7 траўня 2024, aўторак, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«ЛНР»: Беларусь купляе ў нас вугаль

10
«ЛНР»: Беларусь купляе ў нас вугаль

Мінэн'рга «ЛНР» зняпраўдзіла словы Сямашкі.

Хто ў Беларусі імпартуе вугаль з падкантрольнага сепаратыстам рэгіёну?

На мінулым тыдні старшыня адміністрацыі так званай «ЛНР» Ігар Платніцкі заявіў у інтэрв'ю выданню «Известия», што самаабвешчаная «рэспубліка» вядзе перамовы з Беларуссю аб пастаўках вугалю.

Са слоў Платніцкага, узнікаюць складанасці з вывазам гэтага прыроднага рэсурсу і з афармленнем належных сертыфікатаў.

Сёння ў кулуарах Беларускага прамысловага форуму віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка ў размове з журналістамі зняпраўдзіў інфармацыю аб куплі вугалю з «ЛНР». Паводле слоў Сямашкі, урад Беларусі такіх перамоў не вядзе.

Тым часам начальнік аддзела вытворчасці і перспектыўнага развіцця вугальнай галіны Міністэрства паліва, энэргетыкі і вугальнай прамысловасці Віктар Ткачэнка ў інтэрв'ю «Белсату» заявіў:

«Безумоўна, Беларусь купляе ў нас вугаль. Праўда, на сёння фінансавыя дачыненні з беларускімі дзяржаўнымі структурамі ў ЛНР няма. Мы знаходзімся на стадыі перамоў з афіцыйным Менскам, канчатковая пастанова толькі прымаецца. А вось прыватныя фірмы з Беларусі ўжо неаднаразова набывалі ў «ЛНР» партыі прадукцыі: вугалю, антрацыту».

Аб'ёмы паставак і назвы прыватных прадпрыемстваў Ткачэнка адмовіўся назваць, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу.

«Так, цікавіцца пастаўкамі вугалю з Данбаса могуць прыватныя прадпрыемствы, малы і сярэдні бізнэс. Лідары прамысловасці сёння працуюць, выкарыстоўваючы газ, а не вугаль, таму дзяржаве гэта не вельмі трэба. Гаворкі пра вялікія аб'ёмы, я думаю, няма. Гэта можа быць ініцыятыва індывідуальных прадпрымальнікаў», - мяркуе экспэртка у энэргетычнай галіне Таццяна Манёнак.

Мы знайшлі адну з кампаній, якая на сайце аб'яў прапануе антрацыт з пазнакай «Паходжанне тавару: Данбас». Як напісана на афіцыйным сайце ТАА «Белкарбатранс», прадпрыемства ажыццяўляе пастаўкі вугалю і антрацыту як у Беларусь, так і ў Расею, Украіну, Малдову, Славакію, краіны Балтыі і Польшчу. За мяжу ідуць значныя партыі - перавозка праз чыгунку. Усяго ж аб'ёмы продажаў кампаніі за год складаюць $1-5 млн даляраў.

«Апошні раз мы закупілі антрацыт з Данбаса ў кастрычніку 2015 году, адразу на цэлы год. Да канца 2016 партыя была рэалізаваная. Сярод асноўных спажыўцоў - Скідзельскі цукровы камбінат і цукровы завод у Гарадзеі. Яны, магчыма, і купілі гэты антрацыт», - расказаў спецыяліст у продажы ТАА «Белкарбатранс» Сяргей Н.

Што да каменнага вугалю, за мінулы год прадпрыемства паставіла 2 850 тон прыроднага рэсурсу Беларускай чыгунцы.

«Так, праз біржавыя таргі нам удалося паставіць такую колькасць Беларускай чыгунцы, здабылі адпаведны тэндэр. Аднак гэта быў ужо вугаль з Расеі, з Хакасіі», - сказаў спецыяліст.

У гэтым жа годзе, са слоў супрацоўніка кампаніі, ні вугаль, ні антрацыт к ЛНР «Белкарбатранс» не купляў. Але на беларускім рынку такіх кампаній больш за дзясятак.

Такім чынам атрымліваецца, што на практыцы дробныя і малавядомыя юрыдычныя асобы маюць магчымасць пастаўляць прыродныя рэсурсы буйным дзяржаўным структурам.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках