5 траўня 2024, Нядзеля, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Роўда: Беларусам патрэбная вуліца Бжэзінскага

2
Уладзімір Роўда: Беларусам патрэбная вуліца Бжэзінскага
Уладзімір Роўда

Ён давёў беларусам, што імперыя - асноўная пагроза як для нашага народа, так і для нашых суседзяў.

Аб ролі Збігнева Бжэзінскага ва ўцягванні СССР у вайну ў Афганістане і тое, чаму Беларусь павінна ўшанаваць памяць вядомага палітолага, у размове з «Белсатам» разважае кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Роўда.

- Прафесар, што падумалі калі даведаліся пра смерць Збігнева Бжэзінскага?

- Падумаў, што ён выдатна спалучаў дзве ролі - палітолага і палітыка.

- Наколькі вялікая была роля Бжэзінскага ва ўцягванні СССР у вайну ў Афганістане?

- Безумоўна, гэтая вайна падарвала імперыю, але роля Бжэзінскага ва ўцягванні СССР у вайну - пазіцыя абсалютна няправільная і ілжывая. СССР залучыўся ў гэтую вайну самастойна і па-за ўсялякімі амерыканскімі праектамі. Палітыкі, якія ўцягвалі Крэмль у гэтую авантуру - перш за ўсё, асяроддзе Брэжнева.

- Бжэзінскі неаднаразова казаў, што Украіна і Беларусь няўмольна павернутыя на Захад. Наколькі ён у сваіх прагнозах памыляўся ці не памыляўся?

- Ягоныя прагнозы - доўгатэрміновыя, у такой перспектыве я не бачу для Беларусі ніякай іншай альтэрнатывы як разрыў з Расеяй і сапраўдная незалежнасць Беларусі, магчымая толькі ў Еўразвязе. Пакуль Лукашэнка з усіх сіл імкнецца гэтага пазбегнуць, але наступныя кіраўнікі Беларусі пройдуць гэты шлях гісторыі.

- Бжэзінскі казаў пра разварот на Захад таксама і Расеі. Ці зможа празаходні вектар перамагчы ў нашых суседзяў?

- Гэты вектар у Расеі, безумоўна, ёсць: напрыклад, ліберальная эканоміка ўсё яшчэ там існуе, не задушаная канчаткова Пуціным. Але гэты вектар - маленькі, не ўплывовы. Апошні прыклад лібералізацыі - гарбачоўскую перабудову - у Расеі сёння разглядаюць як адступлення ад інтарэсаў свайго народа.

- А што давала магчымасць Бжазінскаму рабіць такія ўдалыя доўгатэрміновыя прагнозы наконт нашага рэгіёну?

- Польскае паходжанне, безумоўна, адыграла тут сваю ролю - ён выдатна ведаў наш рэгіён, пісаў свае працы таксама па-польску. Чым шырэйшы кругагляд палітолага - тым больш надзей на правільнасць падыходаў у прагнозах.

- Яўген Ліпковіч выказаў упэўненасць, што ў недалёкай будучыні амбасада Расеі ў Менску будзе стаяць на вуліцы Збігнева Бжэзінскага. Нам патрэбная такая вуліца?

- Магчыма, ён мае рацыю. Бжэзінскага павінна ўшанаваць беларуская дзяржава, але напэўна, гэтага не адбудзецца пры сучасным кіраўніцтве.

Палітыка Беларусі, безумоўна, зменіцца: Кітай - вельмі далёкая перспектыва, а Еўропа - блізкая, і нам падыходзіць - па духу, ментальнасці, гісторыі.

Чаму нам патрэбная такая вуліца? Гэты чалавек быў першым або адным з першых, які выступіў адкрыта з антыімперскай пазіцыяй і давёў беларусам, што імперыя - асноўная пагроза як для нашага народа, так і для нашых суседзяў.

Ён апярэдзіў свой час, напісаўшы выдатную кнігу аб геапалітыцы, дзе былі правільна расстаўленыя акцэнты наконт пагрозы Украіне як незалежнай дзяржаве. Вуліцы імя Бжэзінскага павінны з'явіцца ў Польшчы, Літве, ва Украіне і Беларусі. Гэтыя краіны нарэшце аб'яднаюцца на антыімперскіх пазіцыях.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках