16 снежня 2025, aўторак, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША нанеслі ракетны ўдар па аэрадроме ў Сірыі

118
ЗША нанеслі ракетны ўдар па аэрадроме ў Сірыі
АРХІЎНАЕ ФОТА AFP

У Вашынгтоне мяркуюць, што менавіта з яго раней была ўчынена атака з выкарыстаннем забароненай зброі.

ЗША выпусцілі 59 ракет Tomahawk па авіябазе ў Сірыі, паведамляецца ў пятніцу, 7 красавіка. Яны былі выпушчаныя з вайсковых караблёў па адзінай мэце - аэрадроме Шайрат, які знаходзіцца ў правінцыі Хомс на захадзе Сірыі.

У Вашынгтоне мяркуюць, што менавіта з яго сірыйскія ўрадавыя войскі ўчынілі напад з выкарыстаннем забароненай зброі. Амерыканскія вайскоўцы нанеслі ўдары па сірыйскім паветраным суднам, па аэрадроме, ангарах і складскіх памяшканнях, заправачным станцыям, а таксама радарам і сістэм СПА, удакладніў афіцыйны прадстаўнік Пентагона, паведамляе «Немецкая волна».

Трамп выступіў са зваротам да нацыі

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён аддаў загад нанесці ўдар па сірыйскай авіябазе, кіруючыся «жыццёва важнымі інтарэсамі нацыянальнай бяспекі» ЗША. Ён абвінаваціў прэзідэнта Сірыі Башара Асада ў выкарыстанні смяротна небяспечных атрутных рэчываў і гібелі людзей. Прэзідэнт ЗША заклікаў «цывілізаваныя краіны» да таго, каб скончыць бойню і кровапраліцце ў Сірыі.

На атаку ў Сірыі адрэагаваў шэраг амерыканскіх заканадаўцаў

Сенатар Біл Нэльсан заявіў у Твітэры: «Я падтрымліваю пастанову адміністрацыі аб нанясенні ўдару па базах, з якіх была праведзена хімічная атака. Я спадзяюся, што гэта навучыць Асада больш не выкарыстоўваць хімічную зброю», паведамляе Голас Амерыкі.

Сенатар-дэмакрат Бэн Кардзін, сябра сенацкага камітэта ў міжнародных справах, заявіў: «Гэтыя авіяўдары супраць арсенала Асада ясна даюць зразумець, што ЗША гатовыя абараніць нормы і правілы, прынятыя міжнароднай супольнасцю супраць выкарыстання хімічнай зброі».

Кардзін падкрэсліў, што больш маштабная вайсковая аперацыя ў Сірыі запатрабуе кансультацый з Кангрэсам ЗША.

«У далейшым, я буду працаваць з маімі калегамі ў Сенаце над тым, каб адміністрацыя падала паўнавартасную стратэгію па Сірыі, якая будзе ўключаць план завяршэння гэтай вайны і зрушэнне Асада. Ён павінен адказаць за свае дзеянні, як і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Расея і Кітай неаднаразова блакавалі калектыўныя пастановы ў Радзе бяспекі ААН. У Сірыі Расея і Іран з'яўляюцца саўдзельнікамі вайсковых злачынстваў Асада і злачынстваў супраць чалавечнасці – гэта вынік іх вайсковай інтэрвенцыі ў падтрымку ягонага рэжыму».

Сенатар падкрэсліў пры гэтым, што завяршэнне вайны магчыма «толькі шляхам палітычнага працэсу, не вайсковай кампаніі».

Расею інфармавалі

Расейскія ўзброеныя сілы былі папярэджаны пра ўдары па авіябазе Шайрат, паведаміў Пентагон.

ЗША не выпускалі ракеты па тых участках, дзе, паводле іх звестак, прысутнічаюць войскі РФ, заявілі ў абаронным ведамстве ЗША.

Тылерсан абвінаваціў Маскву

Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан заявіў пра высокую ступень ўпэўненасці ў тым, што ў ходзе атакі ў Ідлібе выкарыстоўваўся газ зарын. Кіраўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства таксама абвінаваціў Маскву ў правале пагаднення аб хімічнай зброі ў Сірыі 2013 года. З ягоных слоў, РФ у гэтым пытанні была некампетэнтная або з'яўлялася «саўдзельнікам», піша Reuters. Амерыканскі ўдар па Сірыі Тылерсан назваў суразмерным.

Напісаць каментар 118

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках