2 траўня 2024, Чацвер, 8:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мазырскія рыбакі: Гэтая арэнда – як вайна, увесь горад супраць

19
Мазырскія рыбакі: Гэтая арэнда – як вайна, увесь горад супраць
Фота: «Радыё Свабода»

Жыхары Мазыра працягваюць выступаць супраць перадачы Прыпяці ў арэнду.

У Мазыры мясцовыя рыбакі пратэставалі супраць перадачы ў арэнду 91 кіламетра ракі Прыпяць. Аўкцыён вызначэння арандатара Мазырскі райвыканкам на даручэнне Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта прызначаны на сёння, 22 траўня.

Напярэдадні ў апоўдні на левы бераг прыйшлі мясцовыя аматары рыбнай лоўлі, наклеілі на адзенне налепкі «Супраць арэнды р. Прыпяць» і закінулі вуды.

Пажылога ўзросту мазырчанін, які назваўся Арсеніем, патлумачыў «Радыё Свабода»:

«Арэнда гэтая, як і вайна, - горш не прыдумаеш. Трэба скасаваць усё гэта: увесь горад супраць. На Прыпяць ідуць і едуць адпачыць работнікі ледзь не ўсіх прадпрыемстваў - сользавода, НПЗ, будаўнічых трэстаў. Пенсіянеры сядзяць з вудамі, нават васьмідзесяцігадовыя. А здадуць у арэнду - да ракі і не падступіш».

Налепкі супраць перадачы Прыпяці ў арэнду прымацоўвалі на сябе і маладыя гараджане.

Дваццацідвухгадовы Андрэй - сантэхнік, працуе на будоўлі. Тлумачыць, што аматарскай рыбалкай заняўся летась. Прыходзіць на Прыпяць, каб адпачыць:

«Нельга здаваць у арэнду. Нам кажуць, што пакінуць у межах горада ўчастак і здаваць у арэнду не будуць. Але гэта не ратуе сітуацыю, бо рыбаловаў-аматараў у Мазыры шмат. Людзі выязджаюць і за межы горада. А сельскія жыхары? Ім як прывыкнуць, што да Прыпяці без грошай нельга падысці?».

Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Зялёны дазор» Павал Наздра кажа, што ў людзей няма грошай, каб аплачваць яшчэ і аматарскую рыбалку на Прыпяці. Для многіх рака - гэта яшчэ і магчымасць выжыць у цяперашняй складанай эканамічнай сітуацыі.

«Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што каля ракі павінен быць гаспадар, - кажа Наздра. - Але раку каля Мазыра перадавалі ужо ў арэнду прадпрыемства водных шляхоў «Ніжнепрыпятскае». Таксама ледзь не залатыя горы абяцалі - і аднаўленне рыбы будзе, і будова месцаў адпачынку. А яны нават браканьерствам займаліся. Пасля прамысловага адлову аматару ў рацэ цяжка рыбу злавіць - ўсё выграбалі. Не сакрэт, што многія людзі, у каго заробкі мізэрныя альбо іх наогул няма, сілкуюцца з ракі і такім чынам выжываюць».

Адзін з рыбакоў, які прыехаў з сябрамі ў нядзелю на левы бераг Прыпяці парыбачыць, дзівіцца з пастановы ўладаў:

«Я разумею, калі ў арэнду здаюць возера ці які вадаём - яго можна зарыбіць, прасачыць, як аднаўляецца рыба. А тут як. Не разумею, як плаціць грошы толькі за тое, каб закінуць у раку вуду? Няправільна гэта».

У Мазыры, як толькі даведаліся з невялікага паведамлення ў мясцовай газеце аб здачы ў арэнду амаль ста кіламетраў ракі, пачалі збіраць подпісы пад зваротам у афіцыйныя органы.

«Каля пяці тысяч гараджан падпісаліся супраць перадачы ў арэнду Прыпяці, - паведаміў прадстаўнік пратэстнага руху Дзмітрый Багачоў. - Накіравалі зварот у Мазырскі райвыканкам і Гомельскі аблвыканкам, у адміністрацыю Лукашэнкі, у Генеральную пракуратуру. Удалося датэлефанавацца да міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхута. Адказаў нам пакуль толькі мясцовы райвыканкам, заявіўшы, што дзейнічае на даручэнне Гомельскага аблвыканкама».

Суразмоўца дадаў, што налепкі супраць здачы ў арэнду Прыпяці разыходзяцца, як гарачыя піражкі - гараджане набываюць іх за грошы, прыляпляюць на задняе шкло сваіх аўтамабіляў.

Мазырчук Генадзь Самойлік стварыў спецыяльную групу «Рыбалка ў Мазыры» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», дзе інтэрнэт-карыстальнікі таксама не ўхваляюць пастанову ўладаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках