5 траўня 2024, Нядзеля, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы FIDH: Дзень Волі паказаў слабасць і няўпэўненасць рэжыму

4
Праваабаронцы FIDH: Дзень Волі паказаў слабасць і няўпэўненасць рэжыму
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі нагадалі Лукашэнку пра санкцыі, уведзеных ЕЗ і ЗША пасля выбараў 2010 года.

Міжнародныя арганізацыі FIDH і OMCT у сумеснай заяве асудзілі затрыманні праваабаронцаў, назіральнікаў і журналістаў у офісе ПЦ «Вясна» 25 сакавіка, паведамляе сайт spring96.org.

Прынамсі 57 чалавек, якія былі задзейнічаныя ў маніторынгу мірных акцый пратэсту, у тым ліку замежныя грамадзяне з Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі, былі затрыманыя ў офісе Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Менску. Затрыманні адбыліся напярэдадні мірных акцый пратэсту, запланаваных на 25 сакавіка 2017 г. Затрыманні дэманстрантаў, журналістаў і назіральнікаў, як паведамляецца, працягваюцца.

А 13 гадзіне 25 сакавіка 2017 года ўзброеныя супрацоўнікі спецыяльнага падраздзялення міліцыі ў масках уварваліся ў офіс Праваабарончага цэнтра «Вясна», прымусілі прысутных легчы на падлогу, а потым даставілі іх на аўтобусе ў Першамайскі РАУС г. Менска. Сярод затрыманых некалькі сябраў ПЦ «Вясна», кіраўнік Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, каардынатар Front Line Defenders Марыя Шышчанкова і каардынатар НВА «Крым-SOS» Яўгенія Андрэюк. Група прымала ўдзел у нарадзе каардынацыі маніторынгу акцый пратэсту.

Праз некалькі гадзін усе былі адпушчаныя без выстаўлення абвінавачванняў. Спецыяльнае падраздзяленне міліцыі не мела санкцыі на ператрус у офісе. Канфіскацыя матэрыялаў або абсталявання не праводзілася.

«Калегі былі жорстка затрыманыя - іх кінулі на падлогу супрацоўнікі спецыяльнага падраздзялення міліцыі», - сказаў старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Прынамсі адзін чалавек быў дастаўлены ў бальніцу.

Сяброўская арганізацыя FIDH у Беларусі ПЦ «Вясна» з'яўляецца адной з асноўных крыніц незалежнай інфармацыі аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, між іншым, у сувязі з нядаўнім задушэннем мірных пратэстаў супраць дэкрэту №3, які ўвёў падатак на беспрацоўе.

«Забарона на права на свабоду мірных сходаў не з'яўляецца прыкметай сілы. Гэта хутчэй прыкмета слабасці і няўпэўненасці беларускага рэжыму», - сказаў прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстапулас.

«Беларусь павінна прызнаць, што яе народ мае права на мірны пратэст, і яна павінна спыніць пераслед праваабаронцаў. Усталяванне больш цесных сувязяў паміж ЕЗ і Беларуссю не можа служыць апраўданнем для адсутнасці ціску на краіну з боку міжнароднай супольнасці», - сказаў Генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) Джэральд Стэйброк.

Маштабныя рэпрэсіі, найбуйнейшыя з часоў 2010 года, калі ЕЗ і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да Беларусі за масавыя парушэнні правоў чалавека, даводзяць адсутнасць якіх-небудзь змяненняў у характары гэтага рэпрэсіўнага рэжыму.

Заяву таксама падпісала Абсерваторыя абароны правоў праваабаронцаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках