7 траўня 2024, aўторак, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менск едзе адзін з заснавальнікаў польскай «Салідарнасці» і сябар Яна Паўла II

1
У Менск едзе адзін з заснавальнікаў польскай «Салідарнасці» і сябар Яна Паўла II

Польскі інтэлектуал Богдан Цывінскі выступіць на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі.

Кангрэс даследчыкаў Беларусі «вяртаецца» ў Менск з эміграцыі на тры дні ў траўні.

25 траўня ў будынку амбасады Літвы ў Беларусі пачне працу міжнародная канферэнцыя «Эвалюцыя або дэвальвацыя: праблема дэмакратычнага парадку ва Усходняй Еўропе».

У рамках форуму, арганізаванага Інстытутам палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», запланаваная публічная дыскусія пра тое, як бачыць гісторыю краіны ў сучасным свеце.

Пра мэты і праграму трохдзённай канферэнцыі «Радыё Свабода» распавёў яе каардынатар - кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік інстытута «Палітычная сфера» Аляксей Ластоўскі.

«Звычайна мы штогод арганізуем Кангрэс даследчыкаў Беларусі, які адбываецца за межамі краіны. Але мяркуем, што нарэшце трэба ажыўляць інтэлектуальнае жыццё і ў беларускай сталіцы, абмяркоўваць важныя тэмы, звязаныя з гісторыяй, палітыкай, рэгіянальным кантэкстам. Мы заўсёды стараемся запрашаць гасцей з іншых краін, супрацоўнічаем з Польскім інстытутам у Менску, які дапамагае прывозіць экспэртаў з Польшчы. Таксама будуць прысутнічаць спецыялісты з Украіны, Расеі. Бо апошнім часам наш рэгіён імкліва мяняецца, трэба разумець кірунак гэтых зменаў, адчуваць, што адбываецца ў суседзяў».

Ластоўскі разлічвае, што ў рамках канферэнцыі вялікую цікавасць павінна выклікаць публічная дыскусія. Яе мэта - абазначыць месца малых краін у сучасным свеце:

«Апроч пасяджэнняў, мы заўсёды стараемся дадаваць элемент публічных дыскусій. Напрыклад, сёлета будзе разгортвацца дыскусія, асноўнай тэмай якой стане наступны тэзіс - як пісаць гісторыю сваёй краіны ў сучасных варунках? Гаворка перш за ўсё пра тое, што цяпер ідзе моцны вонкавы палітычны ціск, пры якім малыя дзяржавы Еўропы небеспадстаўна асцерагаюцца за сваё існаванне. Гэта змушае падкрэсліваць, нават выпінаць свой нацыянальны гонар. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці не дэфармуе гэта сутнасць гісторыі як дысцыпліны? Паразважаць на такую тэму мы запрасілі выдатных спецыялістаў, у іх ліку будзе і наш вядомы гісторык Валянцін Голубеў».

Публічная дыскусія адбудзецца ў чацвер, 25 траўня, а 18.30, у менскім гатэлі «Краўн Плаза», іншыя пасяджэнні прызначаныя на пятніцу і суботу, яны пройдуць у будынку амбасады Літвы.

«Магу прыпадняць заслону, што ў Менску будзе такая вядомая фігура, як Богдан Цывінскі - адзін з заснавальнікаў польскага руху «Салідарнасць», асабісты сябар Яна Паўла II, адзін з выбітных каталіцкіх інтэлектуалаў Польшчы. Мяркуем, што ягоны прыезд у Беларусь таксама з'яўляецца свайго кшталту падзеяй для інтэлектуальнага жыцця нашай краіны. Акрамя таго, запрошаныя палітолагі, сацыёлагі, гісторыкі з Польшчы, Літвы, прыедзе вядомы расейскі гісторык Іван Курыла, які займаецца перш за ўсё расейска-амерыканскімі стасункамі», - распавёў Аляксей Ластоўскі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках