10 траўня 2024, Пятніца, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус, які скончыў гістарычны факультэт у Познані стварыў незвычайны бізнэс

2
Беларус, які скончыў гістарычны факультэт у Познані стварыў незвычайны бізнэс
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Былы IT-мэнэджар за грошы запісвае ўспаміны бабуль.

Яўген Бойка з Магілёва знайшоў незвычайны спосаб зарабіць. Хлопец мяркуе, што ўнукі і дзеці могуць плаціць за інтэрв’ю са сваімі старэйшымі роднымі, піша «Радыё Свабода»

Дзед усяму навучыў

Яўгену Бойку 29 год. Ён скончыў гістарычны факультэт у Познані, працаваў мэнэджарам у ІТ-кампаніі, займаўся пастаўкамі малочнай прадукцыі. А з пачатку 2017 году ў яго з’явіўся новы занятак — на замову кліентаў ён запісвае інтэрв’ю з іхнымі вясковымі бабулямі і дзядулямі ды мантуе дакументальныя стужкі.

«Відэаінтэрв’ю — найлепшае адлюстраванне душы чалавека і цудоўны спосаб захаваць памяць. Звяртайцеся!» — гаворыцца ў прамацыйным тэксце Яўгена Бойкі ў сацыяльных сетках.

Яўген нарадзіўся ў Магілёве. Як і большасць беларускіх гарадскіх дзяцей, лета праводзіў на вёсцы ў бабулі з дзядулем. У ягоным выпадку — непадалёк Маларыты на Берасцейшчыне. Футбол, рыба, паездкі на ровары па палях, цяжкая гаспадарчая праца пад дзедавым наглядам — поўны набор.

«Сена касілі, аралі, усё рабілі. Пад прымусам, але дзед усяму навучыў», — кажа Яўген.

Дзед расказваў унуку пра ваўкоў, фантастычныя вобразы і мноства іншага. Яўген настолькі ўразіўся гэтымі гісторыямі, што паехаў у этнаграфічную экспедыцыю ад універсытэту ў Бялыніцкі раён. А праз год — ізноў туды. Але ўжо самастойна, з сябрамі.

«На жаль, мы тады бабуляў вельмі дрэнна запісалі. Падвяла тэхніка. І батарэйкі разрадзіліся. А яны нам песні рэдкія спявалі, пра абрады расказвалі. У выніку запісалі на тэлефон. Атрымалі досвед», — кажа Бойка пра сваю першую самастойную экспедыцыю. Пасля былі паездкі па ўсёй краіне, яшчэ большае захапленне беларускай культурай.

«Мы ж толькі прыадкрываем цяпер сваю спадчыну. У нас вельмі аптымістычная культура, вельмі жартаўлівая», — кажа Яўген.

Пасля гістарычнага факультэта пайшоў у ІТ і бізнэс

Пасля выбараў 2006 году і некалькіх гадоў палітычнай актыўнасці Яўгена Бойку адлічылі з гістарычнага факультэту Магілёўскага ўніверсітэту. Хлопец едзе ў Познань і давучваецца там на гістарычным факультэце універсітэта імя Адама Міцкевіча.

У 2013 годзе Яўген вярнуўся ў Беларусь, адразу ажаніўся, а пасля пайшоў на працу. Прычым калі раней у асноўным займаўся грамадскай ды навуковай дзейнасцю (у Студэнцкім этнаграфічным таварыстве і ў Архіве вуснай гісторыі), то цяпер падаўся ў бізнэс.

«Спатрэбілася працаваць, і я пайшоў. Спачатку падпрацоўкі былі, потым стаў мэнэджарам у IT-кампаніі. Потым у Imaguru, затым у яшчэ адной кампаніі. Займаўся пастаўкамі малочнай прадукцыі, — кажа пра свае прыгоды Яўген Бойка. — І дзякуй богу, што я туды трапіў. Бо пабачыў, што такога ёсць у бізнэс-структурах, чаго бракуе грамадскім арганізацыям».

Сярод такіх рэчаў Бойка называе маркетынг, метадалогію працы з людзьмі, гашэнне канфліктаў паміж супрацоўнікамі, адмову ад вертыкалі кіравання.

А вось як Яўгену прыйшло ў галаву спалучыць даўняе захапленне з бізнэс-праектам:

«Я свайго захаплення этнаграфічнымі паездкамі не кідаў. Паралельна займаўся. То туды паедзем, то сюды, то яшчэ што. Я на такіх умовах працаваў, што меў 3-4 вольныя дні, — кажа Яўген. — І я пабачыў, як шмат агульнага ў грамадскай дзейнасці і бізнэсу. У выніку любая грамадская дзейнасць пераходзіць у бізнэс у той ці іншай ступені».

«Тое, што прапаноўваем мы, робіць жыццё людзей поўным»

У 2016 годзе знаёмыя папрасілі, каб Яўген запісаў сямейныя гісторыі іхніх сваякоў на вёсцы. Адзін, другі раз. І вось у студзені Бойка ўпершыню зрабіў камерцыйную этнаграфічную экспедыцыю. На замову ён з’ездзіў, пагаварыў са сваякамі кліента. Усю размову запісаў на відэа і потым зрабіў з гэтага дакументальную стужку.

Са слоў Яўгена, запісваць старых нескладана. Яны больш ахвочыя да размоваў, чым маладыя. Людзі разумеюць, што неўзабаве мусяць адысці, і стараюцца падзяліцца тым, што ведаюць і памятаюць.

Звычайна дзеці і ўнукі ўпэўненыя, што ведаюць пра сваіх бацькоў і дзядоў усё. Але Яўген часам запісвае абсалютна невядомыя сваякам гісторыі.

«Часам такія рэчы выплываюць, людзі расказваюць тое, чаго нікому ніколі не гаварылі. У іх ніхто не пытаўся, альбо не лічылі патрэбным проста», — кажа Яўген Бойка.

Інтэрв’ю на тэмы этнаграфіі ды гісторыі Бойка разам з сябрамі запісаў больш за сотню. На камерцыйнай аснове — пакуль толькі тры. Робіць ён гэта на замову маладзейшага пакалення. Цана залежыць ад фармату і працягласці, запіс можа каштаваць да 250 еўраў.

«Мы запісваем на відэа ўспаміны людзей сталага веку — нашых матуль і бабуль, дзядоў і татаў. Робім гэта дзякуючы біяграфічнаму і светапогляднаму інтэрв’ю, — так Бойка прадстаўляе свой праект у сацыяльных сетках. — Вынік — дакументальная стужка, дзе блізкі чалавек поўнасцю апісвае свой жыццёвы шлях і досвед».

Цяпер асноўны занятак Яўгена — праца бізнэс-кансультантам. Адначасова ён развівае свой бізнэс-праект па запісе сямейных гісторый. Працуе збольшага самастойна, але ў складаных выпадках часам запрашае дадатковых спецыялістаў па мантажы.

«Двойчы я працаваў па адным дні. Апошні раз я працаваў два дні, два разы прыяжджаў да чалавека. Падчас працы мы прыйшлі да таго, што запіс трэба разбіваць на гадзінныя адрэзкі, дадаваць тытры. Агулам адзін чалавек з перапынкамі можа гаварыць 4–6 гадзін», — расказвае Яўген Бойка.

Са слоў Бойкі, найлепш разумеюць неабходнасць зафіксаваць на відэа ўспаміны сваіх родных тыя, хто гэтага зрабіць ужо не зможа, чые родныя ўжо сышлі. Гэтым людзям нічога не трэба абгрунтоўваць.

«Людзі будуць плаціць за тое, што хтосьці вырашае іхнія праблемы. Альбо робіць іхняе жыццё больш прыгожым, больш паўнавартасным. Тое, што прапаноўваем мы, робіць жыццё людзей поўным», — кажа Яўген.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках