4 траўня 2024, Субота, 23:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чатыры міфы аб мікрахвалевых печах, у якія мы ўсё яшчэ верым

13
Чатыры міфы аб мікрахвалевых печах, у якія мы ўсё яшчэ верым

Многія дагэтуль сумняваюцца, ці бяспечнае для здароўя мікрахвалевае выпраменьванне.

«Лайфхакер» разбіраецца, наколькі абгрунтаваныя такія страхі.

1. Гатаванне ў мікрахвалёўцы зніжае ўтрыманне пажыўных рэчываў у прадуктах

Усякая апрацоўка прадуктаў, у тым ліку награванне і астуджэнне, прыводзіць да змены іх фізічных уласцівасцяў, хімічнага складу і харчовай каштоўнасці. Ежа, прыгатаваная ў мікрахвалевай печы, страціць шмат пажыўных рэчываў, толькі калі яе гатаваць пры занадта высокай тэмпературы ці занадта доўга. Правільныя суадносіны часу і тэмпературы дапамогуць захаваць карысць і смак прадуктаў.

Гатаванне ў мікрахвалевай печы не знізіць і ўтрыманне вітамінаў і іншых карысных для здароўя рэчываў. Праз тое, што прадукты гатуюцца хутчэй, у іх нават лепш захоўваюцца карысныя хімічныя рэчывы, поліфенолы і антыаксіданты.

Звычайна пры цеплавой апрацоўцы ў прадуктах мацней за ўсё разбураецца вітамін C. Але гэта адбываецца ў асноўным пры варцы, бо водарастваральныя пажыўныя рэчывы лёгка вымываюцца вадой пры кіпенні. У мікрахвалевай печы губляецца значна менш гэтага вітаміну.

Таксама даследчыкі параўналі гатаванне гародніны (капуста, морква, каляровая капуста, шпінат) у мікрахвалевай печы, на пары і ў скараварцы. Выявілася, што гародніна, прыгатаваная ў скараварцы, страціла больш нерастваральных харчовых валокнаў, карысных для кішачніка, чым тая, якія гатавалася ў мікрахвалёўцы і на пары.

2. Прадукты, прыгатаваныя ў мікрахвалевай печы, выклікаюць рак

Да адных лепш за ўсё вывучаных канцэрагенаў цяпер адносяць гетэрацыклічныя араматычныя аміны (HCA). Яны ўтвараюцца падчас цеплавой апрацоўкі ў прадуктах, багатых бялком, напрыклад у рыбе і мясе, асабліва калі іх гатаваць пры высокіх тэмпературах.

Прычым метад цеплавой апрацоўкі значна ўплывае на ўтварэнне HCA. Паводле некаторых звестак, пры гатаванні ў мікрахвалевай печы ў курыцы ўтворыцца больш HCA, чым пры смажанні на патэльні і грылі або запяканні ў духоўцы. Аднак ніякіх пацверджанняў таго, што рэгулярнае ўжыванне прыгатаванай у мікрахвалеўцы курыцы выклікае рак, не выяўлена.

Паводле звестак іншага даследавання, у рыбе, засмажанай на грылі, утрыманне HCA вышэйшае, чым у рыбе з мікрахвалёўкі, а ў ялавічыне, прыгатаванай у мікрахвалевай печы, зусім не была выяўленая прысутнасць HCA.

Размарожванне і разаграванне ў мікрахвалеўцы ўжо гатовай ежы наогул не выклікае ўтварэння гэтага канцэрагена.

3. Пластыкавы посуд пры награванні ў мікрахвалеўцы шкодзіць здароўю

Ёсць асцярогі, што пры награванні ў мікрахвалевай печы некаторыя хімічныя рэчывы з пластыка могуць трапляць у ежу і павялічваць рызыку развіцця рака. Але большасць пластыкавага посуду цяпер спецыяльна распрацоўваюць так, каб ён вытрымліваў высокія тэмпературы і быў бяспечным. На такім посудзе ёсць значок, які пазначае, што ён прызначаны для мікрахвалевых печаў. Імавернасць, што такі пластык сапсуе ежу, мінімальны.

Перш чым ставіць кантэйнер у мікрахвалевую печ, праверце, ці ёсць на ім адпаведная пазнака пра бяспеку. Калі яе няма, разагрэйце ежу ў шкляным або керамічным посудзе.

4. Апрацоўка ў мікрахвалеўцы забівае шкодныя бактэрыі

Усякая цеплавая апрацоўка значна зніжае рызыку харчовага атручвання. Праблема толькі ў тым, што пры награванні прадуктаў у мікрахвалевай печы тэмпература размяркоўваецца нераўнамерна. Выняўшы ежу з мікрахвалёўкі, вы, напэўна, заўважылі, што яна ў адных месцах прагрэлася, а ў іншых не. Гэта павялічвае патэнцыйную небяспеку заражэння. Таму падчас нагрэву ў мікрахвалёўцы не забывайце перамешваць ежу, каб яна награвалася раўнамерна.

Пры тэмпературы, вышэйшай за 60°C большасць бактэрый, якія выклікаюць харчовае атручванне, гіне. Але вось таксіны, якія яны выпрацоўваюць, больш устойлівыя да высокіх тэмператур. Яны могуць застацца ў прадуктах нават пасля награвання.

Так што не разлічвайце, што апрацоўка у мікрахвалевай печы чароўным чынам ператворыць сапсаваную ежу ў бяспечную, забіўшы бактэрыі. Калі прадукт сапсаваўся, выкінеце яго і не рызыкуйце сваім здароўем.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках