8 траўня 2024, Серада, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аршанцы паказалі, што здольныя выходзіць на Плошчу»

1
«Аршанцы паказалі, што здольныя выходзіць на Плошчу»
ФОТА: SVABODA.ORG

Ворша стала рэкардсменам па колькасці ўдзельнікаў вясновых акцый пратэсту ў працэнтных суадносінах да колькасці жыхароў горада.

Апошнім часам выраз «Аршанскі рэгіён» часта гучыць у СМІ. Да радзімы дыктатара прыцягнутая ўвага і самога кіраўніка дзяржавы, і чыноўнікаў. 12 траўня Лукашэнка загадаў навесці ў Воршы «жалезны парадак». У красавіку, выступаючы са штогадовым пасланнем «парламенту і народу», даручыў «падняць з руін і попелу» не толькі Воршу, але і яе наваколлі - горад Барань і гарадскі пасёлак Балбасава.

А ўжо ўчора тут прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Савета міністраў у пытаннях развіцця раёна. Журналісты tut.by з'ездзілі ў рэгіён, на які цяпер глядзіць уся краіна.

Усе жыхары Воршы, Барані і Балбасава, з якімі пагутарылі журналісты, сыходзіліся ў меркаванні:

- Якія «руіны і попел»? На вялікі рахунак, Ворша - акуратны горад, асаблівых развалін тут няма. Прынамсі, іх не больш, чым у іншых месцах краіны. Самая балесная праблема ў нас - беспрацоўе. Моладзь імкнецца з'ехаць у большыя гарады - Віцебск, Менск, шмат хто ездзіць на працу ў суседні Шклоўскі раён. Вельмі шмат людзей зарабляе на жыццё ў Расеі.

Арцёму 23 гады, ён завочна вучыцца ў Акадэміі мастацтваў. Без працы ўжо больш за год - пасля таго як закрылася крама сеткі «Пяты элемент», дзе ён працаваў прадаўцом.

- Калі пачуў, што ўлады да 1 траўня працаўладкавалі ўсіх беспрацоўных, вельмі доўга смяяўся з гэтага. Я шукаў працу праз абвесткі, праз службу занятасці. Але нічога такога не знайшоў. Пакуль жыву рознымі заробкамі, як кажуць, «з халтуры»: паздымаць на вяселлі, камусьці цяпліцу паставіць... А як вучуся платна, то сітуацыя даволі цяжкая. Была думка з'ехаць на заробкі ва Украіну. Але не стаў гэтага рабіць, трэба яшчэ давучыцца.

- У Воршы ў кожным пад'ездзе любога дома – некалькі мужчын з'язджаюць на заробкі ў Расею. І такая сітуацыя ўжо даўно. Яшчэ ў 2008 годзе рэжысёр Віктар Траццякоў зняў дакументальны фільм «Гастарбайтар» - пра лёс аршанскага будаўніка, які вымушаны шукаць працу за межамі роднага горада. І такіх мужчын, - у нас сотні, - распавёў старшыня мясцовай арганізацыі партыі БНФ і рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмерчак.

12 сакавіка 2017-га Ворша здзівіла Беларусь згуртаванасцю жыхароў. На Цэнтральную плошчу тут выйшла блізу 1000 чалавек - гэта найбольшая колькасць пратэстоўцаў супраць дэкрэту №3 на «Маршах недармаедаў» у райцэнтрах краіны.

- Гэта быў адзін працэнт ад насельніцтва Воршы. Ні ў Менску, ні ў Віцебску, ні ў Гомелі, нідзе ў іншых гарадах на «Маршы недармаедаў» не выходзіў адзін працэнт жыхароў, - звяртае ўвагу Ігар Казмерчак. - Людзі сапраўды стаміліся ад безграшоўя і беспрацоўя і паказалі, што здольныя выйсці на плошчу. Пасля гэтага маршу ўлада нават уступіла з аршанскімі дэмакратычнымі актывістамі ў дыялог, мы сустракаліся і абмяркоўвалі праблемы ў горадзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках