6 траўня 2024, панядзелак, 6:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папа Рымскі адслужыў імшу перад егіпецкімі каталікамі

2
Папа Рымскі адслужыў імшу перад егіпецкімі каталікамі
ФОТА: AFP

Адзіны дазволены экстрэмізм - гэта любоў да бліжняга, заявіў Францішак на стадыёне ў Каіры ў прысутнасці 10-15 тысяч чалавек.

Папа Рымскі Францішак адслужыў імшу на футбольным стадыёне ў Каіры перад тысячамі егіпецкіх коптаў. У суботу, 29 красавіка, выступаючы перад копцкай суполкай, ён заклікаў да дасягнення міру паміж хрысціянамі і мусульманамі і асудзіў гвалт, што робіцца ў імя рэлігіі, піша «Нямецкая хваля».

«Адзіны дазволены экстрэмізм для вернікаў - гэта любоў да бліжняга», - заявіў пантыфік. Ён заклікаў абараняць «культуру дыялогу, павагі і братэрства». Паводле звестак Ватыкана, на стадыёне прысутнічалі ад 10 да 15 тысяч чалавек.

Маштабныя захады бяспекі

Падчас выступу пантыфіка ў Каіры былі ўжытыя маштабныя захады бяспекі. На пачатку імшы Францішак праехаў на адкрытым аўтамабілі па стадыёне, пры гэтым ад наўпроставага кантакту з вернікамі яго аддзялялі дзясяткі целаахоўнікаў. Над стадыёнам падчас усяго набажэнства кружлялі верталёты.

У пальмавую нядзелю, 9 красавіка, у Егіпце быў учынены двайны тэракт у дачыненні да хрысціянскай супольнасці. Падчас набажэнстваў у дзвюх цэрквах у Танце і Александрыі выбухнулі бомбы, у выніку чаго загінулі некалькі дзясяткаў чалавек. Пасля тэрактаў егіпецкія ўлады абвясцілі аб увядзенні на тры месяцы рэжыму надзвычайнага становішча.

Паводле звестак AFP, каталіцкая суполка ў Егіпце налічвае блізу 270 тысяч чалавек. Агульная колькасць копцкага насельніцтва ў гэтай краіне, паводле розных звестак, складае ад 8 да 10 адсоткаў, гэта значыць, прыкладна 6-9 мільёнаў чалавек. Большасць егіпецкіх коптаў належаць да Копцкай праваслаўнай царквы. Хрысціянская меншасць у Егіпце зноў і зноў становіцца аб'ектам тэрарыстычных нападаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках