2 траўня 2024, Чацвер, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна забараніла транзіт грузаў у Прыднястроўе

10
Украіна забараніла транзіт грузаў у Прыднястроўе
ФОТА: RBC.UA

Перасоўванне грузаў у Прыднястроўе з 20 траўня будзе ўзгадняцца з Малдовай.

Украіна забараніла транзіт харчовых грузаў па сваёй тэрыторыі ў непрызнаную Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку. Пра гэта падчас экстраннага пасяджэння Рады бяспекі Прыднястроўя заявіў міністр сельскай гаспадаркі і прыродных рэсурсаў ПМР Яўхім Коваль, паведамляе афіцыйны сайт кіраўніка "рэспублікі".

Коваль распавёў, што пра такую забарону Прыднястроўе лістом папярэдзіла Дзяржаўная служба Украіны ў пытаннях бяспекі харчовых прадуктаў і абароны спажыўцоў.

"Аўтары дакумента спасылаюцца на распараджэнне галоўнага дзяржаўнага інспектара ветэрынарнай медыцыны Украіны, датаванае 17 траўня гэтага года, якім вызначана, што з 20 траўня пропуск падкантрольных грузаў у рэжыме транзіту праз тэрыторыю Украіны, якія накіроўваюцца ў Прыднястроўе, будзе ажыццяўляцца толькі пры ўмове ўзгаднення з Нацыянальным агенцтвам бяспекі харчовых прадуктаў Рэспублікі Малдова", – заявіў Коваль. Паводле ягоных словаў, у лісце было пазначана, што папярэднія ўзгадненні транзіту па тэрыторыі Украіны ў прыднястроўскім кірунку "прызнаныя несапраўднымі".

Міністр сельскай гаспадаркі заявіў, што "ў Прыднястроўе праз украінскі порт паступаюць грузы з 29 краінаў свету". Гаворачы пра патэнцыйныя наступствы ўведзеных абмежаванняў, міністр сельскай гаспадаркі і прыродных рэсурсаў ПМР адзначыў, што ў выпадку нядопуску грузаў у порт "нашы гаспадарчыя суб'екты будуць вымушаныя захоўваць іх на штрафпляцоўцы і плаціць за прастой грузу на тэрыторыі Украіны". У выпадку ж сухапутнага перамяшчэння грузаў праз тэрыторыю Украіны, спрагназаваў Коваль, вялікая верагоднасць іх вяртання адпраўшчыку да ўрэгулявання ўсіх пытанняў. Улічваючы знешнюю харчовую залежнасць Прыднястроўя, кіраўнік Мінсельгаса папярэдзіў, што "пастанова Украіны адмоўна адаб'ецца на харчовым забеспячэнні рэспублікі".

Прыднястроўе аб'явіла пра суверэнітэт ад Малдовы ў 1990 годзе, аднак сусветнай супольнасцю незалежнасць рэгіёну не прызнаная. Аўтаноміі патрабавала частка жыхароў гэтага рэгіёну. У сярэдзіне 90-х у Прыднястроўе афіцыйна быў уведзены кантынгент расейскіх міратворчых сілаў. Малдова настойвае на вывядзенні расейскіх вайскоўцаў са сваёй тэрыторыі.

Пасля пачатку расейскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе Украіна 21 траўня 2015 дэнансавала пяць дамоваў з РФ, якія забяспечвалі функцыянаванне расейскага ваеннага кантынгенту ў Прыднястроўі.

На мяжы з Прыднястроўем Украіна выкапала роў шырынёй 3,5 метра і глыбінёй ад 2 да 3 метраў для блакавання руху цяжкай ваеннай тэхнікі і перамяшчэння кантрабандных грузаў. Нацыянальная гвардыя ўзмацніла патруляванне.

Даўжыня мяжы паміж Украінай і самаабвешчанай рэспублікай складае 140 км.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках