2 траўня 2024, Чацвер, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «стой! раз! два!» кошты не спыняюцца

62
На «стой! раз! два!» кошты не спыняюцца
Крынiца: cartoon.kulichki.ru

Чым абернецца ініцыятыва ФПБ арганізаваць «народны кантроль» за коштамі?

Шматлікую армію кантралёраў папоўняць актывісты праўладных прафсаюзаў. У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі створаная група, якая, паводле словаў старшыні ФПБ Міхаіла Орды, будзе маніторыць кошты ў асноўным на прадукты харчавання.

Ініцыятыву падтрымаў Лукашэнка.

– Усё ў справаздачах статыстыкі і правільна, і добра паводле методыкаў, але ў крамах з асноўнымі таварамі, асноўнымі прадуктамі харчавання сітуацыя можа быць іншая. Якая яна – хто як не прафсаюзы гэта лепш за ўсё ведаюць. Таму я вельмі падтрымліваю гэтую ініцыятыву пра кантроль за коштамі непасрэдна ў гандлёвых арганізацыях, – заявіў учора Лукашэнка на сустрэчы з Міхаілам Ордам.

Пра тое, ці ўдасца прафсаюзам спыніць рост коштаў, піша Заўтра тваёй краіны.

Маргелаў: Выяўляць прычыны, а не наступствы

– Трэба прычыны выяўляць, а не наступствы. Спыніць рост коштаў – гэта сур'ёзная праца. На «стой! раз! два!» кошты не спыняюцца, – падкрэслівае сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, уладальнік харчовых крамаў Віктар Маргелаў.

Ён упэўнены, што трэба на сістэмным узроўні ўзаемадзейнічаць, а не ў крамы хадзіць, пералічваць: у каго што паколькі.

Эксперт мяркуе, што «народны кантроль» наўрад ці будзе эфектыўны.

– Праблема не ў тым, што хтосьці не хоча, каб яго пракантралявалі. Дапусцім, кантралёр знайшоў, што суб'ект гаспадарання з нейкай прычыны – іх можа быць тысяча! – падняў кошт. І што з гэтага вынікае? – разважае бізнесмен.

Паводле ягоных словаў, сёння ў Беларусі паводле закону свабоднае коштаўтварэнне. Таму шукаць прычыны павышэння коштаў трэба комплексна, як гэта робіць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

– Можна кошты стрымаць, але тады будзе менш і крамаў, і вытворцаў, – прагназуе Віктар Маргелаў.

Стрыжак: Трэба стварыць магчымасці для таго, каб людзі зараблялі больш

Актывіст прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак не ўяўляе, як будуць кантраляваць кошты прадстаўнікі ФПБ.

– Як гэта можа выглядаць? Гэта будуць атрады дружыннікаў, у якіх на рукавах будзе напісана «кантралёр за коштамі»? Гэтыя людзі павінны будуць сачыць за цэннікамі, каб прадаўцы іх не змянялі? – здзіўляецца эксперт.

Прафсаюзны актывіст адзначае, што Белстат сапраўды фіксуе адны кошты, а ў рэальнасці яны іншыя.

– Але праблема гэтая развязваецца не лятучымі атрадамі кантралёраў, – упэўнены эксперт. – Калі ўлада будзе спрабаваць кантраляваць рост коштаў, прымаючы незразумелыя меры, якія на самай справе носяць папулісцкі характар, мы можам сапраўды вярнуцца да сітуацыі сярэдзіны 90-х.

Тады, паводле словаў Андрэя Стрыжака, кантроль за коштамі прывёў да таго, што частка прадуктаў пачала знікаць з продажу.

Ён нагадвае, што сітуацыю ў гандлі лёгка дэстабілізаваць.

– У варунках паўрынкавай эканомікі ў нашай краіне любыя спробы кантролю коштаў прыводзяць да таго, пра што Аляксандр Лукашэнка казаў яшчэ ў сярэдзіне 90-х, калі ён хапаўся за яйкі, і знікала масла, – адзначае эксперт.

На ягоную думку, уводзячы «народны кантроль» за коштамі, улады спрабуюць развязваць больш сур'ёзныя эканамічныя праблемы шляхам іміджавых уздзеянняў.

Суразмоўца «Заўтра тваёй краіны» упэўнены: эксперыментаваць трэба не з прыпыненнем росту коштаў, а з павелічэннем пакупніцкай здольнасці насельніцтва і стварэннем канкурэнтных працоўных месцаў.

– Трэба стварыць магчымасці для таго, каб людзі зараблялі больш і маглі сабе дазволіць тавар паводле тых коштаў, якія справядліва фармуе рынак, – падкрэслівае Андрэй Стрыжак.

Балточка: Калі кошты растуць, значыць, нешта не так з эканомікай

Эканаміст «Ліберальнага клуба» Антон Балточка здзіўляецца: як будзе рэалізоўвацца на практыцы ініцыятыва ФПБ.

– Сэнс ініцыятывы зразумелы: прэзідэнт не раз казаў пра тое, што кошты не павінны павышацца. Ён таксама адзначаў, што часам не важны ўзровень заробку, калі кошты не растуць альбо застаюцца на тым самым узроўні, – кажа эканаміст.

Паводле ягоных словаў, каб зразумець, да чаго можа прывесці «народны кантроль» за коштамі, неабходна высветліць: як гэты працэс будзе арганізаваны.

– Што такое кантроль коштаў? Ці азначае гэта, што калі ёсць незадаволеныя грамадзяне павышэннем коштаў, то будзе рэакцыя з боку «народных кантралёраў»? І як вызначыць неабгрунтаванасць павышэння кошту? Ці кантраляваць будуць паніжэнне коштаў? – здзіўляецца эканаміст.

Эксперт падкрэслівае: кошты – паказнік якасці эканомікі.

– Калі кошты растуць, значыць, нешта не так з самой эканамічнай сістэмай. Калі яны без адміністрацыйнага ўздзеяння стаяць на месцы, значыць, эканоміка стабільная, – падкрэслівае Антон Балточка.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках