5 траўня 2024, Нядзеля, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы вярнуліся ў крызіс 2009 года

5
Расейцы вярнуліся ў крызіс 2009 года

За «страчанае дзесяцігоддзе» рэальныя даходы насельніцтва РФ так і не выраслі.

Замежэканомбанк (ЗЭБ), апярэдзіўшы Расстат, палічыў, якім быў прырост ВУП РФ у красавіку ў гадавым вымярэнні - 1,5%. Але ёсць і дрэнныя навіны: рэальныя даходы расейцаў, гэта значыць, з улікам інфляцыі, вярнуліся да ўзроўню 2009 года. Таму што інфляцыя «з'ела» прырост грашовых даходаў, які быў з 2009 года да першага квартала 2017-га. Пры гэтым некаторыя экспэрты мяркуюць, што на гэтым этапе даходы насельніцтва падаюць ужо не столькі праз кошты, якія растуць, колькі праз барацьбу Цэнтрабанка (ЦБ) з інфляцыяй, якая зводзіцца да замарожвання эканамічнай актыўнасці, піша ng.ru.

У красавіку расейскі ВУП прадоўжыў тэндэнцыю росту, паведамляецца ў новым выпуску штомесячнай справаздачы ЗЭБ пра стан эканомікі РФ. «У красавіку ВУП з выключэннем сезоннага і каляндарнага фактараў у дачыненні да папярэдняга месяца вырас на 0,4%, паўтарыўшы значэнні росту ў сакавіку. Прырост да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 1,5% пасля росту на 0,8% у сакавіку 2017 года», - пазначана ў матэрыялах ЗЭБ. Як паведамляецца, агулам за студзень-красавік 2017 года эканамічны рост склаў 0,8% да адпаведнага перыяду мінулага года.

Расстат красавіцкіх звестак аб ВУП пакуль не апублікаваў, ён дагэтуль спасылаецца на адзнакі вынікаў першага квартала, калі рост ВУП за год склаў 0,5%.

У той жа час, як заўважае былы намеснік кіраўніка Мінэканамразвіцця, галоўны эканаміст ЗЭБ Андрэй Клепач, «нягледзячы на даволі спрыяльную эканамічную дынаміку, захоўваецца шэраг рызыкаў, якія могуць запаволіць далейшую эканамічную актыўнасць». Адна з такіх рызык - умацаваны рубель, які будзе «негатыўна ўплываць на далейшыя магчымасці экспартна-арыентаваных галін». Тым самым ВЭБ праявіў сябе як яшчэ адзін лабіст паслаблення нацыянальнай валюты.

Клепач назваў і іншыя рызыкі. Ён заўважае, што «аднаўленне росту ўнутранага попыту ў пачатку гэтага года пакуль вельмі няўстойлівае». «Высокія адсоткавыя стаўкі стрымліваюць рост попыту на крэдыты. Бюджэт будзе і далей выступаць негатыўным фактарам для даходаў насельніцтва і інвестыцый», - дадае эканаміст.

Непрыемны вынік апошніх васьмі гадоў: рэальныя даходы насельніцтва, гэта значыць, з улікам інфляцыі, «апусціліся да рэкордна нізкіх за гэты крызіс значэнняў, дасягнуўшы ўзроўняў 2009 года», паведамляе Клепач.

Гэта пацвярджаецца звесткамі афіцыйнай статыстыкі. У красавіку 2009 года сярэднедушавыя грашовыя даходы насельніцтва складалі крыху больш за 17 тысяч руб. А ў красавіку 2017-га яны дасягнулі амаль 30,5 тысячы руб. Гэта значыць, намінальна даходы расейцаў выраслі амаль удвая. Адначасова з гэтым за перыяд з 2009 года да красавіка 2017-га кошты выраслі ў Расеі таксама прыкладна ўдвая.

Таксама варта нагадаць, што калі раней рэальныя наяўныя даходы насельніцтва штогод раслі, то пачынаючы з 2014 года яны сталі стабільна скарачацца. І цяпер ідзе ўжо чацвёрты год зніжэння рэальных даходаў насельніцтва. Паводле апошніх звестак Расстата, у красавіку 2017-га рэальныя даходы грамадзян скараціліся на 7,6% да красавіка мінулага года. За студзень-красавік падзенне склала за год 2,2%.

На думку некаторых эканамістаў, негатыўная дынаміка даходаў насельніцтва ў апошнія гады звязаная ўжо не столькі з ростам коштаў, колькі, наадварот, з актыўнай антыінфляцыйнай барацьбой кіраўніцы ЦБ Эльвіры Набіулінай, якая ўшчыльную наблізіліся да мэтава-арыентаваных 4%.

Як заўважае прафесар кафедры фінансавага мэнэджмэнту Расейскага эканамічнага ўніверсітэта ім. Г.В. Пляханава Канстанцін Ордаў, «зніжэнне ўзроўню інфляцыі можа быць дасягнутае шляхам апераджальнага росту эканомікі альбо ў выніку збяднення грамадзян».

«У першым выпадку пашыраецца прапанова тавараў, што не прыводзіць да інфляцыйнага ціску. У другім выпадку сыходзяць грошы спажыўцоў, а значыць, скарачаецца попыт на тавары і паслугі, а за ім - кошты і эканамічная актыўнасць», - тлумачыць Ордаў. І цяпер рэалізуецца другі сцэнар, а не першы. Таму што з эканамічным ростам у краіне, нягледзячы на бадзёрыя справаздачы і прагнозы міністэрства, вялікія праблемы.

Акрамя таго, Ордаў заўважае, што «на фоне падзення рэальных даходаў насельніцтва аб'ём раздробнага тавараабарачэння перастаў скарачацца». Паводле звестак Расстата, у красавіку абарачэнне раздробнага гандлю за год не паказала ні росту, ні падзення. «Рэтэйлеры адчуваюць нясмелы аптымізм, але, магчыма, гэта прыкмета значна горшага - адсутнасці патэнцыялу для далейшай аптымізацыі выдаткаў грамадзян», - растлумачыў «НГ» эканаміст. Насельніцтву больш няма куды зацягваць паясы.

Узнікае пытанне: наколькі мэта апраўдвае сродкі? Вынікам дасягнення нізкай інфляцыі ў ідэале павінен стаць прыток інвестыцый. Але пакуль інвестыцыйнага буму няма. Інвестыцыі ў асноўны капітал скарачаліся цягам чатырох гадоў - з 2013 года. У пачатку 2017-га інвестыцыйны спад прадаўжаўся аж да таго моманту, пакуль Расстат, які перайшоў пад шэфства Мінэканамразвіцця, не апублікаваў статыстыку за красавік. Расстат нечакана прамінулай датай выявіў рост інвестыцый у першым квартале на 2,3% да першага квартала 2016 года.

Варта ўдакладніць, што сапраўды ў паспяховыя гады на фоне двухзначных паказчыкаў інфляцыі рэальныя даходы насельніцтва таксама раслі больш чым на 10% за год. Цяпер жа рост коштаў запаволіўся, але даходы насельніцтва не проста больш не растуць на 10 і больш адсоткаў, яны сышлі ў глыбокі мінус.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках