5 траўня 2024, Нядзеля, 1:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МУС Ірана паўторна падоўжыў час галасавання на прэзідэнцкіх выбарах

Кіраўнік МУС Ірана паўторна падоўжыў час галасавання на прэзідэнцкіх выбарах
ФОТА: SHUTTERSTOCK

Барацьбу за пасаду прэзідэнта Ірана вядуць чатыры кандыдаты.

Галасаванне на выбарах прэзідэнта Ірана паўторна падоўжанае яшчэ на дзве гадзіны - гэтым разам з 20:00 да 22:00 паводле мясцовага часу (з 18:30 да 20:30 паводле менскага). Як паведамілі ў Штабе правядзення выбараў, такая пастанова прынятая міністрам унутраных спраў ІРІ Абдольрэзай Рахмані Фазлі, паведамляе ТАСС.

Раней кіраўнік МУС паведаміў журналістам, што заканадаўства аб выбарах прадугледжвае падаўжэнне працы выбарчых участкаў максімальна да паўночы ў дзень правядзення выбараў. Міністр таксама адзначыў, што пасля абвяшчэння вынікаў кандыдаты маюць тры дні на іх абскарджанне.

Як паведамляе агенцтва FARS, паводле стану на 19:00 (17:30 менскага часу) прагаласавалі больш за 25 млн выбарцаў, гэта значыць амаль палова электарату, колькасць якога складае 56,41 мільёна чалавек.

Барацьбу за пасаду прэзідэнта вядуць чатыры кандыдаты - Хасан Роўхані, якія балатуецца на другі прэзідэнцкі тэрмін, былы генпракурор Эбрахім Раісі, экс-міністр культуры і ісламскай арыентацыі Мастафа Ага Мірсалім і экс-міністр прамысловасці Мастафа Хашэмі Таба.

Для перамогі трэба набраць больш за 50% галасоў. Калі паводле вынікаў галасавання сёння гэта не атрымаецца зрабіць ні аднаму з прэтэндэнтаў, адбудзецца другі тур.

Раней стала вядома, што галасаванне на выбарах прэзідэнта Ірана падоўжанае з 18:00 да 20:00 паводле мясцовага часу (з 16:30 да 18:30 паводле менскага).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках