5 траўня 2024, Нядзеля, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Магіляўчанаў прымушаюць плаціць за забавы чыноўнікаў

8
«Нямецкая хваля»: Магіляўчанаў прымушаюць плаціць за забавы чыноўнікаў

Мясцовыя ўлады прымушаюць насельніцтва да збору сродкаў для правядзення гарадскіх святаў і да ўдзелу ў іх.

Праваабаронцам у Магілёве стала вядома, што мясцовыя ўлады прымушаюць насельніцтва да збору сродкаў для правядзення гарадскіх святаў і да ўдзелу ў іх. Як гэта адбываецца? На гэтае пытанне адказваюць журналісты «Нямецкай хвалі» ў сваім расследаванні.

У канцы чэрвеня 2017 года Магілёў чакае дзве знакавыя падзеі: ХХІІ Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» і святкаванне 750-годдзя горада.

Раней яны былі адзначаныя ў гарадскім календары асобнымі датамі: у той час як Дзень горада традыцыйна святкуецца ў апошнія выходныя чэрвеня, конкурс выканаўцаў хрысціянскай музыкі заўсёды праходзіў у другой палове ліпеня. Аднак з 2012 года гарадскія ўлады праз эканомію сродкаў пастанавілі праводзіць яго толькі адзін раз на два гады, а сёлетні фестываль яшчэ і сумясцілі з Днём горада.

Акрамя таго, адміністрацыя горада выдала распараджэнне з разнарадкай бюджэтным арганізацыям прымусова выкупляць квіткі на святочныя мерапрыемствы.

Дакумент для ўнутранага карыстання нечакана апынуўся ў руках праваабаронцаў і быў шырока агалошаны. Згодна з ім, ідэолагі штотыдзень у чацвяргі даюць справаздачу наконт продажаў. Гэты факт абурыў праваабаронцаў і гараджанаў.

Гісторыя з лістом

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Магілёве Барыс Бухель не раскрывае, якім чынам распараджэнне кіраўніцтва горада патрапіла ў ягоныя рукі. Паводле ягоных словаў, для яго самога абвяшчэнне гэтага дакумента стала такой самай нечаканасцю, як для ўладаў – выцечка інфармацыі для службовага карыстання.

Зрэшты, такім паваротам падзей праваабаронца са стажам не здзіўлены. Паводле ягоных словаў, па-першае, «прымус да культуры» – гэта не магілёўская з'ява, а практыка, якая прымяняецца даўно ва ўсёй краіне». А па-другое, ва ўладных структурах поўна чыноўнікаў, незадаволеных неразумнымі пастановамі сваіх кіраўнікоў. Таму падобныя «слівы» інфармацыі адбываюцца рэгулярна.

Сёлета, прадаўжае Бухель, «мабыць для эканоміі сродкаў, улады звялі разам фестываль духоўнай музыкі і Дзень горада. Таму прадпісанне, разасланае ў прадпрыемствы горада, атрымалася досыць супярэчлівым».

У адным і тым жа тэксце гаворка ідзе пра «адраджэнне духоўнай культуры» і пра канцэрт расейскай поп-спявачкі Паліны Гагарынай у рамках святкавання Дня горада. Калі быць дакладным, прадаўжае праваабаронца, гаворка ідзе пра гала-канцэрты двух мерапрыемстваў зусім рознай накіраванасці, якія пройдуць 27 і 28 чэрвеня.

Фестываль і яго значэнне

Фестываль «Магутны Божа», які з 1993 года з'яўляецца візітнай карткай Магілёва, пачынаўся з аншлагаў, успамінае ветэран дэмакратычнага руху Міхась Булавацкі. Гэта была знакавая падзея для ўсіх краінаў былога СССР, а можа, і ўсёй Усходняй Еўропы. «Перад тым годам у горадзе быў адноўлены каталіцкі касцёл, які ў савецкі час выкарыстоўваўся пад архіў, лунала ў паветры ідэя супрацоўніцтва хрысціянаў розных канфесій. Здавалася, што атэістычны камунізм нарэшце скончыўся», – успамінае Міхась Булавацкі.

Назва «Магутны Божа», тлумачыць ён, гэта першы радок з аднайменнага духоўнага гімна беларусаў. Ягонае выкананне ўсімі ўдзельнікамі заўсёды было кульмінацыяй закрыцця фестывалю. Гаворачы пра ягоны ўзровень, дастаткова згадаць, што журы ўзначальваў прафесар Беларускай акадэміі музыкі Віктар Роўда, а адным з тых, хто ацэньваў выступленні ўдзельнікаў, быў вядомы музыказнаўца Гай Пікарда, які адмыслова прылятаў у Магілёў на час фестывалю з Лондана.

Сённяшнюю сітуацыю, калі на канцэрты публіку заганяюць сілай, Міхась Булавацкі называе дэградацыяй, якая лёгка вытлумачальная. Пасля смерці Віктара Роўды ў 2007 годзе аргкамітэт узначаліў Гарвыканкам Магілёва, а грамадскія ініцыятывы былі выціснутыя з ліку арганізатараў, кажа Булавацкі.

Жыхарам Магілёва прапаноўваюць скінуцца на арку

Магілёўскі прадстаўнік незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Аляксандр Хамратаў звяртае ўвагу яшчэ на адно сакрэтнае распараджэнне ўладаў, якое тычыцца святкавання Дня горада. Па заводах, сцвярджае ён, ходзіць папера з патрабаваннем сабраць грошы на правядзенне 750-годдзя Магілёва і будаўніцтва Трыўмфальнай аркі да гэтай даты на ўездзе ў горад з боку Менска. Фота дакумента працоўныя ананімна выклалі ў сацыяльных сетках.

Схема простая, кажа Хамратаў, кіраўнікі цэхаў настойліва рэкамендуюць падначаленым напісаць заяву на імя дырэктара з прапановай адняць з іх заробку пэўную суму на гарадскія мерапрыемствы. Ад працоўных атрымалася даведацца, што гэта ўсяго 5 рублёў (блізу 2,5 еўра). І яны плацяць, бо інакш ім могуць прапанаваць набыць квіток на гала-канцэрты, а гэта 35 рублёў на «Магутны Божа» і 65 рублёў на канцэрт Паліны Гагарынай, што нямала для Магілёва, дзе нярэдкія заробкі 300 рублёў.

Юрыст прафсаюза РЭП Аляксей Яўгенаў кажа, што дэ-юрэ ўсё выглядае бездакорна: працоўныя самі выяўляюць свядомасць і жаданне дапамагчы гораду, а ўлада ў сваю чаргу паказвае, што выконвае пажаданні працоўных. Таму ніхто і не скардзіцца. Толькі ў курылках можна пачуць нараканні – улады адбіраюць грошы на святы, а потым на іх жа заганяюць сілай, забяспечваючы яўку.

Жадаючы растлумачыць сітуацыю вакол унёскаў на святкаванне Дня горада і арганізацыі музычнага фестывалю «Магутны Божа», DW спрабавала адправіць праз факс афіцыйныя запыты ў магілёўскі Абласны выканаўчы камітэт, а таксама ў Гарвыканкам Магілёва, але факсы не праходзілі, а запыт, адпраўлены праз электронную пошту, на момант публікацыі артыкула застаўся без адказу.

Прымусовае задавальненне

Аляксей Яўгенаў мяркуе, што большасць квіткоў давядзецца выкупіць «пяршоўкам» Дзяржаўныя прафсаюзаў. На канцэртах пераважная большасць гледачоў будуць складаць жанчыны – у Беларусі гэта відавочная прыкмета «прымусоўкі». Відавочна, пасля гэтага грошай на статутную прафсаюзную дзейнасць у іх не застанецца, але гэта мала каго хвалюе, калі гаворка ідзе пра паказныя мерапрыемствы.

Лідар мясцовых сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў напісаў кіраўніцтву горада ліст, у якім прапанаваў прынамсі замест Трыўмфальнай аркі на ўскраіне аднавіць аб'екты культурнай спадчыны ў цэнтры горада. Уладам, тлумачыць Барысаў, усё адно, што будаваць, іхняя задача – увайсці ў гісторыю з дапамогай такіх аб'ектаў. Але ў адказ ён атрымаў толькі адпіску пра тое, што ў будучыні ягоная прапанова будзе ўлічаная.

Магілёўскі дысідэнт Валадар Цурпанаў мяркуе, што мясцовым уладам дастаткова было б Дня горада, фестываль «Магутны Божа» іх прыкметна абцяжарвае. Але адмовіцца ад яго яны не могуць праз палітычныя прычыны: ягоны міжнародны статус працуе на імідж цяперашняга рэжыму, якому трэба паказаць збліжэнне з Еўропай. «Нават культурныя мерапрыемствы маюць цяпер геапалітычную надбудову», – кажа Валадар Цурпанаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках