3 траўня 2024, Пятніца, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Беларусі джынсы «вынаходзілі»

49
Як у Беларусі джынсы «вынаходзілі»

У Беллегпраме нарэшце разрадзіліся «джынсамі для гурманаў».

«Салідарнасць» узгадвае, як развівалася джынсавая эпапея.

17 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік Беллегпрама Мікалай Яфімчык паведаміў журналістам радасную навіну: канцэрн рыхтуе эксклюзіў – джынсы для «гурманаў».

Са слоў кіраўніка Беллегпрама, ужо распрацаваны і створаны ўзоры некалькіх відаў тканін з сумесі баваўняных і ільняных валокнаў.

— Ніхто ніколі джынсы з лёну не рабіў, а яшчэ і з лайкрай. Пража атрыманая. Тут пытанне толькі кошты і патрэбы рынку. Калі мы цяпер можам купіць туркменскія джынсы за 20 рублёў, то нашы будуць каштаваць блізу 100 рублёў. Гэта эксклюзіў, мы не спяшаемся фарсіраваць вытворчасць. Спакойна рабіць і пастаўляць у продаж, — заявіў Яфімчык.

Як запэўніў Яфімчык, беларускае джынсавае адзенне прызначана «для гурманаў».

Усё б нічога, калі б выпуск беларускіх джынсаў не быў анансаваны год таму. Нагадаем, як развіваліся падзеі.

Сакавік 2016-га: Тканіна для беларускіх джынсаў практычна гатовая

Кіраўнік Беллегпрама Мікалай Яфімчык паведаміў, што тканіна для беларускіх джынсаў ужо ёсць, вядуцца работы па яе «давядзенні да аптымальнага стану».

- Мы не імкнуліся зрабіць беларускія джынсы бавоўнавымі, бо нам канкураваць з краінамі, тым жа Туркменістанам, дзе джынсы каштуюць $7, бессэнсоўна. А вось сумесь бавоўны, лёну і спецыяльных аздабленняў - можна, - заявіў кіраўнік канцэрна.

Чэрвень-2016-га: Джынсы хутка паступяць у продаж

У чэрвені мінулага года на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік канцэрна Беллегпрам Мікалай Яфімчык паведаміў журналістам пра тое, што беларускія джынсавыя рэчы хутка з'явяцца ў продажы.

З ягоных слоў, тканіну — сумесь лёну і бавоўны — распрацоўвалі ў Воршы блізу сямі гадоў. Яфімчык назваў новы асартымент элітным і брэндавым. З ягоных слоў, кошт ільняных джынсаў будзе вышэйшы за традыцыйны баваўняны, але наўрад ці большы за мільён (недэнамінаваных) беларускіх рублёў. Для патаннення вытворчасці джынсы планавалася шыць у Туркменістане.

У чэрвені 2016-га намеснік старшыні «Беллегпрама» Анатоль Суботка прадэманстраваў новы беларускі джынсавы пінжак, які нельга было купіць

Вядомы дызайнер Саша Варламаў не хаваў здзіўлення, пачуўшы аб вынаходстве беларускага джынсу:

— Джынс — гэта стоадсоткавая бавоўна, — заявіў ён у інтэрв'ю Заўтра тваёй краіны. — Нельга атрымаць джынс з бавоўны і лёну. У джынсу ёсць пэўны склад, тэхналогія вытворчасці. Незразумелую тканіну з сумесі назваць джынсам — гэта злачынства!

Да кіраўніка Беллегпрама ў нас некалькі пытанняў. Першае: дзе джынсы? Другое: калі яны з'явяцца на прылаўках? І трэцяе: хто гэтыя «гурманы», якія купяць іх за 50 даляраў?

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках