11 траўня 2024, Субота, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп на саміце G-7 заклікаў развязаць праблему КНДР

8
Трамп на саміце G-7 заклікаў развязаць праблему КНДР
ДОНАЛЬД ТРАМП

Са слоў прэзідэнта ЗША, ён ахвочы пайсці ў заклад, што праблема Паўночнай Карэі будзе развязаная.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што тэрарызм і Паўночная Карэя ўзначальваюць спіс праблем у парадку дня лідараў «Вялікай сямёркі», якія бяруць удзел у пачатым у пятніцу саміце на выспе Сіцылія, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Седзячы побач з прэм'ер-міністрам Японіі Сіндзо Абэ, прэзідэнт ЗША заявіў, што на сустрэчы «асаблівая ўвага будзе нададзеная паўночнакарэйскай праблеме».

У той час як тэрарызм надалей застаецца цэнтральнай праблемай, якая будзе абмяркоўвацца падчас двухдзённага саміту, ядзерная і ракетная праграмы КНДР нясуць «вялікую праблему, праблему сусветнага маштабу», - сказаў Трамп, дадаўшы, што «нарэшце, яна будзе развязаная».

«Яна будзе развязаная. Ахвочы пайсці ў заклад», – заявіў кіраўнік Белага дома.

Гандаль з'яўляецца адным з галоўных пытанняў, што хвалюе калегаў Трампа з «Вялікай сямёркі», якія сабраліся на саміт у курортным горадзе Таарміне.

Яны спадзяюцца дамагчыся змякчэння пазіцыі Трампа што да міжнароднага гандлю і ў дачыненні да пытання аб кліматычных зменах.

«У нас будзе вельмі жывая дыскусія аб гандлі. Мы будзем размаўляць пра тое, што напраўду азначаюць вольныя і адкрытыя гандлёвыя стасункі», – сказаў прэсе дырэктар Нацыянальнай эканамічнай рады Гэры Коўн у прэзідэнцкім самалёце па дарозе з Бэльгіі на Сіцылію.

На адкрыцці новага будынка штаб-кватэры NATO у Брусэлі прэзідэнт ЗША выступіў з моцнай крытыкай іншых лідэраў Альянсу. На ягоную думку, невыкананне краінамі-чальцамі NATO у поўнай меры фінансавых абавязанняў што да абаронных патрэб – несумленнае ў дачыненні «да амэрыканскага народу і падаткаплатнікаў».

Акрамя гэтага, паміж Трампам ды іншымі лідэрамі існуюць супярэчнасці ў дачыненні да праблемы кліматычных змен.

Падчас G-7 чакаюцца «даволі гарачыя» перамовы аб тым, што Трамп павінен выконваць абавязанні што да скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу, прынятыя на сябе Вашынгтонам у рамках Парыжскага кліматычнага пагаднення два гады таму, сказаў галоўны дарадца Трампа ў эканамічных пытаннях Коўн.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі, у часе якой ён не раз рабіў супярэчлівыя заявы, Трамп назваў глабальнае пацяпленне «выдумкай».

G-7, наадварот, на працягу больш як дзесяці гадоў паслядоўна прызнавала пагрозу змены клімату, аднак прадстаўнікі амэрыканскай дэлегацыі могуць паспрабаваць змякчыць фармулёўкі ў заключным пратаколе саміту ў Таарміне.

Акрамя ЗША, у «Вялікую сямёрку» уваходзяць Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія і Вялікабрытанія. На саміце прысутныя і прадстаўнікі ЕЗ.

З 1997 да 2014 года ў групу ўплывовых і багатых дзяржаў, якая называлася, адпаведна, «Вялікай васьмёркай», уваходзіла і Расея. Аднак яе ўдзел у гэтай структуры быў прыпынены ў сувязі з анэксіяй Крыму.

Каб зноў стаць чальцом «Вялікай васьмёркі», Расеі трэба выканаць дамоўленасці ў рамках «менскіх пагадненняў», якія, сярод іншага, прадугледжваюць аднаўленне суверэнітэту Украіны, заявіў у сераду дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках