8 траўня 2024, Серада, 2:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вышэйшая адукацыя? У калгас, на камяні!»

32
«Вышэйшая адукацыя? У калгас, на камяні!»

Як дзяржава «змагаецца» з беспрацоўем.

Кожны будні дзень з 6 раніцы на гарадзенскім аўтавакзале збіраецца натоўп. Больш за дзве сотні беспрацоўных размяркоўваюцца па аўтобусах, каб ехаць працаваць у найбліжэйшыя калгасы.

Вясны многія беспрацоўныя ў Гародні чакаюць, як выратавання. Для іх гэта шанец зарабіць хоць нейкія грошы, калі ўладкавацца па спецыяльнасці няма магчымасці. Дзённая аплата – ад 9 да 14 рублёў. Прыходзяць людзі рознага ўзросту і адукацыі. «Белсат» пагутарыў аб тым, што змушае людзей займацца грамадскімі работамі.

На платформе людзі з падазрэннем глядзяць на фотаапарат і дыктафон. Аднак суразмоўцы знаходзяцца. Вадзім – паводле прафесіі электраманцёр, але некалькі гадоў вымушаны такім чынам зарабляць на хлеб.

«Мне 44 гады, каму я патрэбен? Прыходзіш на біржу – дзве вакансіі на горад. Вы ўяўляеце, якія трэба мець сувязі, кваліфікацыю, каб туды трапіць? Толькі па знаёмству. Ездзім камяні збіраць, як тыя палонныя румыны. Ёсць такія ў кожнай дзяржаве, якім толькі абы дзень пражыць, пад крамай пастаяць. Гэта заўсёды пару адсоткаў. Але тут столькі людзей нармальных, самі бачыце. Ну гэта ж ненармальна, столькі народу назваць дармаедамі. Калі мы не хацелі працаваць, мы б прыходзілі сюды? На гэтыя камяні за 9 рублёў? Вось так і атрымліваецца. Сам я ўжо каторы год без працы».

Вакансіі «дзеля галачкі»

«Робіцца так: спачатку бярэцца па знаёмству чалавек, пасля толькі кідаецца заяўка ў Цэнтр занятасці», – уключаецца ў размову Уладзімір.

«У мяне знаёмы ў 2 гадзіны ночы залез у інтэрнэт. Не было. У 2:15 вярнуўся на гэтую старонку. Грузчык у Пушкінскую краму патрабуецца. Прыходзіць да адкрыцця самы першы: а мы, кажуць, ужо ўзялі. Ці пытаюцца ўзрост адразу. Вар’ятня! Я перакваліфікаваўся на сантэхніка. Залатыя горы абяцалі. Абяцалі працаўладкаваць, цяпер кажуць – шукайце самі».

Іншага маладога мужчыну з прафесіяй будаўніка Цэнтр занятасці накіраваў у заапарк...

«Няма ў горадзе працы. Няма. Я будаўнік, а на біржы адправілі мяне ў заапарк за жывёламі даглядаць. Прыходжу ў той заапарк, там мне кажуць: а ветэрынарная адукацыя ў вас ёсць? Якая ў мяне ветэрынарная адукацыя?», – распавядае яшчэ адзін наш суразмоўца.

Першы раз паспрабаваць пазбіраць камяні вырашыў былы майстар спорту ў дзесяцібор'і Уладзімір, які раней працаваў трэнерам фітнесу.

«Пару месяцаў таму звольнілі, было скарачэнне. Загадалі зверху, людзей з 700 да 400 скарацілі. Тры месяцы няма цяпер працы. Вырашылі паспрабаваць сюды прыйсці. Што ў хаце сядзець? У мяне ёсць вышэйшая адукацыя. Трэнер. Майстар спорту ў дзесяцібор'і. Я быў у Цэнтры занятасці. Толькі дзіцячы сад прапанавалі. За трыста рублёў. А там вялікая адказнасць з дзецьмі працаваць. У міліцыю і органы не хачу».

Разам з Уладзімірам прыйшоў яго сябар, які працу мае, але праз праблемы на заводзе вырашыў знайсці падпрацоўку.

Выезды арганізоўвае гарадзенскі Цэнтр занятасці, кожны месяц здымае пляцоўку на аўтавакзале і аплачвае паліва для аўтобусаў. Акрамя збору камянёў, людзі едуць на самыя розныя працы. Фарбаваць дрэвы вапнай, перабіраць грыбы, слімакоў, летам у поле працаваць на праполцы буракоў або трускаўкі.

«Вельмі шмат людзей ездзіць. У горадзе каля 2-х з паловай тысяч беспрацоўных. 10-12 рублёў звычайна плацяць за дзень. Самы багаты калгас менш за ўсіх плаціць. Будзе цёпла – прыедуць забіраць на праполку, у асноўным праполка буракоў. Буракі ў нас асноўная культура, на цукровы завод вязуць. А цяпер з-за холаду аўтобусы не прыязджаюць, ці менш людзей бяруць. Цяпер не фантан у такое халоднае надвор'е. Калі цёпла, то неяк больш арганізавана. У іншых гарадах з міліцыяй саджаюць у аўтобусы, таму што б'юцца, а ў нас культурна, спакойна», – кажа работнік Цэнтра занятасці.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках