5 траўня 2024, Нядзеля, 1:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

80-гадовы паэт, які стаў знакамітым у Дзень Волі: Мы на сваёй зямлі!

13
80-гадовы паэт, які стаў знакамітым у Дзень Волі: Мы на сваёй зямлі!
ЯН ГРЫБ
ФОТА: АНТОН МАТОЛЬКА

81-гадовы пенсіянер Ян Грыб за выхадныя стаў героем на ўсю краіну.

Ён — той самы дзядуля, якога ў суботу ў Менску затрымалі адразу некалькі АМАПаўцаў і якому ўдалося «пад шумок» збегчы з аўтазака. Фота, дзе людзі ў чорных шлемах цягнуць старога з кіёчкам, ужо стала мэмам у сацсетках і «альтэрнатыўнай эмблемай для беларускага АМАПу».

Выданне «Імёны» наведала Яна Грыба пасля таго, што здарылася. Ян жыве ў Менску на вуліцы Каржанеўскага разам з дачкой, унучкай і верным сабакам па мянушцы Сасіска. Кажа, што тэлефон апошнія дні не паспявае астыць, — так шмат Яну тэлефануе людзей, каб павіншаваць яго з вызваленнем і даведацца, як яго самаадчуванне.

Дзядуля многае ў жыцці бачыў, але аўтазакаў і затрыманняў, кажа, не баіцца. «Мы на сваёй зямлі», — так Ян тлумачыць сваю бясстрашнасць. У яго нават ёсць свой зборнік вершаў, які так і называецца «На сваёй зямлі».

Дзень волі — неафіцыйнае свята, якое адзначаецца ў Беларусі штогод 25 сакавіка і прысвечанае абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Звычайна ў гэты дзень у Менску праходзяць шэсці і дэманстрацыі ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Сёлета Дзень волі супаў з «Маршамі недармаедаў» — акцыямі супраць дэкрэту №3, якія з сярэдзіны лютага праходзілі ў розных гарадах краіны, і з масавымі затрыманнямі ўдзельнікаў пасля пратэстаў. У рэгіёнах дэманстрацыі на Дзень волі былі дазволеныя ўладамі, у Менску, без тлумачэння прычын, не.

«У мяне ўсё добра!» — усміхаецца Ян і распавядае, што да стрэсаў і складаных жыццёвых сітуацый яму не прывыкаць. Сотні раз ён даслоўна «хадзіў па краі». Быў на «прыёме» КДБ за антысавецкія анекдоты, ледзь не трапіў на вайну, ледзь не стаў камікадзэ, ледзь не атрымаў нажом у жывот за памфлет. Усюды ратавала то шанцаванне, то, кажа спадар Ян, Бог. На розныя акцыі Ян Грыб, паэт, экс-старшыня Рады БНФ і нязменны «Старшыня Таварыства беларускай мовы Кастрычніцкага раёну горада Менска» ходзіць з 90-х. Радня хвалюецца, але разумее і ганарыцца.

— Мае дочкі, унучкі і нават зяці — нацыяналісты, — горда гаворыць Ян Грыб. — Таму што я іх так выхаваў. Нацыяналісты — не ў сэнсе бальшавіцкай лаянкі, а ў лепшым, высокім сэнсе гэтага слова. Гэта значыць: высокая любоў ды свайго краю, ды сваёй Радзімы, ды народа, ды культуры, гісторыі. Любоў да мовы. Мае дочкі малыя былі — бел-чырвона-белыя сцягі за мной насілі. Я іду на акцыю, і яны хвастом за мною. Я гавару «Марш дадому!», а яны «Не, з татам пойдзем!» Вельмі мяне разумеюць.

25 сакавіка, у гэтую суботу, Ян традыцыйна пайшоў на Дзень Волі, таму што «свята». Менавіта старэйшая дачка Яна ў суботу спрабавала выратаваць бацьку ад АМАПу. Супраць траіх не пацягнула — атрымала магутны штуршок у плячо і адышла. Малодшая Вера абавязкова прыйшла б на дапамогу, але, па іроніі лёсу, здавала экзамен у Акадэміі кіравання пры Лукашэнку.

ФОТА: АНТОН МАТОЛЬКА, ІМЁНЫ

Абедзвюх сваіх дачок Ян Грыб выхаваў сам: калі ім было 12, а другой 13, жонка сышла ў іншую сям'ю, а дзяцей пакінула з татам. Так яны і ходзяць з ім — заўсёды разам. У 90-х, успамінае Ян, калі міліцыя разганяла шэсце БНФ, чалавек у форме замахнуўся на Яна дубінкай: «А я ж прайшоў Урал, — кажа пенсіянер. — І бойкі там былі, і панажоўшчына, зэкі. Ведаю, што ад дубінкі нельга ухіляцца і адхіляцца. Лепш за ўсё ісці на бліжні бой. Я схапіў яго за бакі, і ён дубінкай па галаве не папаў, а толькі ручкай заехаў і разбіў мне галаву моцна. А за мной анёлачкі мае, дачушкі. І адна крычыць: «Што ж ты, сволач, робіш? Гэта мой тата!» І стукнула яго пакетам, дзе малако ляжала. Ён так аслупянеў, што адышоў».

Кожны раз — як па краі

Да хрушчоўскай адлігі Ян Грыб быў заўзятым камуністам. Доўгі час жыў на Урале. Там жа скончыў рамеснае вучылішча па спецыяльнасці электрагазазваршчык і працаваў на Трактарным заводзе ў Чэлябінску. І такім, кажа, там стаў ударнікам, што яго аднадушна абралі камсоргам — кіраваў спадар Ян цэлым цэхам камсамольцаў — у 300 чалавек.

ФОТА: АНТОН МАТОЛЬКА, ІМЁНЫ

— Партрэты маі ў Чалябінскіх газетах не сыходзілі са старонак, таму што я такі ўпарты быў і вельмі моцна працаваў! Кроў бурліла!

Калі сталі амерыканцы граміць Кубу, Ян пайшоў запісвацца добраахвотнікам — хацеў ехаць ваяваць з амерыканцамі за Гавану і Фідэля. А за ім — 30 чалавек камсамольцаў. Прыехалі вярбоўшчыкі набіраць рабочых на уранавыя шахты — таксама пайшоў запісвацца, але не даехаў: «Малады, дурны, не кумекаў», — смяецца Ян. На тыя руднікі ў выніку паехалі з Чэлябінска чатыры чалавекі — усе вельмі хутка загінулі ад унутранага апраменьвання радыеактыўным газам.

Да Фідэля і ў шахты Ян не паехаў, але чым сябе заняць знайшоў — разрываўся паміж заводам, вячэрняй школай і авіяцыйнымі курсамі, дзе ўпершыню паспрабаваў лятаць. З курсаў яго перакінулі ў лётную школу — асядлаў знішчальнікі. Але палётаць доўга яму не ўдалося — спісалі праз паўтара года па здароўю: пашырэнне вен на назе. Але і тут Бог мілаваў: праз пару месяцаў Ян даведаўся, што ў той школе іх і іншых пілотаў рыхтавалі для таго, каб паслаць на востраў Даманскі (за права валодаць гэтым востравам у 1969 годзе адбыўся вайсковы канфлікт паміж СССР і КНР). І не проста пілотам, а пілотам-камікадзэ.

ФОТА: АНТОН МАТОЛЬКА, ІМЁНЫ

— Я так хацеў лятаць! Першыя пяцёркі прывозіў. А тут — спісалі. Такое гора было! Вярнуўся на гэты Чалябінскі завод, а там гразь, копаць. І такая туга мяне ўзяла па Беларусі. Я зразумеў, што такое настальгія.

Яну прапаноўвалі замест знішчальнікаў пайсці кіраваць транспартнымі самалётамі. Але са словамі «гэтыя вашыя трамваі я вадзіць не буду!» Ян звольніўся з завода (дапамог ліст ад маці, якая даслала даведку, што ёй неабходны догляд сына) і паехаў на Радзіму.

Шляхціц і паэт

Першы свой зборнік вершаў — «На сваёй зямлі» Яну Грыбу дапамог выдаць Пётр Краўчанка — былы міністр замежных спраў Беларусі. Ды і той Ян зрабіў не для продажу, а «для сваіх». Ён бы і рады выдаць яшчэ — матэрыялу дастаткова, тоўстая тэчка са спісанымі дробным почыркам аркушамі займае ганаровае месца ў ягонай шафе і ўвесь час папаўняецца новымі вершамі. Вось толькі грошай на зборнік у пенсіянера няма. Раней, у даважку да пенсіі, Ян падпрацоўваў на лецішчы электрыкам і вартаўніком. У горадзе Фаніпалі — апальшчыкам на прадпрыемстве, якое будуе масты.

А не так даўно ў Яна здарыўся інфаркт. І пасля яго займацца фізічнай працай стала цяжка. З захапленняў і заняткаў спадар Ян не змог пакуль пакінуць толькі штогадовае паляванне і «паседжанні Таварыства».

ФОТА: АНТОН МАТОЛЬКА, ІМЁНЫ

Свой першы верш Ян напісаў яшчэ ў рамеснай вучэльні, на Урале. Яму замовілі ў мясцовай насценгазеце памфлет на зладзеяў, якія штосьці скралі на вытворчасці. Памфлет апублікавалі пад псеўданімам Токараў. І потым яшчэ некалькі месяцаў «бандыты» шукалі па ўсёй вучэльні і гразіліся прабіць жывот. Але Яна рэдактары насценгазеты не выдалі — пранесла.

А потым ад прасавецкай паэзіі Ян перайшоў у лютую антысавецкую. Стаў пісаць і распавядаць «непатрэбныя» палітычныя анекдоты. Сталі адкрывацца вочы на многія рэчы:

— Чаму любімая КПСС давяла багацейшую краіну ды таго, што есці не было чаго? Пры Хрушчове батоны пайшлі кукурузныя, а пры Брэжневе наогул нічога не стала. Нават іх. І дачушка мяне ўсё пытала: «Тата, ты мне даўно не купляў шакаладку». Жах!

ФОТА: АНТОН МАТОЛЬКА, ІМЁНЫ

А потым адкрыліся сталінскія рэпрэсіі, інфармацыя пра дзейнасць НКУС, пра атрады, якія стралялі ў спіны «неруплівым» пяхотнікам, пра тое, як забівалі царскую сям'ю: «Штыкамі дабівалі царскіх дзяцей! Я як прачытаў, дык тыдзень не мог апомніцца. У мяне ад патыліцы да пят нейкая хваля хадзіла, аж не магу. Да гэтай пары не магу, як успамінаю гэта».

— Ці было страшна ў КДБ? Мне і ўчора павінна было быць страшна. Увесь час павінна быць страшна. Але ж я не ведаю такога пачуцця як страх. Канешне, ёсць інстынкт самазахавання. Алё ёсць яшчэ і розум, ёсць сэрца, ёсць пачуцці. Страшная ісці на гэтыя чорныя шлемы, шчыты і дубінкі. Але трэба ісці, інакш нічога ніколі не будзе.

«Гонар маю»

— Нельга баяцца, — упэўнены Ян, — У нас цячэ шляхецкая кроў. А шляхта гаспадарам ніколі не кланялася паясна. Толькі галаву нахілялі і гаварылі: «Маю гонар». Так і зараз гонар трэба мець. Толькі так, толькі сваім прыкладам, можна выхаваць і дзяцей, і нацыю.

ФОТА: АНТОН МАТОЛЬКА, ІМЁНЫ

Ян запрашае ўсіх на свой маёнтак каля вёскі Клыпаўшчына Дзяржынскага раёна. Там пенсіянер кожны год збірае «Вялікія шляхецкія прыёмы» — за сталом, які Ян сабраў уласнымі рукамі і за які змяшчаецца паўтары сотні чалавек, засядаюць паэты, пісьменнікі, мастакі і проста сябры. У гэтым годзе гасцей плануецца асабліва шмат — будуць адзначаць 500 гадоў з дня выхаду Скарынаўскай Бібліі.

— Абяцаў ужо Валодзя Арлоў быць. Пісьменнікі, паэты, артысты, палітыкі. Пярэстая такая публіка. І грамадскасць запрашаем!

Фото: Антон Мотолько, Имена
Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках