілі людзям прайсці мірным маршам на Дзень Волі. Але толькі падумаў пра гэта, як мяне тут жа арыштавалі.

Арганізаваў затрыманне Берасцейскі аддзел КДБ, а выконваў АМАП. Ноч я правёў у турэмнай камеры. Ад перанесенага стрэсу падняўся ціск. Трэба аддаць належнае берасцейскім медыкам, для якіх выснова міліцэйскага лекара пра стан майго здароўя аказалася важнейшай за інструкцыі КДБ, у адрозненне ад менскіх лекараў, якія ў дзень выбараў 2010 года здалі мяне ў КДБ збітага з чэрапна-мазгавой траўмай.

У Берасці мяне паклалі ў бальніцу хуткай дапамогі, і таварышам у цывільным нічога не заставалася, як з гэтым пагадзіцца.

- Вы знаходзіцеся пад аховай ці можаце свабодна пакінуць стацыянар пасля лячэння?

- Спатканні мне дазволеныя, мяне наведваюць, але людзі распавядаюць, што ахова стаіць і змяняецца. Так што, як усё складзецца далей, я не ведаю.

- Як вы ацэньваеце масавыя затрыманні дэманстрантаў у Дзень Волі 25 сакавіка і ў іншыя дні, калі беларусы выходзілі на акцыі пратэсту супраць «дэкрэта аб дармаедстве»?

- Беларускі рэжым чарговым разам зрабіў вялікую палітычную памылку, і зрабіў яе, на жаль, пры папушчальніцтве Еўразвязу. Мне здаецца, што Захад паволі пачаў згаджацца з тым, што існуюць краіны не толькі з розным узроўнем эканамічнага развіцця, але і з розным узроўнем інтэрпрэтацыі свабодаў - вось тут сапраўдная свабода, а тут можа быць і горай.

Але так не бывае. Свабода - яна або ёсць, або яе няма, правы чалавека - яны існуюць ці не існуюць. І гэта пацвердзілі апошнія падзеі ў Беларусі - тут няма ніякіх правоў чалавека, няма ніякіх свабодаў, як няма і не было ніякай лібералізацыі, якая чамусьці прымроілася некаторым заходнім палітыкам.

Аднак цынічны бязлітасны разгон ні ў чым невінаватых мірных дэманстрантаў, фактычна, ужо змяніў свядомасць людзей. Беларускія грамадзяне самі прыходзяць да высновы - справа не ў нейкіх асобных дэкрэтах або ўказах, справа ў сутнасці самой сістэмы, створанай Лукашэнкам за амаль 23 гады праўлення. І пакуль мы яе самі не зменім, ніхто нам не дапаможа.

- У сацыяльных сетках беларусы збіраюць подпісы за ўвядзенне новых санкцый ЕЗ у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

- Я не раз казаў, што выступаю за дыялог, таму што гэта неабходна перш за ўсё самой Беларусі. Менавіта дыялог можа стаць інструментам для мірных пераменаў у краіне. У той жа час ЕЗ трэба разумець, што толькі шляхам угавораў і заклікаў да дэмакратычных пераўтварэнняў без ціску на Лукашэнку дамагчыся жаданага выніку не атрымаецца.

Лічу памылкай таксама і тое, што менавіта Лукашэнку хтосьці з еўрапалітыкаў прызначыў лакаматывам адводу Беларусі з-пад уплыву Расеі. Але беларускі кіраўнік - не сучасны электравоз, а паравоз, які працуе на савецкіх дровах, і выкарыстоўваць яго як машыну для нараджэння новых ідэй, новай эканомікі, для прасоўвання краіны да дэмакратыі бескарысна, бессэнсоўна і наіўна.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках