5 траўня 2024, Нядзеля, 4:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як маці-адзіночка сышла з гандлю і ўладкавалася токарам

5
Як маці-адзіночка сышла з гандлю і ўладкавалася токарам
Фотa: tut.by

Калі Юлія Місько прыехала ў Менск, уладкавалася прадаўцом у краме на чыгуначным вакзале.

Заробак маленькі, графік нязручны – а Юлія Місько адна выхоўвае дачку, піша tut.by.

Жанчына рызыкнула, звольнілася і праз тры месяцы знайшла месца токаркі-рэвальвершчыцы на МАЗ. «Далёка не жаночая праца, але тут ёсць усё тое, што я шукала», – разважае Юлія.

«Зразумела, што з такім раскладам не змагу гадаваць і выхоўваць дзіця»

– Я нарадзілася і вырасла ў правінцыі. У 2007 годзе разам з сястрой пераехала ў Менск. Маючы дыплом гандлёвага каледжа Белкаапсаюза, працавала ў сферы гандлю – прадаўцом у краме «Астравок» на Цэнтральным вакзале. Атрымлівала блізу 150 даляраў. Тое, чым я займалася, мне вельмі падабалася. За дзень сустракала шмат розных людзей: і заможных, і вельмі бедных.

Трэба дадаць, што я маці-адзіночка: дачцэ ўжо споўнілася 14 гадоў. Мая галоўная задача – клопат пра дзяўчынку-падлетка, у тым ліку пра фінансавы бок нашага жыцця. Першыя паўгода дачка жыла разам з бабуляй і дзядулем, а я прыязджала на выходныя. Калі я забрала дзяўчынку ў Менск, трэба было, каб нехта вадзіў яе ў садок. Гандаль – гэта зменны графік: два праз два. Працоўны дзень пачынаўся з 8-й і заканчваўся а 21-й. Атрымлівалася, што я ўстаю на працу, а дачка яшчэ спіць, я вяртаюся з працы, а дачка ўжо спіць. Спачатку дапамагала сястра. Але я разумела, што з такім раскладам не змагу гадаваць і выхоўваць дзіця. Вось і прычына думак пра новае месца.

Я напісала заяву на звальненне і адначасова пачала шукаць працу. Нічога не атрымоўвалася, а тэрміны ўжо падціскалі, так што калі я пайшла з крамы, усё яшчэ была непрацаўладкаваная. Шукала новае месца месяцы тры, таму што як толькі працадаўца чуе фразу «маці-адзіночка», баіцца нават думаць пра прыём на працу. Адразу ўзнікаюць пытанні: «А колькі дзіцяці гадоў? А як вы жывяце? Як часта бераце бальнічны? Хто дапамагае вам гадаваць?» Думаю, цяпер маці-адзіночкі сутыкаюцца з той самай сітуацыяй.

«Падабаецца тое адчуванне, калі з бясформавага металу я выточваю на сваім станку дэталь»

– У выніку я патрапіла на МАЗ. Спачатку прапаноўвалі ўладкавацца кладаўшчыцай, але я абрала працу токаркі-рэвальвершчыцы. Токарка – далёка не жаночая праца, але тут ёсць усё тое, што я шукала: зручны графік з 7-й да 15.20, аплачаны адпачынак, дзіцячы дзень. Чамусьці калі я працавала прадаўцом, мая змена заўсёды выпадала на святы – а цяпер у святы я таксама адпачываю.

Узялі мяне без досведу, таму нейкі час я была вучаніцай: мяне замацавалі за токарам, які працаваў на станку ўжо некалькі гадоў. Вядома, складана было навучыцца, але я справілася. Вельмі падабаецца адчуванне, калі з бясформавага металу я выточваю на сваім станку дэталі: гаечкі, балты, шрубкі, штуцэры, штыфты... Адчуваеш сябе кімсьці асаблівым.

Ад працы мне далі сямейны інтэрнат-новабудоўлю: паўнавартасная аднапакаёвая кватэра з падзеленым санвузлом і ўласнай кухняй, лоджыяй. Агульная плошча – 40 квадратных метраў.

На прадпрыемстве працую ўжо шэсць гадоў з сярэднім заробкам 500 рублёў ($ 250). Няшмат, але стабільна. Якія ў нас выдаткі? Дачка ходзіць у школу, то-бок кожны тыдзень на абеды я даю ёй 12,5 рубля, за месяц – блізу 60 рублёў. Як ва ўсіх школах, ёсць абавязковыя да наведвання мерапрыемствы, напрыклад музеі, гэта яшчэ рублёў 10. Камунальныя, інтэрнэт, сотавы тэлефон... Увогуле, за апошнія месяцы, калі заробак быў ніжэйшы за звычайны, на прадукты і вопратку заставалася блізу 200 рублёў.

Пра тое, каб яшчэ раз памяняць прафесію, я не думаю: па-першае, на многіх заводах і прадпрыемствах з заробкам аналагічная сітуацыя, па-другое, праца мая мне падабаецца. Тым больш, ёсць інтэрнат. Так што ў маім цяперашнім жыцці мяне задавальняе абсалютна ўсё, акрамя суадносінаў майго заробку і коштаў у Менску.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках