5 траўня 2024, Нядзеля, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Барысаве двое пенсіянераў абвясцілі галадоўку

20
У Барысаве двое пенсіянераў абвясцілі галадоўку
ФОТА: NN.BY

Прычыны такога ўчынку — адсутнасць грошай, працы і крыўда на мясцовыя ўлады.

59-гадовая Наталля і 62-гадовы Уладзімір Дакукі доўгі час жылі ў доме, падзеленым на дзве сям'і. Іхняя частка невялікая, прычым там жыло адразу восем чалавек: Наталля з мужам, іхні сын з жонкай і дзіцем, іхняя дачка з маленькім дзіцем. Плюс дарослая ўнучка — ейная маці, дачка Наталлі і Уладзіміра, загінула, калі дзяўчыне быў год, піша nn.by.

Жылі няпроста, але ў 2012 годзе суседзі прадавалі сваю палову дома за $10 тысяч. Дакукі наважылі ўзяць крэдыт і выкупіць яе.

У банку ўзялі 12 мільёнаў рублёў — гэта $1500 тагачасным курсам.

«Мы ж працавалі, кантракты былі падоўжаныя, былі ўпэўненыя, што ўсё сплацім, потым і паставім печку...», — кажа Наталля.

Яна была сацыяльнай работніцай, працавала ў аддзеле надомнага абслугоўвання насельніцтва. Муж працаваў кіроўцам. Калі надышла пенсійная пара, Дакукі працягнулі працу.

«Зараблялі па пяць мільёнаў, плюс пенсія... Маглі плаціць крэдыт і займацца домам», — кажуць яны.

Дом паціху парадкавалі, але не паспелі паставіць печку.

А потым пачаліся праблемы. У 2015 годзе Наталлю звольнілі.

«Мне 26 лістапада падоўжылі кантракт, а праз месяц — звольнілі», — кажа жанчына.

Сама яна сцвярджае, што яе падставілі пад абух, бо яна не жадала звальняцца самахоць. У выніку Наталлю звольнілі з працы паводле артыкулу, бо яна «страціла давер кіраўніцтва». Пасля звольнілі і мужа, сказалі, што пенсіянеры не патрэбныя.

НАТАЛЛЯ І УЛАДЗІМІР ДАКУКІ.

«Калі селі чыста на пенсію, муж браў 270 рублёў пенсіі, я — 180. 210 рублёў быў крэдыт. Плюс аплачвалі навучанне ўнучкі ва ўніверсітэце...», — кажа Наталля.

Грошай стала бракаваць. Дакукі ўжо не маглі плаціць за крэдыт. Справа пайшла ў суд, у выніку і Наталлю, і мужа абавязалі аддаваць на выплату крэдыту па 20% пенсіі.

На цяперашні момант трэба заплаціць 800 рублёў (за пратэрміноўку налічваецца пеня).

«Дзеці дапамагчы не могуць. Дачка ў адпачынку, а сын зарабляе дзесьці 2 мільёны. Мы згуртаваная сям'я, ніхто не п'е, дапамагаем адзін аднаму, але грошай стае толькі на ежу. Адкласці не можам ні капейкі», — скардзіцца Наталля.

Каб не туліцца з малымі ўнукамі, Наталля і Уладзімір перабраліся ў летнюю кухню побач з домам. Але зімой і яе, і дом давялося грэць алейнымі абагравальнікамі, печкі ж не было.

У выніку за зіму электрычнасці нагарэла на 1400 рублёў, — кажа Наталля. Плаціць за святло таксама няма чым.

«Пайшла ў выканкам прасіць дапамогі, маўляў, вельмі цяжкае ў нас матэрыяльнае становішча. Паабяцалі дапамагчы, даць 1400 рублёў», — распавядае Наталля Дакукі.

Грошы выканкам выдаў, праўда, толькі 400 рублёў.

«700 рублёў трэба на цэглу, 500 — майстру на печку, плюс уся патрэбная фурнітура: засланкі ды іншае... Яшчэ 200-300 рублёў. Я пайшла ў выканкам. Мне кажуць: будзь здаровая, баба, скажы «дзякуй», што хоць гэта далі», — успамінае Наталля.

У выніку 22 сакавіка Наталля і Уладзімір Дакукі абвясцілі галадоўку.

«Прэзідэнт крычыць, што калі вельмі цяжка, то ідзіце да ўлад, а напраўду гэта брахня і хлусня», — перакананая Наталля Фёдараўна.

Жанчына заяўляе, што не спыніць галадоўку, пакуль на яе не звернуць увагу. Або пакуль не памрэ.

«Мы ўсё жыццё спадзяваліся на саміх сябе, што будзем працаваць, пакуль будуць сілы, нічога не прасілі ні ў каго. А тут няма працы, няма нічога. Што нам рабіць?»

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках