7 траўня 2024, aўторак, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Сеціве з'явілася база для пошуку продкаў

У Сеціве з'явілася база для пошуку продкаў

База дапамагае зрабіць першыя крокі беларусам, якія збіраюцца шукаць у архівах сваіх родных.

Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі (БелНДЦЭД) выклаў у адкрыты доступ пошукавую сістэму «Дапаможнік». Яна дапамагае зрабіць першыя крокі людзям, якія збіраюцца шукаць у архівах сваіх родных, піша tut.by.

У пошукавай сістэме тры графы для пошуку - «Паселішчы» (беларуская мова), «Паселішчы» (расейская мова) і «Прозвішчы». Першыя дзве дазваляюць знайсці інфармацыю аб населеным пункце на беларускай і расейскай мовах. Прычым у базе няма інфармацыі пра Менск і абласныя цэнтры. «Тое, што вы жывяце ў сталіцы, не мае ніякага значэння для генеалогіі, - каментуе кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч, дырэктар БелНДЦЭД. - Вам важна знайсці, дзе жылі вашы дзяды і прадзеды. Таму мы давалі інфармацыю на ўзроўні райцэнтраў і вёсак. Іх выхадцы цяпер засяляюць гарады».

Напрыклад, мы хочам знайсці інфармацыю пра вёску «Навасёлкі». Калі населеных пунктаў з такой назвай больш за 12, тады сістэма просіць уключыць пашыраны пошук і выбіраць канкрэтны раён. Выбіраем Капыльскі - толькі ў ім адных вёсак пад назвай Навасёлкі пяць. Пра кожную з іх можна даведацца, каму яны належалі ў XVIII-XIX стагоддзях (напрыклад, Радзівілам), які мелі статус (маёнтак), які адміністрацыйна-тэрытарыяльны статус мелі ўжо ў савецкі час (напрыклад, прыналежнасць да сельсавета), а таксама ўбачыць гэтыя населеныя пункты на карце.

Графа «Прозвішчы» дапамагае знайсці прозвішчы людзей з іх прывязкай да вызначанага населенага пункта. Як падкрэслівае Вячаслаў Насевіч, улічаны прозвішчы людзей, якія ваявалі альбо былі рэпрэсаваныя ў 1920-1950-я гады. Гэта значыць, гаворка ідзе пра людзей, якія нарадзіліся ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя. Са слоў гісторыка, самымі сталымі людзьмі, якія трапілі ў базу, могуць быць асобы, якія нарадзіліся блізу 1850 года, якія былі рэпрэсаваныя ў 1920-х гадах (гэта значыць у пажылым узросце).

Удакладнім, што біяграфій і нават дат жыцця і смерці людзей карыстальнікі не знойдуць. Напрыклад, калі чалавек увядзе ў пошукавую сістэму сваё ўласнае прозвішча, то дазнаецца, у якіх населеных пунктах сучаснай Беларусі жылі ягоныя цёзкі. Са слоў Вячаслава Насевіча, гэта дапаможа ў пачатку пошуку, а ўсе падрабязнасці карыстальнікі змогуць знайсці ў архівах.

Усяго ў базе прадстаўлена блізу 300 тысяч запісаў. «Многія прозвішчы паўтараюцца ў розных населеных пунктах, - кажа Вячаслаў Насевіч. - Але мы не ставілі сабе задачу падлічыць колькасць унікальных прозвішчаў».

Удакладнім, што ўсе прозвішчы ў базе пададзеныя толькі на беларускай мове. Прычына ў тым, што кнігі «Памяць», адкуль чэрпалася інфармацыя, ствараліся менавіта на беларускай. «Калі перакладаць на расейскую, можна ўсё пераблытаць», - тлумачыць мой суразмоўца.

Акрамя таго, калі вы ведаеце дакладнае прозвішча, трэба пісаць яго з вялікай літары. Калі частка прозвішча будзе напісаная з маленькай літары, сістэма будзе выдаваць варыянты прозвішчаў, у якіх гэтая частка ёсць (напрыклад, увёўшы «ўтушэнк», можна знайсці прозвішчы Еўтушэнка і Яўтушэнка).

«Дапаможнік» - прыклад надзвычай доўгатэрміновага праекта. Праца над ім пачалася 19 гадоў таму. У 1998 годзе быў створаны Цэнтр электроннай дакументацыі. Перад установай была пастаўленая задача - забяспечыць электронны доступ да архіўных рэсурсаў. Са слоў Вячаслава Насевіча, БелНДЦЭД працаваў над некалькімі праектамі, звязанымі з населенымі пунктамі.

У 1998-2000 гадах на сайце «Архівы Беларусі» быў створаны раздзел «Генеалогія». Там была інфармацыя аб наяўнасці ў беларускіх архівах дакументаў, з якіх можна аднавіць свой радавод. Паралельна з 1998-га да 2007 года ішла праца над праектам «Губерня». Супрацоўнікі цэнтра стваралі электронны атлас - уводзілі ў базу звестак усе населеныя пункты, якія адлюстраваныя ў даведніках дасавецкага і савецкага часу (у 1970-я гады выдаваліся «Слоўнікі назваў населеных пунктаў», створаныя даследчыкам Я. Рапановічам), а затым лакалізавалі зніклыя паселішчы па старых картах. Праца над даведнікам «Адміністрацыйна-тэрытарыяльны лад Рэспублікі Беларусь (1981-2010 гг.)», выдадзеным у 2012 годзе, дазволіла адсачыць змены адміністрацыйнай прыналежнасці.

Апошнія некалькі гадоў супрацоўнікі Цэнтра пераводзілі ў электронны выгляд звесткі з кніг «Памяць», якія былі выдадзеныя ў кожным з раёнаў Беларусі. У іх апублікаваныя спісы ахвяр сталінскіх рэпрэсій і ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны (у тым ліку загінулых).

Апошнім этапам стала стварэнне ўласнай пошукавай сістэмы, якая дазволіла суаднесці звесткі з базы (людзей і населеныя пункты).

Як падкрэслівае Вячаслаў Насевіч, надалей у «Дапаможнік» можна будзе ўносіць ўдакладненні і дапаўненні.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках