2 траўня 2024, Чацвер, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі аб'яднала беларусаў

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі аб'яднала беларусаў
ФОТА З САЙТА BYDC.INFO

Людзі фатаграфуюцца з плакатамі, на якіх напісаныя словы падтрымкі для фігурантаў «справы патрыётаў».

Ужо тыдзень у беларускім сегменце сацыяльных сетак праходзіць флэшмоб салідарнасці «Падары ўсмешку палітвязням»: сябры, родныя, паплечнікі, аднадумцы і ўсе неабыякавыя людзі фатаграфуюцца з плакатамі, на якіх напісаны словы падтрымкі і віншаванні са святамі тых, хто цяпер знаходзяцца за кратамі, піша bydc.info.

Актывісты раздрукоўваюць гэтыя здымкі і адпраўляюць іх у сваіх лістах зняволеным, якія затрыманыя паводле «справы Патрыётаў». Беларускі дакументацыйнага цэнтр задаў некалькі пытанняў адной з арганізатараў флэш-мобу грамадскай актывістцы Святлане Каваленцы:

- Святлана, як узнікла ідэя правесці флэшмоб «Падары ўсмешку палітвязням»?

- Было жаданне што-небудзь арганізаваць да дня нараджэння Сяргея Стрыбульскага, якога я асабіста ведаю. Вулічныя акцыі салідарнасці ў нашай краіне заканчваюцца вядома як. Заставаўся толькі інтэрнэт. Я думала зняць невялікае відэа ля следчага ізалятара з віншаваннямі, балонікамі, запускам балонікаў у неба. Але мяне спыніла тое, што ў гэта было б уцягнута ўсяго толькі некалькі чалавек. А Сяргей гэта зможа ўбачыць, толькі калі выйдзе на волю. Таму спыніліся на флэшмобе ў інтэрнэце, першапачаткова спадзеючыся на падтрымку журналістаў і сілы «Фэйсбука». Сяргей у апошнім сваім лісце прасіў выслаць фатаграфіі, родныя ўжо высылалі фота. Такая перадгісторыя. А потым мы сустрэліся з Вікторыяй Ткачук, селі на лаўцы ў цэнтры Менска і прыдумалі...

- Ці шмат людзей падтрымалі ваш флэшмоб?

- Спадзяваліся на значна большую падтрымку, калі шчыра. Але хаця б нагадалі людзям пра тое, што ў Сяргея дзень нараджэння, і пра тое, што палітвязням патрэбная падтрымка. Нават калі фота сваё людзі не захочуць адпраўляць, хоць паштоўку падпішуць.

- Чаму гэта так важна для палітвязняў?

- Кожнаму чалавеку ў цяжкую хвіліну патрэбная падтрымка родных, сяброў. Зняволеныя пазбаўленыя шмат чаго, вакол, хутчэй за ўсё, варожа настроеныя да іх людзі і невядомасць. Сам факт, што ім пішуць не толькі знаёмыя і блізкія, кажа ім пра тое, што, прынамсі, нейкая частка грамадства прызнае іх невінаватасць, і гэта, я ўпэўненая, надае ім сілы. Акрамя таго лісты кажуць і пра тое, што іх лёс хвалюе не толькі родных, і што за развіццём падзей назіраюць многія, што пра іх не забыліся.

ФОТА З САЙТА BYDC.INFO

- Вы ведзяце перапіску з Сяргеем Стрыбульскім - пра што ён піша?

- Пра што піша Сяргей? Першыя лісты былі цалкам пазітыўныя. Пасля таго, як было выстаўленае абвінавачванне паводле другога артыкула, стала адчуваць, што маральна яму стала цяжэй. Піша, што чытае кнігі на беларускай мове, што вельмі прыемна здзіўлены такой увагай да сваёй персоны: лісты, паштоўкі ён атрымлівае ў тым ліку і ад незнаёмых яму людзей. Ну і, адказваючы ім, ён праводзіць час, які доўга цягнецца ў камеры. Піша, што пры магчымасці робіць фізічныя практыкаванні, каб быць у форме. Я прасіла яго пісаць пра тое, што яму трэба перадаваць, чым можна дапамагчы, ён і піша пра свае практычныя патрэбы. Напрыклад, мы абмяркоўвалі з ім пытанні пра ягоныя тэлефонныя нумары. Вось учора з КДБ даслалі даверанасць, каб я магла прадстаўляць інтарэсы Сяргея ў «Вэлкоме» (яго нумар цяпер заблакаваны).

- Ці рэгулярна даходзяць лісты?

- Лісты перадаюць па-рознаму. Бывае ён неўзабаве пасля майго ліста накіроўвае мне адказ і праз два дні ён ужо ў мяне. То тыдзень - цішыня. Магчыма, яму перадаюць з затрымкай лісты, пакуль іх чытаюць. Але такая сітуацыя не толькі з маімі лістамі, ягоная мачыха кажа пра тое ж. Пакуль усе ягоныя лісты мне даходзілі (ведаю гэта дакладна, бо ён іх спецыяльна нумаруе).

- Як самаадчуванне і настрой Сяргея? Ці піша пра варункі ўтрымання?

- Пісаў не так даўно, што прыхварэў, але хутка ачуняў. З ягоных слоў ставяцца да яго там карэктна. На варункі ўтрымання не скардзіцца, шпацыры ў яго рэгулярныя. Пра нейкія ягоныя скаргі адвакату, я таксама не ведаю. Адвакат кажа, што трымаецца Сяргей добра, упэўнена, спадзяецца на лепшае, але маральна гатовы да ўсялякага развіцця падзей. У камеры ў яго адзін сусед не фігурант «справы Патрыётаў».

- Ці ёсць якія-небудзь звесткі пра гэтую справу? Якія абвінавачванні выстаўляюць менавіта Сяргею?

- Цяпер яму выстаўленае абвінавачванне паводле 2-х артыкулаў: 293 і 287 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У пятніцу, 12 траўня ў судзе разглядалася ягоная скарга, у якой Стрыбульскі прасіў змяніць яму меру стрымання. Але яму было ў гэтым адмоўлена. Пра суд над патрыётамі пакуль цішыня, ды і пра само следства нічога не чуваць, бо гаварыць пра справу і адвакату, і ў лістах забаронена.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках