5 траўня 2024, Нядзеля, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Суддзям давядзецца адказаць за свае ганебныя прысуды

23
Гары Паганяйла: Суддзям давядзецца адказаць за свае ганебныя прысуды

Праваабаронца мяркуе, што люстрацыя ў беларускай судовай сістэме неўнікнёная.

Чыноўнікі і суддзі павінны ведаць, што рана ці позна давядзецца адказваць за свае ўчынкі, мяркуе былы суддзя Гары Паганяйла, згаджаючыся з патрэбай правядзення ў Беларусі кадравай люстрацыі.

Прыйдзе час, калі суддзям давядзецца адказаць за свае ганебныя прысуды, распавёў Гары Паганяйла ў інтэрв'ю сайту belaruspartisan.org:

- Большасць суддзяў сёння проста страціла сумленне. Шмат якія суддзі прафесійна дэфармаваныя. Я магу сказаць толькі адно: апазіцыя правільна сёння думае аб патрэбе правядзення кадравай люстрацыі. І трэба будзе распрацаваць і прыняць адпаведны закон. Гэта не прысуд да павешання, але забарона на працяг дзяржаўнай службы.

Сёння суддзі зарабляюць сабе добрую дзяржаўную пенсію, у разы большую за тую, якую бяруць простыя беларусы. А іх трэба перавесці на звычайную. Ёсць страхавы стаж – атрымай пенсію такую ж, як і працоўны з заводу і жыві ў сваё задавальненне.

А калі будуць выяўленыя злачынствы супраць правасуддзя, свядома неправасудныя прысуды – тады трэба ставіць пытанне аб прыцягненні суддзяў да крымінальнай адказнасці, калі не скончацца тэрміны даўніны або калі заканадавец не падоўжыць тэрміны за гэтыя злачынствы ў дачыненні да тых, хто іх учыняў.

- Мне таксама здаецца, што такія выракі суддзяў, як, напрыклад, у дачыненні да таго ж Алеся Лагвінца ды іншых, асуджаных за акцыі мірнага пратэсту, дараваць нельга.

- Чыноўнікі і суддзі павінны ведаць, што рана ці позна давядзецца адказваць за свае ўчынкі. Сёння яны спяць спакойна, бо з усіх бакоў заслоненыя. Сістэма правасуддзя павінна адэкватна ўспрымаць крытыку. І за злоўжыванні, за свядома неправасудныя прысуды суддзі павінны несці адказнасць. І яны павінны пра гэта ведаць.

- За апошнія гады не магу згадаць ніводнай гісторыі пра тое, каб хоць адзін суддзя, ужо пайшоўшы на пенсію, прызнаў свае памылкі. Хоць, здавалася б, ужо няма чаго траціць...

- Суддзі ўмайстраваныя ў гэтую сістэму ўлады, уключаныя ў барацьбу з іншадумствам. І тыя, хто супраць улады – іхнія траха не персанальныя ворагі! Суддзям загадалі – і яны жорстка, па-салдацку выконваюць гэты загад. Ні кроку ў бок! Бо калі ты пачнеш вагацца – адразу прэч з сістэмы, прэч з прафесіі.

Бо чаму Лукашэнка трымае многіх суддзяў на тэрмінах – да пяці гадоў? Прызначае, але не пажыццёва, а на канкрэтны тэрмін. Бо гэта праверка, кароткі ланцужок. І калі што не так – мы табе не падоўжым кантракт.

- Ну так, вось так і зарабляюцца пенсіі на сто даляраў большыя, чым у іншых...

- Да 70% заробку, якія суддзі бяруць перад пенсіяй, яны потым маюць у выглядзе пенсіі. А тыя, хто працуе ў вышэйшых судах і мае асаблівыя заслугі, бяруць і яшчэ больш. У такіх выпадках ужо персанальна можа прымаць пастанову Лукашэнка.

- А заробкі ў іх выпадкова ад колькасці абвінаваўчых прысудаў не залежаць? А то, мяркуючы з апошніх прысудаў у адміністрацыйных справах, складваецца ўражанне, што суддзям прэміі выпісваюць за гэта...

- Не, іхнія заплаты залежаць ад іх класнага рангу.

Лукашэнка прызначае суддзяў. Лукашэнка надае ім класныя рангі. Лукашэнка ім ўстанаўляе заплату. Лукашэнка дае ім сацыяльны пакет, у тым ліку ўсякага кшталту льготы – і на санаторнае лячэнне, на аздараўленне ды іншае. Лукашэнка дае ім пенсійнае забеспячэнне, жыллё.

Так што беларускія суддзі сёння цалкам знаходзіцца ў руках Лукашэнкі. Таму суддзі – рабы гэтай улады. Яны беспярэчна ёй падпарадкоўваюцца. І судовая сістэма працуе ў звязку з праваахоўнымі органамі.

- Адным словам, тыя, хто сёння выносіць скандальныя прысуды, ведаюць, дзеля чаго працуюць...

- Так. І шмат хто кажа: ну, а што мы можам зрабіць, вы ж разумееце, у якіх варунках мы вымушаныя працаваць? Мы маем сем'і, дзяцей... Мне заўсёды ў такіх выпадках хочацца спытаць: а сумленне як?

- А ад старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы шмат у гэтай сітуацыі залежыць? Мне здаецца, быў нейкі вельмі кароткі перыяд, калі ён быццам бы спрабаваў супрацьстаяць сістэме...

- Сукала ніколі не спрабаваў супрацьстаяць сістэме. Ён заўсёды аблізваў гэтую ўладу. Ён быў такі за саветамі і застаўся такім жа за Лукашэнкам. Сапраўды, ён чалавек разумны, прафесійна пісьменны, але ён умайстраваны ў сістэму і ведае, чаму так доўга служыць гэтай уладзе.

А ўлада ахвочая да гэтага прыслугоўвання. І падаўжае з ім, адпаведна, кантракт. Хоць у яго ўжо і шаноўны век, але ён усё адно служыць далей.

А яшчэ я проста шалею, калі Лукашэнка запрашае на нарады кіраўнікоў праваахоўных структур, дае ўсім там чосу і адзін з найбліжэйшых да яго на такіх нарадах – спадар Сукала.

- Ну так, заўсёды сядзіць з такім сур'ёзным выглядам.

- Ён наогул не павінен там паказвацца! Хай Лукашэнка сам на сам дае яму наказы і ён салютуе. Але ён не павінен браць удзел у такіх акцыях! Гэта брыдка выглядае!

Ці Сукала сам не разумее, што творыць або такім чынам дэманструе: маўляў, хлопцы, мы разам з уладай і праваахоўнікамі, ніякай незалежнасці судоў у прынцыпе забяспечыць не можам. І таму не варта чакаць, што суддзі будуць выносіць справядлівыя, законныя прысуды, будуць абараняць нашы правы. Не спадзявайцеся, не будзе гэтага!

Вось што азначае прысутнасць Валянціна Сукалы на гэткіх нарадах. Сукала – самы звычайны кар'ерыст.

Суддзі замест таго, каб быць незалежнымі арбітрамі, змагаюцца на баку несправядлівасці.

Калісьці мяне расейскія карэспандэнты запыталіся: а як Вы можаце ахарактарызаваць сітуацыю ў Беларусі? Я перафразаваў адно вядомае ленінскае выслоўе: Беларусь – гэта лукашызм плюс сукалізацыя ўсіх судоў. Сёння, дарэчы, гэта па-ранейшаму актуальна.

- Усё-ткі мае рацыю экс-кіраўнік "Амкадора" Васіль Шлындзікаў, які кажа, што перш за ўсё Беларусі патрэбная не эканамічная, а судовая рэформа.

- Ніводзін разважны інвестар у Беларусь не прыйдзе з вялікім капіталам, калі будзе разумець, што незалежных судоў у гэтай краіне няма. Няма на каго абаперціся, калі раптам які-небудзь канфлікт здарыцца паміж уладай і інвестарам. Мы ведаем, як жэрлі некаторых інвестараў, як у іх адбіралі бізнэс. Гэта дэманстравалася не раз! Таму незалежны суд – гэта падваліна прававой дзяржавы.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках