11 траўня 2024, Субота, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нямеччыне знойдзеная ўнікальная карта Святой зямлі

4
У Нямеччыне знойдзеная ўнікальная карта Святой зямлі

Фрагмент геаграфічнай карты XVI стагоддзя знойдзены ў нямецкім горадзе Гале.

У сховішча бібліятэкі ўніверсітэту імя Марціна Лютэра ва ўсходненямецкім горадзе Гале захоўваюцца сотні розных геаграфічных карт - у тым ліку і старадаўніх. Але тое, што пры інвентарызацыі выпадкова знойдуць такі рарытэт, ніхто не чакаў. Дырэктар аддзела картаграфіі Марцін Шойпляйн, надзеўшы белыя ніцяныя пальчаткі, асцярожна бярэ аркуш фармату А3, не хаваючы сваёй радасці. Яшчэ б: гэты ліст быў надрукаваны, як мяркуецца, у 1540 годзе!

Гаворка ідзе пра адную са старонак 12-старонкавага альбома «Карта Святой зямлі», выкананага нідэрландскім мастаком Германам фан Баркула. Дагэтуль было знойдзена толькі два аркушы з гэтага унікальнага картаграфічнага шэдэўра. Адзін захоўваецца ў Брытанскай бібліятэцы, другі - у прыватным зборы, піша «Нямецкая хваля».

На аркушы, знойдзеным цяпер ва Універсітэцкай і зямельнай бібліятэцы Саксоніі-Анхальт (так яна афіцыйна называецца), - выява згаданых у Бібліі месцаў, сцэны, якія ілюструюць розныя гісторыі са Старога і Новага Запавету. Надпісы зроблены на лацінскай і стара-нідэрландскай мове. Маштаб, адлегласць паміж гарадамі і іншыя важныя геаграфічныя параметры не вытрыманы. Але карта і не прызначалася для навігацыі. Яна насіла фіктыўны характар і ілюстравала Біблію. Звычайна такія карты былі своеасаблівымі дзённікамі паломніцкіх падарожжаў.

Тыпова для таго часу, падкрэслівае Марцін Шойпляйн, што «генеральны» кірунак карты быў арыентаваны не на поўнач. Уверсе на карце - усход: там знаходзіліся Святая зямля і Ерусалім.

Сярод біблейскіх сцэн на карце - выратаванне Св. Георгіем князёўны ад цмока (змея) і вылячэнне Езусам глуханямога. Сярод гарадоў - Трыпалі ў сённяшнім Лібане і Сепфорыс (Цыпоры), які ў біблейскія часы быў галоўным горадам Галілеі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках