3 траўня 2024, Пятніца, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктарам менскіх школ абвясцілі пра перанос заняткаў «пад Колю»

65
Дырэктарам менскіх школ абвясцілі пра перанос заняткаў «пад Колю»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Пастанова была агучана на адмысловай нарадзе ў раённых аддзелах адукацыі сталіцы.

16 траўня ў раённых упраўленнях адукацыі Менска прайшлі нарады, на якіх кіраўніцтву школ і гімназій рэкамендавалі пачынаць урокі не раней за 9 гадзін раніцы. У той жа час Міністэрства адукацыі адмаўляе, што давала такія рэкамендацыі – нібыта «школы самі павінны вызначыцца, калі пачынаць заняткі».

Завуч адной з менскіх гімназій паведаміла «Радыё Свабода»:

«На нарадзе ва ўпраўленні адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна дырэктара і завуч праінфармавалі, што пастанова па пераносе заняткаў у школах і гімназіях прынятая. Заняткі ў школах, якія працуюць у адну змену, будуць пачынацца а 9 раніцы, а ў школах, дзе дзве змены - а 8:30. Пісьмовага загаду яшчэ няма, электронны ліст гімназія не атрымлівала, але вусна нас запэўнілі, што пастанова прынятая».

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказала, што ніякіх лістоў ніхто не рассылаў, пастановы Міністэрства адукацыі няма, а нібыта «праводзіцца вусны маніторынг».

«Гэта не хуткі шлях, і наскокам такія пастановы не прымаюцца. Ёсць даручэнне кіраўніка дзяржавы, пытанне разглядаецца. Адміністрацыі школ маюць права самі вызначаць, у колькі пачнецца навучальны працэс. Для школ, якія працуюць у адну змену, цалкам магчыма зрабіць пачатак заняткаў а 9 раніцы. Але гэта не азначае, што бацькам, якія працуюць з 8 раніцы, не будзе куды падзець дзіця. Школы будуць працаваць з самай раніцы, дзяцей будуць прымаць, яны будуць пад наглядам. Калі школа працуе ў дзве змены, тут больш складана, хутчэй за ўсё, урокі будуць пачынацца а 8:30. А ў сельскай мясцовасці, дзе малакамплектныя школы, куды прывозяць дзяцей з навакольных вёсак, безумоўна, трэба пачынаць урокі не раней дзевяці раніцы.

Ды і наогул, згодна з санітарным правілам і нормам («Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі», зацверджаныя Міністэрствам адукацыі 27 снежня 2012 года, №206) заняткі ў школах павінны пачынацца а 9 гадзіне.

Але, паўтаруся, школы самі будуць наважваць, як ім працаваць, а не Міністэрства адукацыі», - запэўніла прэс-сакратарка Людміла Высоцкая.

Аляксандр Лукашэнка даручыў перагледзець графік працы агульнаадукацыйных школ, спасылаючыся на тое, што яго сын Мікалай не высыпаецца. «Нам трэба мяняць графік працы школ. Раней дзевяці гадзін урокі пачынаць не трэба», - сказаў дыктатар 12 траўня.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках