2 траўня 2024, Чацвер, 5:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як жывецца простаму чалавеку па суседстве з «драздунамі»

15
Як жывецца простаму чалавеку па суседстве з «драздунамі»

Чыноўнікі спрабуюць выжыць сям'ю з элітнага пасёлка.

Зімой гэтага года сям'ю з шасцярых чалавек збіраліся перасяліць з прыватнага дома на беразе вадасховішча «Дразды» ў двухпакаёвую кватэру.

Коратка нагадаем яе сутнасць: у бацькоўскім доме на беразе вадасховішча Дразды Аляксандр Плаксёнак пражыў усё сваё жыццё. Тут нарадзіліся дзве ягоныя дачкі, памерла маці, піша belaruspartisan.org.

Жыллё Аляксандра Плаксёнка нічым не характэрнае – на кухні газавы балон, па ваду трэба хадзіць на вуліцу, да найбліжэйшай калонкі. Калі дом, у якім жыве сям'я Аляксандра Плаксёнка самы звычайны, то зямля, на якой ён стаіць з некаторых часоў каштуе вялізных грошай.

Па прыклад далёка хадзіць не трэба. Былы кіраўнік «Белнафтахіма» Ігар Жылін прадае 11 сотак «драздоўскай зямлі», на якіх стаіць недабудаваны катэдж за 350 тысяч даляраў.

Аляксандр Плаксёнак, у адрозненне ад нафтавага магната Жыліна свой дом прадаваць не збіраўся і не збіраецца. «Тут жыў, тут жыву, тут і памру», - кажа мужчына.

Аб тым, што ў родным доме Плаксёнак збіраўся пражыць доўга і шчасліва, а потым перадаць яго ў спадчыну дзецям, кажа той факт, што акрамя самога гаспадара ў доме на сёння зарэгістраваныя яшчэ пяць чалавек: дзве дачкі, зяць і дзве непаўналетнія ўнучкі.

Цяпер змагаючыся за права застацца на зямлі, дзе прайшло ўся жыццё, Аляксандр Плаксёнак змагаецца ў судах, бо менскія гарадскія ўлады ў асобе УКБ «Цэнтральнага» раёна і Менгарвыканкама наважылі забраць зямельны надзел, прыкрываючыся фармулёўкай «для дзяржаўных патрэб».

Дзяржава ў нас, вядома, часам мае патрэбу: то новую лінію метро капае, то «ўшчыльненнем» займаецца, не асабліва пытаючыся пры гэтым тых, чые дамы ідуць пад знос. Ды бог з ім з метро, - транспарт ўсё ж рэч патрэбная, але якая патрэба ў дзяржавы ў 13 сотках зямлі ў Драздах?

- Не выключана, што яе аддадуць тым, што жывуць у нястачы, падтрымліваючы свае пазоўныя патрабаванні ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы, - запэўніваў прадстаўнік УКБ.

- Вы самі ў гэта верыце? Я ж там жыву, бачу, як «маючыя патрэбу» будуюцца. Злева ад мяне катэдж будуецца, справа – таксама! Якая такая патрэба ў дзяржавы ў гэтых трынаццаці сотках? – парыраваў ў судзе Плаксёнак.

Гісторыя праезду Вяснінка ў «Драздах» - гэта і ёсць жыццё Аляксандра Плаксёнка. Спачатку тут была звычайная вёска, але з часам, калі Менск стаў разрастацца, недалёка з'явіліся шматпавярховыя дамы. Цяпер суседзямі Плаксёнка сталі зусім «элітныя» людзі, якія? Адзін з іх кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык. Ягоны асабняк стаіць зусім побач з домам Аляксандра Плаксёнка.

- Пра тое, што Вяснінку будуць зносіць, я чую года з 1975-га, - кажа мужчына. Распрацоўваюць Генпланы, сцвярджаюць, карэктуюць. Праз дзяржаўныя патрэбы ў нас ужо забралі частку агарода, але патрэбы гэта якія – элітныя забудовы...

Дарэчы, за апошнія 20 гадоў Генпланаў развіцця Менска было прынята два: адзін у 2003-м (з якім, дарэчы, прадугледжвалася адсяленне жыхароў Вяснінкі), а другі быў усяго некалькі гадоў таму. Згодна з гэтым дакументам, знос дома Плаксёнка не планаваўся, гарадскія ўлады проста пашырылі ландшафтна-рэкрэацыйную зону, прасцей кажучы, месца для зялёных насаджэнняў.

- Я і не быў асабліва супраць, - прадаўжае аповед мужчына. – Для дзяржаўных патрэб адбіраецца 30 адсоткаў плошчы, на якой стаіць наш дом. Напісаў ва Управу капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна ліст: дазвольце пабудаваць дыхтоўны дом на месцы ранейшага. Спачатку там былі не супраць, адказаўшы, што мы вашае пытанне разгледзім і пойдзем насустрач. Пазней, праўда, высветлілася, што пакінуць мяне і маю сям'ю ў Вяснінцы немагчыма – генплан зацверджаны - дзяржаўныя патрэбы вышэй за ўсё.

Плаксёнак азнаёміўся з Генпланам і ўбачыў, што на месцы ягонага дома не будзе дзіцячага садка, прытулку для сірот. Зямля, на якой ён пражыў жыццё, будзе аддадзеная пад прыватную забудову. Пасля гэтага ў жыцці мужчыны і пачаліся судовыя цяжбы.

У судзе Цэнтральнага раёна, дзе і праходзіў разгляд справы, высветлілася, што Менгарвыканкам «паклаў» вока на зямлю ў менскім праездзе Вяснінка яшчэ ў 2012-м. Была прынятая пастанова аб «канфіскацыі зямель». Нікога не турбавала, што ў доме жыве Аляксандр. Сталічныя ўлады сталі думаць, што рабіць з сям'ёй Плаксёнка. Прыдумалі аж у 2013-м: выселіць сям'ю, а на момант паўторнага разгляду ў доме Аляксандра Плаксёнка было прапісана шасцёра, падаўшы ім двухпакаёвую кватэру ў Сухараве. Кватэра «тыповых спажывецкіх якасцяў» са слоў прадстаўніка Менгарвыканкама ў многіх паказчыках пераўзыходзіць дом, у якім цяпер жыве сям'я Плаксёнка. Яе плошча – 49,9 квадратных метраў. Як жыць у такіх умовах шасцярым? Пры выдачы альтэрнатыўнага жылля гарадскія ўлады не бралі ў разлік траіх чальцоў сям'і Аляксандра Плаксёнка - зяця Андрэя Касцюка і дзвюх яго малалетніх дачок, уважаючы, што тыя былі прапісаныя ў «Драздах» пасля таго, як даведаліся: дом ідзе пад знос.

У «Дразды» была камандзіраваная цэлая камісія, якая хадзіла па суседзях сям'і Плаксёнкаў і выпытывала, ці пражывае зяць гаспадара разам з ім. Справядлівасці дзеля адзначым: у зімовы перыяд, калі на вуліцы стаяць маразы, сям'я зяця Аляксандра Плаксёнка пераязджае ў гарадскую кватэру.

У сваю чаргу бок абароны, прадставіўшы суду дакументы, якія сведчаць аб тым, што зяць і дзеці Плаксёнка былі прапісаныя да прыняцця пастановы аб зносе. Таму, калі ўжо і высяляць усю сям'ю, то ў кватэру метражом 90 квадратаў. Так кажа закон.

Закон, напрыклад, адзін з указаў Лукашэнкі, кажа таксама аб тым, што тэрмін, вызначаны на фактычнае адабранне зямельнага надзелу не можа перавышаць двух гадоў. Атрымліваецца, што ўсе тэрміны даўно выйшлі і сям'ю Плаксёнкаў павінны былі б пакінуць у спакоі, але прадстаўніца Менгарвыканкама сцьвярджала ў судзе, што ў пастанове гарадскіх уладаў няма тэрміну даўнасці.

Закон таксама кажа аб тым, што ў выпадку канфіскацыі зямельнага надзелу ўласніку прапануецца некалькі варыянтаў развіцця падзей: ад грашовай кампенсацыі, да выбару новага жылля. Зразумела, што ніякага права выбару ў Аляксандра Плаксёнка не было: улады аднаасобна наважылі адправіць усю ягоную сям'ю ў Сухарава. Таму, у судзе разглядаўся і сустрэчны пазоў Аляксандра Плаксёнка: аб скасаванні пастаноў Менгарвыканкама, звязаных з адабраннем зямлі і выдачай новай кватэры.

На прыняцце пастановы суду спатрэбілася менш за гадзіну. У выніку была прынятая «саламонава пастанова». У пазове УКБ Цэнтральнага раёна да сям'і Плаксёнка аб высяленні было адмоўлена. Не быў задаволены і сустрэчны пазоў аб касаванні пастаноў Менгарвыканкама.

Матывіровачная частка пастановы абвешчаная не была - у судзе скончыўся працоўны дзень...

- Нас пакуль не высяляюць і гэта самае галоўнае, - сказаў пасля пасяджэння Андрэй Касцюк. – Зразумела, што справа яшчэ не скончаная, магчыма, пастанова будзе апратэставаная. Ва ўсякім выпадку мы будзем прадаўжаць бараніць свае правы. Спадзяемся дамагчыся ад гарадскіх уладаў законнага дазволу застацца ў «Драздах».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках